Беларускія і эстонскія арганізацыі грамадскай супольнасці накіравалі зварот да Урада Эстоніі ў сувязі з увядзеннем у гэтай краіне ў сакавіку гэтага года шэрагу абмежаванняў, датычных грамадзян Беларусі, незалежна ад іх палітычных поглядаў і грамадска-значнай дзейнасці.
У прыватнасці гаворка ідзе пра прыпыненне прыёму хадайніцтваў ад грамадзян Беларусі на атрыманне статусу электронных рэзідэнтаў, значныя візавыя, адукацыйныя абмежаванні, абмежаванні на працу, у тым ліку для высокакваліфікаваных спецыялістаў. Вядучыя ВНУ Эстоніі зачынілі свае дзверы для беларускай моладзі. Акрамя таго, у сакавіку гэтага года стала вядома, што на грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны і не атрымалі ў гэтай краіне міжнароднай абароны, не распаўсюджваецца дзеянне часовай абароны ў Эстоніі.
Аўтары звароту выказваюць занепакоенасць у сувязі з гэтымі абмежаваннямі і звяртаюць ўвагу на тое, што гэтыя рашэнні прымаліся без уліку меркавання дэмакратычных палітычных цэнтраў Беларусі і арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія падпісалі зварот, адзначаюць, што ў Беларусі пасля падзеяў 2020 года дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз затрыманні і нечалавечыя ўмовы ўтрымання, больш за тысячу чалавек па-ранейшаму за кратамі і прызнаныя палітычнымі вязнямі. Фактычна «людзі ў Беларусі застаюцца закладнікамі, падвяргаюцца катаванням і рэпрэсіям і дапамагчы ім можа толькі кансалідаваная пазіцыя дэмакратычных сіл».
На думку аўтараў звароту, на гэтым фоне захады Эстонскага Урада можна трактаваць як падтрымку рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у адносінах да беларускіх грамадзянскіх актывістаў.
«Спадзяемся, што прынятыя рашэнні з’яўляюцца следствам недастатковага разумення сітуацыі ў Беларусі, а магчыма, проста непаразуменнем», — адзначаецца ў звароце.
Аўтары звароту лічаць важным стварэнне рэальнага механізма, дзе эфектыўна працуе сістэма ўзаемадзеяння дзяржаўных структур, міжнародных і грамадскіх арганізацый. «Такі падыход, — адзначаецца ў звароце, — ужо на працягу доўгага часу паспяхова працуе ў Літоўскай Рэспубліцы, дзе дзяржаўныя органы сумесна з міжнароднымі і грамадскімі арганізацыямі Літвы і Беларусі вырашаюць праблему рэлакацыі, верыфікацыі, падтрымкі прадстаўнікоў трэцяга сектару Беларусі, людзей, якія сапраўды пацярпелі ад рэпрэсій».
«Мы спадзяемся, — пішуць аўтары звароту, — што вашая прыхільнасць да прынцыпаў дэмакратыі з’яўляецца цвёрдай і непарушнай, і што разам мы зможам выбудаваць эфектыўную сістэму ўзаемадзеяння так, каб тыя актывісты, на якіх абрынуліся рэпрэсіі за сваю дзейнасць у Беларусі, маглі бяспечна жыць і працаваць у вашай цудоўнай краіне».
Пад зваротам падпісаліся 20 грамадскіх арганізацый.
Тэкст звароту цалкам можна прачытаць па спасылцы па-ангельску, па-эстонску, па-беларуску ці па-руску.