Еўрапейскае кафэ: адкрытыя лекцыі пра сучаснае мастацтва

18.04.2012 Афіша

Мастацтва па-за «музеем»: паміж эстэтычным і вострасацыяльным

У другой палове ХХ стагоддзя мастацтву становіцца цесна ў музеях, і яно пачынае асвойваць вуліцы, плошчы, паркі, платы і сцены будынкаў. Скульптура, усталяваная ў гарадскую прастору, графіці, што раздражняе мінакоў ці, наадварот, ўпрыгожвае горад, перфоманс як мастацкі альбо грамадзянскі жэст – пакідаючы сцены галерэй, мастацтва дазваляе нам па-новаму ўбачыць самыя розныя прасторы: прыродную, сацыяльную, культурную, публічную, прыватную. Прапаноўваючы новы погляд, яно як бы падрывае гэтыя прасторы знутры, выяўляючы новыя структуры, суб’екты і практыкі сумеснага жыцця.

З перспектывы гісторыі мастацтваў Таццяна Арцімовіч прадставіць шэраг праектаў замежных і беларускіх мастакоў, якія працуюць з рознымі формамі паблік арта: гарадскія інсталяцыі Хрысто і Канстанціна Селіханава, лэнд-арт Роберта Смітсана, графіці Бэнксі, акцыі Нікаласа Урыбуру і Міхаіла Гуліна і іншых. А Вольга Шпарага, абапіраючыся на філасофскія даследванні прасторы, публічнасці, сацыяльнага і палітычнага, прапануе разгорнутыя каментарыі да мастацтвазнаўчых інтэрпрэтацыяў гэтых прац.

28 красавіка, субота, 15-00
Кальяная № 1 (вул. Карла Маркса, 33)

Уваход вольны па папярэднім запісе – 8-029-3592360