Улады Беларусі працягваюць пашыраць літаратурны чорны спіс. На гэты раз пад удар трапілі вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Экстрэмісцкім матэрыялам таксама прызнаная прадмова Язэпа Янушкевіча да выдання збору твораў пісьменніка.
«Інфармацыйная прадукцыя ў выглядзе прадмовы Язэпа Янушкевіча да кнігі, а таксама тэксты твораў „Плывуць вятры“, „Гутарка старога дзеда“, якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай „DUBIA“, кнігі з серыі „Беларускі кнігазбор“ Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі», — паведамляе пракуратура Мінска.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — першы класік новай беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі. Адзін з самых вядомых твораў пісьменніка — камедыя «Пінская шляхта», якая стала прызнаным шэдэўрам беларускай літаратурнай класікі. Разам з кампазітарам Станіславам Манюшкам Дунін-Марцінкевіч таксама стаў стваральнікам першай беларускай оперы і напісаў лібрэта да партытуры «Сялянка». У 2016 годзе ў скверы на плошчы Свабоды ў Мінску з’явіўся помнік творчаму дуэту.
Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку ля Ратушы. Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: беларус ад пачатку і да канца