36 трэкаў — гэта шмат ці не? Гледзячы, на што арыентавацца. Калі артыст не так часта радуе слухачоў новым матэрыялам, то такая колькасць кампазіцый, аб’яднаных адным сэнсам, безумоўна, слухаецца як раскоша. За час працяглага альбомнага зацішша, Лявон Артуравіч паспеў назбіраць новых сэнсаў, рытмаў і рыфм, каб падаць гэта ўсё са сваім адметным стылем пад назвай «Emihranty».
На апошніх акордах лета і кавалку восені мы заяджаем у новую беларускую музычную рэальнасць, дзе спачатку эмігранцкімі вайбамі нас закідвалі рэпер Mandzik, Вектар і гурт Leibоnik, пра чый альбом «ТАМ» мы ўжо пісалі, а цяпер падцягнулася і старая гвардыя ў выглядзе спадара Вольскага.
Але чаму менавіта зараз? А ўсё таму, што пачынаючы з 2020 года, гэтыя пачуцці, думкі і эмоцыі, звязаныя з бадзяннямі па Еўропе і не толькі, пражываліся і збіраліся ў агульны пазл, каб кожны з узгаданых музыкаў мог выбухнуць найбольш якасным матэрыялам. У шчырыя гісторыі людзей з пэўным досведам нам верыцца больш. Такі закон.
Альбому Вольскага з пункту гледжання музычнасці хапае ўсяго: тут мы знойдзем і рок-н-рол, і фолк, і нават шансон. Нічога дадаваць ці выдаляць не трэба, бо гучыць арганічна і ў сваім характэрным стылі.
Тэкстава нічога новага. Месцамі замалёўкі з нібыта тыповых дыялогаў «Саўкі ды Грышкі», размовы з маці, унутраныя пошукі і апісанні блуканняў па свеце. Сапраўдным аматарам творчасці спадара Лявона і олдфагам можа стаць сумнавата ўжо на сярэдзіне альбому. Мне, напрыклад, не хапіла глыбіні метафар, калі браць і параўноўваць з усёй папярэдняй творчасцю легендарнага музыкі.
Агулам альбом зроблены, як хораша падрыхтаваная «дамашка» ў школе. Моцная 4-ка па 5-ці бальнай, не вылучаецца ні наватарствам, ні асаблівай арыгінальнасцю. Тэма з эмігранцтвам актуальная зараз, але як доўга надалей? І ці не абрыдлі падобныя песні жальбы тым, хто адаптуецца да жыцця ў замежжы, знаходзячы пакрысе свой камфортны стан?
На гэтыя і шмат іншых пытанняў вы адкажаце сабе самі пасля праслухоўвання альбома.
Хатні Томпсан, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Што паслухаць, калі наперадзе восень