Пра беларускі нацыянальны характар, бадай, усе ведаюць стандартны набор: талерантныя, законапаслухмяныя, мірныя, спакойныя людзі. Між тым калі зірнуць на беларускія рэаліі, то здаецца, гаворка вядзецца пра нейкіх зусім іншых беларусаў — радыкальных і небясьпечных. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік спрабуе зразумець, дык якія ж мы, беларусы, насамрэч — мірныя людзі альбо тыя яшчэ экстрэмісты. А можа і тое, і тое?
Валера Руселік
Часам лаўлю сябе на думцы, што беларускія навіны ўсё больш нагадваюць нейкі вычварэнскі канструктар: блёкі ў ім адныя і тыясама — папросту штодня іх раскладваюць у крыху зьмененых камбінацыях. Гартаеш стужку навінаў: экстрэмізм-экстрэмізм-экстрэмізм... Там кагосьці пасадзілі за экстрэмізм, тут некага прызналі экстрэмістам, а вось дзесьці яшчэ ўгледзелі экстрэмізм, а той — дык зусім! — фінансаваў экстрэмісцкае фармаваньне!
Урэшце, цяпер вы чытаеце радкі, напісаныя чалавекам, прызнаным лукашыстамі адзінаасобным экстрэмісцкім фармаваньнем, і апублікаваныя на рэсурсе, таксама прызнаным лукашыстамі экстрэмісцкім.
Карацей, куды ні плюнь — суцэльны экстрэмізм. Папросту нейкі «Талібан» у цэнтры Эўропы!
«Талібан» у цэнтры Эўропы — вось толькі насамрэч пад якім сьцягам? Каляж аўтара
Няма, бадай, ілюстрацыяў да гэтай абсурднай сытуацыі, красамоўнейшых за сухія лічбы. Ну што ж. Па стане на 1 лістапада сёлета ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесеныя 6565 матэрыялаў, прычым амаль траціна зь іх — унесеныя сёлета, то-бок за няпоўны 2024-ты год. Яшчэ адна красамоўная лічба: зь 2008-га, калі гэты сьпіс быў створаны, па 2020 гады пералічаныя ў ім матэрыялы займалі 72 старонкі. Сёньня ў гэтым пераліку — каля 1400 старонак. Паўтаруся: за першыя 12 гадоў — 72 старонкі, за апошнія няпоўныя 4 гады — 1400 старонак.
Са жніўня 2020-га да 1 лістапада 2024-га ў Беларусі зарэгістраваныя 21 495 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасьці» (за апошнія 5 гадоў — 22,5 тысячы). За «распаўсюд экстрэмізму» (арт. 19.11 КаАП) прыцягнутыя да адказнасьці 5368 чалавек, зь іх 34 — непаўнагадовыя. У «сьпісе экстрэмістаў» — 4692 прозьвішчы (па стане на 22.11.2024).
Ну як вам «рост экстрэмізму» ў Беларусі за няпоўныя 4 апошнія гады? Уражвае, праўда?
І гэта я яшчэ не згадаў пра «тэрарызм», які квітнее ў афіцыйных паперах і ў судовых выраках ня горш за экстрэмізм. Дадалася і расейская база вышуку, у якой на сёньня — 3500 грамадзянаў Беларусі. Пры гэтым толькі за апошнія паўгода ў яе былі дададзеныя 773 нашых з вамі суайчыньнікаў і суайчыньніц.
Жыць Беларусі ў Беларусі... забаронена: нацыянальны вокліч афіцыйна прызнаны нацысцкім. Фота Максіма Шведа
Ну і як гэта магло стацца? Не было, не было — і раптам цэлая краіна нейкіх экстрэмістаў і тэрарыстаў! То-бок прыхільнікаў радыкальных поглядаў і дзеяньняў, якія да таго ж чыняць гвалт у дачыненьні да іншых. А як жа ж «мы, беларусы, мірныя людзі»? Заўжды ж былі гэткія рахманыя, бязьмежна цярплівыя і законапаслухмяныя! Ці ўжо не?
Адказ на гэтыя натуральныя і лягічныя пытаньні — на паверхні. Дастаткова зірнуць, хто ж трапляе ў гэтыя экстрэмісцкія і тэрарыстычныя сьпісы: пісьменьнікі і музыкі, праваабаронцы, блёгеры і журналісты, грамадзкія актывісты і палітыкі — адным словам, усе тыя, хто хоць неяк і хоць недзе засьвяціўся сваёй актыўнай грамадзянскай і прабеларускай пазыцыяй.
Ну і што гэта, калі не палітычная і нацыянальная зачыстка?
А мы тут сядзім ды галовы ламаем, фармулюем нацыянальную ідэю, шукаем беларускія сэнсы і народныя арыенціры — а яно вунь як усё проста! Любіш Беларусь і хочаш, каб яна была незалежная, дэмакратычная і нацыянальна арыентаваная — усё, ты экстрэміст/тэрарыст! Вось і ўся формула, якая магчымая — хоць забеце мяне, але не пераканаеце ў адваротным! — адно ўва ўмовах акупацыі. Унутранай, гібрыднай, неафіцыйнай — якой заўгодна.
Акупацыі.
Ня верыце? Зайдзеце на сайт Міністэрства інфармацыі і пачытайце там сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў: туды якраз вось толькі-толькі дадалі «Нарысы гісторыі Беларусі» — стаяць першыя ў сьпісе.
Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На першым месцы ў сьпісе — «Нарысы гісторыі Беларусі»
І тут мне раптам падумалася: а што, калі ня ўсё ў тых лукашысцкіх сьпісах — няпраўда? Што, калі беларускае — гэта ня толькі пра мірнае і цярплівае, але і пра здольнае на супраціў, у тым ліку гвалтоўны, са зброяй у руках? Ці ня ў нас, беларусаў, лічы, уся гісторыя — гэта гісторыя змаганьня з акупантамі за сваю незалежнасьць і права быць сабою? І ці ня той, урэшце, хто сее вецер, пажынае буру?
Што калі да беларушчыны, якая на сёньня трывала ўспрымаецца як натуральная эўрапейская і дэмакратычная альтэрнатыва цяперашняму паноўнаму ў краіне рэжыму, дадасца яшчэ адна трывалая рыса? Рыса людзей, гатовых да супраціву — нават самага радыкальнага.
Што тады?
Надпіс «Жыве Беларусь», выкладзены беларускімі добраахвотнікамі з Палка Кастуся Каліноўскага. Фота з сацыяльных сетак
Валера Руселік