Роўна 75 гадоў таму, улетку 1944-га, на нашых землях разварочвалася аперацыя “Баграціён”: агонь, попел, сыход немцаў і прыход саветаў, “партызанскі парад” у Мінску… Такая карціна неаднойчы ўжо мільгала ў кінематографе, прозе, школьных падручніках. Але ці ўсё так проста?
Рэч у тым, што ад таго самага “партызанскага парада” ў разбуранай беларускай сталіцы ажно да сёлетняга парада 3 ліпеня з забойчымі ў прамым сэнсе салютамі мы бачым толькі адзін бок медалю з двума гульцамі. Ясна, што гаворка пра “нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ды “савецкіх вызваліцеляў”. А дзе ж тут беларусы?
Эпізодам вясны-лета 1944-га, што цалкам выпаў з нацыянальнай памяці, з’яўляецца вялізная хваля эміграцыі нашых суайчыннікаў на Захад, якую інакш як біблейскімі катэгорыямі акрэсліць нельга: гэта “Вялікі выхад”, альбо Exodus. З той толькі розніцай, што старадаўнія габрэі, паводле Старога Запавету, пакідалі чужую зямлю Егіпта, якая была для іх няволяй, а беларусы-ўцекачы – родны край, паняволены чарговым “вызваліцелем” (захопнік жа ніколі не называе сябе захопнікам – усе спрэс “вызваліцелі”).
У савецкіх падручніках ды агітках, што друкаваліся ў БССР, адступленне немцаў ды іх “памагатых” заўжды малявалася ў трагікамічных формах. Нічога новага выдумляць не было патрэбы, бо тыя ж прыёмы ўжо выкарыстоўваліся, каб пляжыць белаэмігрантаў: ад Керанскага, які нібыта збег у жаночай сукні, да ўсёй палітры булгакаўскай п’есы “Бег”. Адно што тут замест жаночых сукняў “памагатым” дамалёўваліся распіханыя па кішэнях залатыя зубы ахвяраў з гета… Хто мог адступаць услед за немцамі? Правільна, тыя, у каго рукі па локаць у крыві. А калі немцы – “нелюдзі”, то іхныя памагатыя – яшчэ горшыя пачвары! Вычварная логіка часу.
У кнізе “Дарога” Івонкі Сурвілы ёсць кранальны эпізод: калі разам з бацькамі яны пакідалі Радзіму, дык з асабістых рэчаў узялі толькі пару фота родзічаў ды падручнік па гісторыі “Беларусь учора і сяньня” Найдзюка і Касяка, выдадзены ў часы нямецкага панавання. Гэтую кнігу, як піша пані Івонка, у сям’і было прынята чытаць і перачытваць, рупліва берагчы. Рэліквія і да сёння захоўваецца ў сям’і старшыні Рады БНР.
Вось яна, чарговая паралель: рэліквія, якую можна пранесці хоць праз пустыню (якой тады і падавалася спустошаная вайной Еўропа), хоць праз увесь свет – гэта кніга, слова, запавет. Не золата ў выглядзе, крый Божа, вырваных у ахвяраў каронак або старых царскіх чырвонцаў, каб адліць пасля сваё “залатое цяля”, але ж кнігу. Вокладка – каўчэг, змесціва – скрыжалі запавету. Магчыма, таму недзе на берагах Гудзона ці Сены кожнае беларускае слова нашы эмігранты і лічылі святым, што сёння нам падаецца часам ажно занадта наіўным і пафасным, нібы старэчыя забабоны пра калядную куццю і дванаццаць страваў на святочным стале.
Выданне, створанае паваеннай эміграцыяй ў 1949 годзе Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА)
Што б ні казалі пра паваенную Беларусь са шматтысячнымі накладамі Купалы і Коласа, Брыля і Шамякіна, але ў той рэальнасці ніхто дзяцей у БССР ужо Янкамі ды Кастусямі, Рагнедамі ды Прадславамі не называў. Не было такога – і ўсё. А называлі акурат падчас дзвюх першых хваляў беларусізацыі ды пазней, у эміграцыі. Атрымліваецца, што ДНК беларушчыны проста перавандраваў, нібы перад надыходам ледавіка, каб захавацца ў больш цёплых краях. А на Бацькаўшчыне проста заледзянеў, каб адтаяць толькі ў гады гарбачоўскай адлігі.
Той момант, што пазней шмат каму атрымалася зрабіць выдатную кар’еру – архітэктара, лекара, інжынера, журналіста, перакладчыка, – персанальная заслуга гэтых людзей, а не “бонус ад Дзярждэпа”. Проста загартаваныя ў цяжкіх умовах матываваныя людзі здольныя выкараскацца ў свеце канкурэнцыі ды выкшталтаваць сябе, як скульптар робіць твор мастацтва з вільготнага камяка гліны. І тут наступнае пытанне: жылі б сабе і жылі, якая ім справа да Беларусі? Якая там БНР? Навошта сцягі, кнігі, паштоўкі, значкі ў Лондане ці Таронта?
Такая логіка хутчэй нагадвае логіку эмігрантаў “галодных” 1990-х або “эканамічных” уцекачоў. Прыехаў – зарабіў – асіміляваўся. І забыўся на Беларусь як на страшны сон. Але эмігранты паваеннай хвалі аказаліся зусім іншай субстанцыяй. Калі працу “Радыё вызваленне” ў Мадрыдзе, якая забяспечвалася за кошт унутраных складак (так, дарэчы, сёння не працуе аніводная беларуская палітычная партыя – ніхто не скідваецца ні на офісы, ні на прадукцыю), яшчэ можна лічыць нейкай “палітычнай інтрыгай”, то як быць з дапамогай дзецям-чарнобыльцам?
Так атрымалася, што на момант Чарнобыльскай катастрофы хлопчыкі і дзяўчаты, што з’ехалі з Беларусі перад наступам Чырвонай арміі, ужо падраслі ды мелі свае рахункі ў банках. Самі, на жаль, банкірамі не былі, але тое-сёе мелі ў гаманцы. І вырашылі дапамагчы. Напрыклад, арганізатара дабрачыннага фонду “Дзеці Чарнобыля” за акіян упершыню запрасіў доктар Барыс Рагуля, той, які паводле савецкіх падручнікаў быў “катам-забойцам”. Айцец Аляксандр Надсан, колішні сябар “прафашысцкага” СБМ, збіраў для пацярпелых дзетак дапамогу ў Вялікабрытаніі.
Айцец Аляксандар Надсан
Не памылюся, калі скажу, што і масавага вывазу нашых дзетак на лячэнне на Захад без лабіявання і грошай беларускай дыяспары альбо не было б, альбо маштабы атрымаліся б нашмат сціплейшыя. Так і атрымліваецца: нашчадкі партызанаў у высокіх кабінетах Мінска замоўчвалі трагедыю, хавалі наступствы і марудзілі з вывазам людзей з забруджаных тэрыторыяў, а нашчадкі тых, каго пляжылі як “фашыстаў”, адгукнуліся.
Зрэшты, гэта той выпадак, калі трагедыя мае і іншы бок: разам з сабой яны вынеслі і частку Беларусі: не ў выглядзе матэрыяльных каштоўнасцяў, а ў выглядзе тых самых нацыянальных скрыжаляў, скарбаў слова і культуры. Вынеслі, каб захаваць і вярнуць свайму краю ў адпаведны момант. Для іх Беларусь не мела межаў, бо сталася “тэрыторыяй духу”.
Мы памятаем. І мы ўдзячныя.
Алесь Кіркевіч, budzma.org