З беларускай драўніны пабудаваная не толькі Рыга, але і палацы ў Брытаніі

Шырокая і павольная Дзвіна на працягу многіх стагоддзяў была гандлёвым шляхам, які злучаў беларускія лясы з портам Рыгі, а праз яго — з усёй Заходняй Еўропай. Апошнія навуковыя даследаванні паказваюць, наколькі беларускі лес быў важным і запатрабаваным нават у такіх аддаленых месцах, як Англія, піша «Наша Ніва».

Litem-chol
Літэм-хол у паўночна-заходняй частцы Англіі, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Беларускі навуковец Максім Ярмохін з Універсітэта Берна (Швейцарыя) разам з гісторыкам Марысам Зундэ з Інстытута гісторыі Латвіі паказалі ў артыкуле ў часопісе Dendrochronologia, што вялікая частка драўніны, вядомай у Еўропе як «рыжская сасна» або «балтыйскі дуб», паходзіла з тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сасна — самы распаўсюджаны від дрэў на тэрыторыі Беларусі. Лясы з дамінаваннем гэтага віду складаюць больш за палову лясоў, што зрабіла яе асноўным будаўнічым матэрыялам яшчэ з глыбокай старажытнасці.

LiesЛясы, у складзе якіх пераважае сасна, складаюць больш за палову ад усіх лясоў на тэрыторыі Беларусі. Фота: Фотаэнцыклапедыя Беларусі

Пачынаючы з XIII стагоддзя, драўніна з тэрыторыі сучаснай Беларусі — не толькі сасна, але і дуб — пачала трапляць у Еўропу, часта пад назвамі «балтыйскі дуб» або «рыжская сасна» (Rigaholt). Такія пазнакі могуць уводзіць у зман, бо яны не абазначалі месца паходжання драўніны, а толькі маршрут яе пастаўкі. Беларуская драўніна сплаўлялася па буйных рэках да Балтыкі: па Нёмане — з заходняй часткі краіны, па Дзвіне — з поўначы і таксама з басейна Дняпра, які ахоплівае паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны Беларусі, а часткова і з тэрыторыі сучасных Расіі ды Украіны. Па Дзвіне беларускі лес сплаўлялі ў Рыгу, адкуль большая яго частка экспартавалася ў Заходнюю Еўропу.

Было вядома, што Беларусь была важным пастаўшчыком драўніны ў порт Рыгі, аднак у большасці даследаванняў гэтая тэма амаль не распрацоўвалася: драўніну згадвалі толькі між іншымі таварамі, якія транспартавалі па Дзвіне, без указання парод, крыніц, аб’ёмаў і маршрутаў паставак.

Krajavid Ryhi
Краявід Рыгі з левага берага Даўгавы. Гравюра 1547 года. Фота: Wikimedia Commons

«Рыжская сасна», значная частка якой паступала з Беларусі, высока цанілася як мачтавы лес — яна мела высокія, прамыя ствалы, сфарміраваныя пры спецыфічных кліматычных умовах: вялікі снежны покрыў узімку і адносна доўгі вегетацыйны сезон. Шатландскі батанік Джон Клодыус Лаўдан (1783–1843) нават апісаў яе як асобную разнавіднасць сасны — var. rigensis (то-бок рыжская).

Паводле гістарычных крыніц, яшчэ ў XIII-XIV стагоддзях амаль уся драўніна паходзіла з тэрыторыі сучаснай Латвіі. Але з XV стагоддзя ў Рыгу пачала трапляць драўніна з Літвы і паўночнай Беларусі. Да XVI стагоддзя драўніна з Беларусі ўжо ў значнай колькасці экспартавалася ў Рыгу. У другой палове стагоддзя пайшла драўніна з басейна Дняпра.

Напрыканцы XVIII стагоддзя драўніну нават здабывалі ў лясах за 1500 км ад Рыгі — у басейне Волгі. Тым не менш розныя гістарычныя запісы паказваюць, што на працягу некалькіх стагоддзяў большасць драўніны, экспартаванай праз порт Рыгі, паходзіла з Беларусі.

Dom Danienšterna ŭ Ryzie
Дом Даненштэрна ў Рызе, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Сведчанні па беларускую драўніну засталіся не толькі ў дакументах па гісторыі гандлю Рыгі, але ў археалагічных знаходках і ў канструкцыйных элементах гістарычных аб’ектаў на тэрыторыі горада. У канцы XX стагоддзя было праведзена дэндрахраналагічнае датаванне вялікіх сасновых перакрыццяў у доме вядомага галандскага гандляра і караблебудаўніка Эрнста Мэц’ю фон Даненштэрна ў Рызе. Выявілася, што Даненштэрн рэгулярна набываў і экспартаваў лес з маёнткаў роду Чартарыйскіх, гэта значыць, з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Навукоўцы выказалі здагадку, што драўніна для рыжскага дома, пабудаванага ў канцы XVII стагоддзя, магла быць нарыхтавана ў беларускіх лясах.

