Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане анансавала свой чарговы праект. Сёлета гэта будзе супрацоўніцтва з Ivy Plus Libraries Confederation для разбудовы электроннага архіву «Беларуская палітыка і грамадства». Ivy Plus Libraries Confederation яднае бібліятэкі самых прэстыжных унівэрсытэтаў ЗША.
«Мы ўдзячныя амэрыканскім калегам, што крыніцы па найноўшай гісторыі Беларусі будуць зьбірацца і захоўвацца. Мы радыя дадаць свае высілкі да гэтае працы», — пішуць супрацоўнікі Беларускай бібіліятэкі імя Ф. Скарыны.
У гэтую нядзелю, 30 студзеня, у Беларусі адзначаецца Дзень беларускай навукі. У гэты дзень спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання Інстытута беларускай культуры — папярэдніка Акадэміі навук Беларусі.
З гэтае нагоды Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў
Лондане перадае віншаванні калегам у навуковай, культурнай і адукацыйнай сферах працы.
Супрацоўнікі бібліятэкі адрасуюць асаблівыя вітанні тым, хто, нягледзячы на небяспеку, трымаецца праўды і сумлення ў сваёй прафесійнай дзейнасці.
«Мы, вашыя суайчыннікі за мяжой, ганарымся вамі. <...> Мы салідарныя з усімі, хто страціў працу, здароўе, жыллё, свабоду, і хто мусіў пакінуць Беларусь пасля жніўня 2020 г. Прыкра, што гісторыя стваральнікаў і супрацоўнікаў Інбелкульту паўтараецца зноў», — пішуць супрацоўнікі Скарынаўкі і запрашаюць да супрацы даследчыкаў з Беларусі.
«Калі вынікі вашае працы, даследаванняў ці творчасці сёння ў небяспецы, памятайце пра Скарынаўку, якая дзесяцігоддзямі карпатліва збірала і захоўвала тое, што знішчалася ў Савецкай Беларусі. Яна давала даследчыкам доступ да таго, што хавалася ў савецкіх спецхранах. Цяпер ужо новыя пакаленні працягваюць працу, пачатую паваеннай дыяспарай. Мы будзем радыя супрацоўнічаць з усімі даследчыкамі і творцамі, з навуковымі, культурнымі, адукацыйнымі і іншымі асяродкамі дзеля агульнай справы — лепшай будучыні для Беларусі і нашага народу».
Фота Ігара Іванова
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане бярэ свой пачатак ў 1950-60-х гадох. У 1971 годзе яна стала асобнай установай для збору кніг і артэфактаў, датычных Беларусі, і заахвочвання беларусазнаўчых дасьледаванняў.
Пры садзеяньні лонданскай бібліятэкі былі апублікаваныя сотні беларусазнаўчых кніг і артыкулаў на розных мовах свету, сабраны
архіў, створаныя музей і калекцыя твораў беларускага мастацтва. Лонданскі асяродак быў істотным фактарам у развіцці англамоўнага беларусазнаўства ў XX стагоддзі. І ўсё гэта — без дзяржаўнай фінансавай падтрымкі.
Бібліятэка зарэгістраваная ў Англіі як незалежная ад дзяржавы дабрачынная арганізацыя, і кіруецца Апякунскай радай з ліку беларускае дыяспары.