Таямнічы манаскі ордэн быў створаны ў 1540 годзе. Першапачаткова ў яго склад уваходзілі ўсяго 7 чалавек. Сярод іх былі і легендарныя Ігнацый Лаёла і Францішак Ксаверы. У хуткім часе першыя езуіты з’явіліся і на тэрыторыі сучаснай Беларусі — у Вялікім Княстве Літоўскім. Давайце зірнём на іх дзейнасць ды даведаемся, які ўнёсак зрабілі езуіты ў развіццё адукацыі і культуры на беларускіх землях. Дарэчы, а ці ведалі вы, што езуіты і сёння служаць у Беларусі?
Малюнак касцёла святога Стэфана ў Полацку. Напалеон Орда
Коратка пра стварэнне
У 1534 годзе, на свята Унебаўзяцця, Ігнацый Лаёла і яго шэсць паплечнікаў сабраліся ў капліцы Сэн-Дэні на Манмартры ў Парыжы і прынялі абяцанні беднасці, цноты і пілігрымкі ў Святую Зямлю. Калі гэтае падарожжа сталася б немагчымым, яны паабяцалі ахвяраваць сябе на службу Папу Рымскаму.
Невялікая група мужчын адправілася ў Італію пасля сканчэння рэлігійнага навучання. Яны спадзяваліся паехаць у Ерусалім. Але вайна ў Міжземным моры ўнесла свае карэктывы, і замест пілігрымкі мужчыны вярнуліся ў Рым, дзе прапанавалі свае паслугі Папу Паўлу III.
У Рыме яны служылі бедным, навучалі дзяцей і былі «там, дзе была найбольшая патрэба». Папа Павал III у 1540 годзе зацвердзіў іх новы ордэн — Таварыства Езуса. Езуіты першапачаткова не мелі сваіх касцёлаў. Акрамя таго, яны прынялі ўнікальнае чацвёртае манаскае абяцанне наўпроставага паслушэнства Папу Рымскаму.
Калі ў адказ на пратэстанцкую Рэфармацыю ўспыхнула Контррэфармацыя, езуіты сталі вырашальнай сілай у адраджэнні каталіцтва. Яны адстойвалі вучэнне Касцёла, супрацьстаялі пратэстанцкім уплывам і працавалі над адукацыяй як духавенства, так і свецкіх.
Езуіты пад кіраўніцтвам Ігнацыя Лаёлы адчынялі школы, калегіумы і семінарыі. Яны стварылі сетку навучальных устаноў па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Акрамя таго, езуіты сталі выдатнымі місіянерамі. Яны падарожнічалі па новых землях, каб распаўсюджваць Евангелле. Святы Францішак Ксаверы, да прыкладу, скіраваўся ажно ў Японію. Менавіта ў гонар гэтага езуіта, дарэчы, названы катэдральны касцёл у Гародні.
Езуіты ў ВКЛ
Пры кіраванні Стэфана Баторыя, у 1569 годзе, віленскі каталіцкі біскуп Валяр’ян Пратасевіч запрасіў у Вялікае Княства Літоўскае 13 прадстаўнікоў Ордэна. Ужо праз год колькасць езуітаў на нашых землях павялічылася да 300 чалавек. Сярод іх былі місіянеры, багасловы, прапаведнікі, пісьменнікі. Езуіты заснавалі два ўніверсітэцкія цэнтры — Віленскую Акадэмію, якая дзейнічала ў 1579-1773 гадах, і пазней — Полацкую.
Канспект вучня езуіцкага калегіума. Фота: wikipedia
Як распавядала Галіна Кавальчук, выдатны спецыяліст па езуітах Наваградка, старэйшы навуковы супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музея, упершыню ў Наваградак езуіты прыехалі з Нясвіжа і ў 1626 годзе заснавалі тут сваю місію. У перыяд з 1631 па 1714 гады ў горадзе ўжо дзейнічала рэзідэнцыя езуітаў. Уладанні езуітаў хутка павялічваліся, многія заможныя шляхціцы давалі ахвяраванні на іх дзейнасць.
Сапраўдны ўздым навагрудскіх езуітаў прыйшоўся на першую палову ХVІІІ стагоддзя. У 1705 годзе пры кляштары быў створаны канвікт (інтэрнат, пансіён пры навучальнай установе езуітаў) для заможных выхаванцаў, адкрытая першая ў горадзе аптэка, пабудаваны касцёл.
Калегіумы
Калегіум — гэта тыповая навучальная ўстанова езуітаў, у якіх навучаліся хлопчыкі прыблізна 10-17 гадоў. Калі вам часам падавалася, што раней дзеці (ды і дарослыя) навучаліся на нейкім прымітыўным узроўні, дык гэта толькі ілюзія. Да прыкладу, у вышэйшых класах вывучаліся этыка, мараль, філасофія і багаслоўе, фізіка, матэматыка. Выкладанне прадметаў вялося на лацінскай мове, і для яе ўдасканальвання выхаванцы павінны былі размаўляць паміж сабой на латыні не толькі ў калегіуме, але і па-за яго межамі.