Anhlijski palac Densan-chaus pad Londanam
Англійскі палац Дэнсан-хаус пад Лонданам, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Пры гэтым выявілася, што гадавыя кольцы драўніны з дома Даненштэрна вельмі дакладна супадалі з кольцамі драўніны, якая выкарыстоўвалася ў паладыянскіх англійскіх палацах сярэдзіны XVIII стагоддзя — у Дэнсан-хаусе (Danson House) у лонданскім прыгарадзе Бэкслі і Літэм-холе (Lytham Hall) на паўночна-заходнім узбярэжжы Англіі — за больш як 2000 км ад Рыгі па моры. Абодва будынкі — помнікі 1‑й катэгорыі ў брытанскім рэестры.

У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі была распрацаваная 831‑гадовая дэндрахраналогія для сасны з паўночнай Беларусі, якая дазволіла пацвердзіць ранейшыя здагадкі. Так, рады гадавых кольцаў з дома Даненштэрна вельмі падобныя да тых, што былі выяўлены ў Віцебску і Смаленску. Далейшыя даследаванні паказалі, што прынамсі ў дванаццаці значных гістарычных аб’ектах у Рызе — цэрквах, дамах, умацаваннях і набярэжных — драўляныя канструкцыі найбольш верагодна зроблены з беларускай драўніны.

Каб палепшыць дакладнасць, у беларускую шкалу былі дададзены ўзоры з дома Даненштэрна, пасля чаго вялікае падабенства выявілася і з некалькімі іншымі канструкцый рыжскіх будынкаў канца XVI — пачатку XVIII стагоддзяў: рэшткі будынка на вуліцы Мясніеку, участкі берагоў Даўгавы і Рыдзэнэ, зніклага рукава Даўгавы, а таксама дзве канструкцыі ў Рыжскім саборы.

Kasciol Sviatoha Jakuba ŭ Ryzie
Касцёл Святога Якуба ў Рызе, пры будаўніцтве якога выкарыстоўвалася беларуская драўніна. Фота: Wikimedia Commons

Адна з найбольш ранніх канструкцый з, верагодна, беларускай драўніны датуецца 1397 годам — палевае збудаванне, выяўленае на вуліцы Англіканю. Яшчэ дзве, у тым ліку ў касцёле Святога Якуба і ва ўмацаваннях берага Даўгавы, датуюцца канцом XV стагоддзя. Колькасць такіх аб’ектаў павялічваецца ў наступным стагоддзі, дасягнуўшы піку ў XVI–XVII стагоддзях: сем — XVI стагоддзе, восем — XVII стагоддзе. З канца XVI стагоддзя супадзенне ўзораў рыжскай драўніны максімальна супадае з беларускай дэндрахраналагічнай шкалой.

Такое ж супадзенне паказваюць і ўзоры з брытанскіх арыстакратычных сядзіб сярэдзіны XVIII стагоддзя, што пацвярджае гіпотэзу, што драўніну да іх прывезлі з паўночнай або паўночна-ўсходняй Беларусі.

Plytahony
Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя лес сплаўлялі па беларускіх рэках плытагоны. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Гэты пік супадае са звесткамі гістарычным крыніц. Напрыканцы XVIII стагоддзя экспарт быў настолькі значны, што ў Беларусі пабудавалі тры сістэмы каналаў для злучэння басейна Дняпра з рэкамі, якія ўпадаюць у Балтыку: Дняпроўска-Бугскі (1786), які злучыў Прыпяць і Буг; Агінскі (1783), які злучыў Прыпяць і Нёман, і Бярэзінскі (1805), які злучыў Бярэзіну і Дзвіну. Аднак у сярэдзіне XIX ст. экспарт драўніны па каналах рэзка скараціўся праз вычарпанне высокаякасных лясоў, і сістэмы пачалі занепадаць.

Беларусь стагоддзямі была адной з галоўных крыніц будаўнічага лесу для Рыгі, а праз яе — для гарадоў Заходняй Еўропы. Цяпер, калі ў руках даследчыкаў ёсць доўгая храналогія гадавых кольцаў, навукоўцы не проста могуць паказваць на кірункі гандлю ў мінулыя стагоддзі, а звязваць канкрэтныя помнікі з канкрэтнымі мясцовасцямі, дзе здабываліся будаўнічыя матэрыялы. Гэта ўключае Беларусь у гістарычны кантэкст еўрапейскага гандлю і адкрывае новыя напрамкі даследаванняў.