5 фільмаў пра Эрнэста Хэмінгуэя, якіх вы маглі не бачыць

Роўна 60 гадоў таму, 2 ліпеня 1961 года, пайшоў з жыцця вядомы амерыканскі пісьменнік Эрнэст Мілер Хэмінгуэй.

У дзень памяці гэтага сапраўды культавага аўтара прапануем вашай увазе 5 фільмаў пра яго жыццё, якіх вы маглі не бачыць ці наогул не ведаць. Прапанаваныя стужкі пералічаныя ў храналагічнай паслядоўнасці.



1. «У каханні і на вайне» (1996)

Гісторыя кахання маладога Эрнэста Хэмінгуэя і медсястры Агнэс фон Куроўскі падчас італьянскай кампаніі ў Першай сусветнай вайне. Цяжка паранены амерыканец трапляе ў шпіталь, дзе знаёміцца з прыгажуняй, неўзабаве ў іх завязваюцца рамантычныя стасункі, якія, аднак, не прыводзяць да шчаслівага фіналу. Пазней гэты свой досвед Хэмінгуэй апіша ў рамане «Бывай, зброя!», які прынясе яму сусветную вядомасць.


2. «Поўнач у Парыжы» (2011)

Гэтая стужка Вудзі Алена расказвае гісторыю амерыканскага пісьменніка, нашага сучасніка, Гіла. Разам са сваёй нявестай і яе бацькамі ён прыязджае ў сталіцу Францыі на некалькі дзён.

Гіл — летуценнік і рамантык, які шкадуе, што не нарадзіўся ў 1920-я гады. Яму здаецца, што ён жыве не ў сваім часе і тады, у перыяд «залатога стагоддзя» культуры, быў бы значна шчаслівейшым. Дзякуючы цуду, які здараецца з ім сярод ночы, ён трапляе ў эпоху сваёй мары. Нам гэтая стужка цікавая тым, што ў ёй сустракаюцца персанажы, якіх Хэмінгуэй вывеў на старонках сваёй самай знакамітай кнігі ўспамінаў — «Свята, якое заўжды з табой». Тут і Гертруда Стайн, і Фрэнсіс Скот Фіцджэральд са сваёй жонкай, і Пабла Пікаса, і многія іншыя. Ёсць у кадры, вядома, і сам Хэмінгуэй.

Гэта першы фільм Вудзі Алена, які сабраў у сусветным пракаце больш за 100 мільёнаў даляраў. Ён справядліва лічыцца самым касавым у скарбонцы рэжысёра.

Дарэчы, дзякуючы студыі gavarun.by стужку можна паглядзець у беларускай агучцы на Megogo.

(Каб на Megogo выбраць беларускую мову ў фільме, націсніце на шасцярэньку «Настройки» (унізе плэера, справа) і ў радку «Аудиодорожка» выберыце «Белорусский») 

Эрнест Хемінгуэй: непераможны і легендарны


3. «Хэмінгуэй і Гэлхарн» (2012)

У другой палове 1930-х Эрнест Хемінгуэй кідае сям’ю і выпраўляецца ў Іспанію, дзе палае грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі законнага рэспубліканскага ўраду і мяцежнікамі генерала Франка. Хэмінгуэй, як і многія амерыканцы, абірае бок рэспубліканцаў.

У Іспаніі пісьменнік знаёміцца са знакамітай амерыканскай журналісткай Мартай Гэлхарн, якая неўзабаве стане яго трэцяй жонкай.

Менавіта яна натхніла яго на напісанне рамана «Па кім звоніць звон»


4. «Папа: Хэмінгуэй на Кубе» (2015)

У 1959 годзе малады журналіст з Маямі выпраўляецца ў Гавану, каб сустрэцца там з Эрнэстам Хэмінгуэем. А тым часам на Кубе рэвалюцыя дасягае апагею...

Гэта цалкам рэальная гісторыя, якая расказвае не толькі і не столькі пра сумесную рыбалку вядомага пісьменніка і маладога журналіста, але і пра няпростыя адносіны прызнанага класіка з новымі камуністычнымі ўладамі. Бо, як мы ведаем, ужо праз год ён канчаткова з’едзе з выспы. Дарэчы, гэта першы галівудскі фільм, які быў зняты на Кубе з 1959 года.

На жаль, у перакладзе або з субтытрамі гэты фільм вельмі складана знайсці ў сеціве. Затое можна паглядзець яго ў арыгінале і папрактыкавацца ў веданні англійскай мовы.


5. «Хэмінгуэй» (2021)

Шасцігадзінны дакументальны фільм, які складаецца з трох серый і быў прэзентаваны ў красавіку гэтага года.

Стваральнікі стужкі з медыцынскай дакладнасцю даследуюць жыццё і творчасць Эрнэста Хэмінгуэя, аддзяляючы рэальныя факты ад выдумак і разбіраючы папулярныя міфы пра жыццё пісьменніка.

Падчас прагляду гэтага серыяла можна адкрыць многа цікавостак не толькі пра постаць Хэмінгуэя, але і агулам пра амерыканскую культуру і літаратуру ХХ стагоддзя.

КК