У 1580 годзе быў адкрыты Полацкі езуіцкі калегіум — першая сярэдняя навучальная ўстанова ордэна на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1584 годзе такая ўстанова з’явілася і ў Нясвіжы. Пазней калегіумы адчыніліся ў Берасці, Наваградку, Менску, Жодзішках, Горадні, Віцебску, Магілёве і некаторых іншых гарадах.
Касцёл і езуіцкі калегіум у Віцебску. Архіўнае фота
Гісторык Аркадзь Цеплякоў падкрэсліваў, што значная колькасць студэнтаў акадэміі былі ўласна беларусамі. Вывучаючы спісы езуіцкіх калегіумаў, можна з лёгкасцю заўважыць, што больш за палову вучняў былі рускага (Ruthenus) паходжання. Усходняя суседка Вялікага Княства Літоўскага называлася тады «Moscovia» і панятак «Ruthenia» да яе не адносіўся. Але сярод студэнтаў былі таксама і маскоўцы, якіх менавіта так і акрэслівалі ў езуіцкіх школьных рэестрах.
Віленскія выданні за 1760 год пісалі, што «ў Наваградку прафесар філасофіі мясцовай школы дэманстраваў прысутным розныя фізічныя прыборы парыжскай ювелірнай працы. З аптычных прыбораў быў выстаўлены ангельскі мікраскоп з чатырма лінзамі, кожная з іх паказвала нябачных воку насякомых, што плавалі ў вадзе». Калегіум у Навагрудку быў адкрыты ў 1714 годзе і дзейнічаў да 1773 года.
Уладзіслаў Сыракомля ў паэме «Школьныя часы» піша: «Нашых дзядоў сьцябалi старыя езуiты, нашых бацькоў секлi айцы пiяры, а мы паспыталi базылiянскай розгi цi цьвёрдай дамiнiканскай дысцыплiны. Але няхай за гэтыя розгi ўшануюць iх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалi, калi было за што, але i любілі яны дзяцей сардэчна i шчыра, старанна настаўлялi iх у навуцы i веры i строга пiльнавалi мараль — шмат каго дала нашаму краю iх уважлiвая апека».
Паводле гісторыка Галіны Кавальчук, раней езуіты будавалі свае храмы толькі ў стылі барока. Яны былі пышна ўпрыгожаныя ўсярэдзіне і звонку.
Езуіцкі рынак у Полацку. Малюнак: Дз. Струкаў
Арганы
Даследчыца Ірына Назіна піша: «Ha Бeлapyci нaвyчaннe iгpы нa apгaнe aдбывaлacя ў шкoлax пpы кacцёлax i мaнacтыpax. 3 мэтaй пacтaяннa пaпaўняць склад cлyжкaў людзьмi, якiя б yмeлi нe тoлькi чытaць, aлe i cпявaць, i гpaць нa poзныx мyзычныx iнcтpyментax, y тым лiкy i нa apгaнax, eзyiты, пaчынaючы з кaнцa XVI cтaгoддзя, aдкpывaлi мyзычныя бypcы.
У ix пpымaлi звычайна мyзычнa aдopaныx cялянcкix дзяцeй. Haвyчaннe былo бяcплaтным, aлe зa пpaвa навучацца бypcaкi пaвiнны былi выcтyпaць y кaпэлax, якiя aбcлyгoўвaлi pэлiгiйныя aбpaды i цыpымoнii. У кaнцы XVI cтaгoддзя бypcы icнaвaлi ў Пoлaцкy, Hяcвiжы, пaзнeй — y Оpшы».
Канец і новы пачатак
Драматычнай старонкай у гісторыі Ордэна, несумненна, з’яўляецца яго ліквідацыя ў 1773 годзе і наступнае аднаўленне ў 1814. У 1759 годзе дзейнасць езуітаў была забароненая ў Партугаліі, у 1764 — у Францыі, у 1767 — у Іспаніі і ў Сіцыліі. Было вядома, што Папа Рымскі Клімент XIII збіраецца 3 лютага 1769 года абвесціць рашэнне аб роспуску Ордэна езуітаў, але ў ноч перад гэтым ён раптоўна памёр. Наступны Пантыфік, Клімент XIV, нягледзячы на актыўныя захады пераканаць яго ў адсутнасці сур’ёзных падставаў для такога рашэння, усе ж падпісаў 21 ліпеня 1773 года булу аб забароне дзейнасці «Таварыства Езуса».
Але на тэрыторыі сучаснай Беларусі езуіты працягвалі сваю працу і падчас афіцыйнай забароны Ордэну. Акурат за год да забароны адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай, і нашы ўсходнія землі былі захопленыя Расійскай імперыяй. Далей адбылася нечаканая гісторыя. Цягам некалькіх месяцаў жыхары захопленых тэрыторый мусілі скласці прысягу на вернасць Кацярыне ІІ.
