«Ежы Гедройць і беларускае мысленне» — лекцыя Ігара Бабкова ў межах X сезону прэміі Гедройця

9 верасня а 19.00 адбудзецца першая анлайн-лекцыя ў межах сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця. Філосаф Ігар Бабкоў паразважае аб тым, як фігура Гедройця паўплывала і працягвае ўплываць на беларускае мысленне.


Babkoŭ.jpg

Ежы Гедройць і яго парыская «Культура» дасюль застаюцца адным з самых важных люстэркаў і выклікаў для беларускіх творцаў. І хаця ён сымбалічна вярнуўся ў горад свайго нараджэння (вуліца і літаратурная прэмія), ягоны канцэптуальны набытак усё яшчэ чакае нашай увагі.

Ігар Бабкоў — філосаф, паэт, празаік, гісторык ідэй. Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук (2003), дацэнт. Дырэктар-заснавальнік і прафесар Беларускага Калегіюма. Галоўны рэдактар часопіса «Абдзіраловіч».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Solus Rex» (1986), «Герой вайны за празрыстасьць» (1998), «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб» (2009), рамана «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» (2001), гісторыка-філасофскага даследавання «Філасофія Яна Снядэцкага» (2002), кнігі эсэ «Каралеўства Беларусь: вытлумачэньні ру(і)наў» (2005) і празаічных кніг «Хвілінка. Тры гісторыі» (2013) (пераможца прэміі Гедройця 2014 года) і «Хвілінка. Другая кніга» (2017).

Лекцыя пройдзе анлайн. Далучыцца да прагляду можна ў чацвер (9 верасня) а 19.00 на youtube-канале ПЭНа па спасылцы.

Паводле прэс-рэлізу