Каталіцкае і грэка-каталіцкае (уніяцкае) духавенства адмаўлялася гэта рабіць, і тут езуіты сталі, бадай што, першымі, хто прысягнуў расійскаму рэжыму. Прычына досыць банальная: той самы Ордэн быў забаронены ў Расіі з 1719 года, і пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе яны павінны былі пакінуць тыя тэрыторыі, дзе запанаваў «расійскі мядзведзь». Езуіты згулялі на апярэджванне і (як сёння можа падавацца) ліслівасцю выгандлявалі сабе права працягнуць сваю дзейнасць.
Полацк становіцца сусветным цэнтрам езуітаў, асабліва пасля таго, як у 1779 годзе Прусія апошняй (не ўлічваючы Расійскую імперыю) забараняе іх дзейнасць.
Да нас дайшлі некалькі выказванняў пра езуітаў асобы, якая знішчыла Вялікае Княства Літоўскае і ўсю Рэч Паспалітую, Кацярыны ІІ. Гісторык Васіль Шайкоў прыводзіць яе словы: «Вы за гэтымі езуітамі найболей глядзець маеце, бо яны найкаварнейшыя з усіх іншых лацінскіх ордэнаў».
І ў іншым месцы: «Трэба прызнацца, што гэтыя ашуканцы — выдатныя людзі. Нідзе яшчэ не змаглі зрабіць што-небудзь падобнае да іх школ. Я была ў іх сёння раніцай (у Полацку ў 1780 годзе — заўвага аўтара), слухала «Те Deum laudamus» і наведала іх хаты. Там поўная весялосць. Учора, заязджаючы сюды, я была здзіўленая пышнасцю іх прадстаўнічасці. Усе астатнія каталіцкія ордэны свінні ў параўнанні з імі. Адно толькі, што гэтыя людзі не скачуць».
Пад кіраўніцтвам езуітаў у Полацку дзейнічалі два тэатры — тэатр акадэміі і тэатр канвікта. У апошнім быў іншамоўны рэпертуар — «галоўным чынам французскі, лацінскі, часам італьянскі», — сцвярджае даследчык Уладзімір Чарота.
Езуіцкі калегіум у Полацку рабіў спробы дамагчыся ад расійскіх уладаў дазволу аб стварэнні на яго базе вышэйшай навучальнай установы — езуіцкай Акадэміі. Урэшце гэта атрымалася. Аднак на першы погляд станоўчая рэакцыя ў хуткім часе пацягнула за сабой поўную забарону Ордэна ў імперыі. У дзень адкрыцця езуіцкай ВНУ, 10 чэрвеня 1812 года, у іншым месцы імперыі французскі амбасадар перадаў міністру замежных спраў Расіі ноту аб абвяшчэнні вайны.
У гэты самы час Папа Рымскі быў па сутнасці ў палоне ў Напалеона пад Парыжам. Па вяртанні ў Рым Пій VII выдае дакумент аб аднаўленні дзейнасці езуіцкага ордэна. А гэта вырывала ў пецярбургскіх уладароў кіраванне езуітамі. Іх дзейнасць зноў стала легальнай ва ўсім свеце.
Расійскі імператар паслядоўна выдае шэраг загадаў, што вельмі абмяжоўваюць любую і дзейнасць езуітаў. Пачынаючы з таго, што ў полацкай езуіцкай акадэміі было забаронена навучацца ўніятам і праваслаўным.
13 сакавіка 1820 года Аляксандар I падпісаў указ аб высылцы езуітаў з Расіі. Полацкую акадэмію і падначаленыя ёй навучальныя ўстановы прадпісвалася зачыніць.
Пасля перапынку ў стагоддзе, у міжваенны перыяд (1921-1939), езуіты вярнуліся на заходнія беларускія землі і распачалі працу ў некаторых касцёлах, якія раней належалі ордэну. Пасля вайны на тэрыторыі Беларусі працаваў толькі адзін езуіт — ксёндз Юзаф Марсангер.
Ксёндз-езуіт Юзэф Марсангер. Фрагмент аўтабіяграфіі за 1947 год. Архіўнае фота
Езуіты ў сучаснай Беларусі
Нагадаем, ордэн езуітаў з’явіўся як выклік Рэфармацыі. А што сёння? Мы звярнуліся да сучаснага рэфармата, царкоўнага гісторыка і навучэнца семінарыі Змітра Хведарука з просьбай ацаніць дачыненне пратэстанцтва ў Беларусі з каталіцтвам, у тым ліку езуіцкім ордэнам:
«Я б адзначыў, што цярпімасць і талерантнасць і сталася адным з пладоў рэфармацыі. Фактычна свецкая дзяржава з верхавенствам закона і ўвасобіла рэфарматарскі погляд на сутнасць свецкай улады, аддзеленай ад царквы. Адначасова і царквы, незалежнай ад дзяржаўнага кіравання. Таму фактычна свецкая дзяржава сёння абяцае гарантыі свабоды сумлення і пропаведзі. Для пратэстантаў і для каталікоў.
Адзінае, трэба адзначыць, што «мірнае суіснаванне» сёння мяне ў пэўнай ступені бянтэжыць. Не, не таму, што Ліга каталіцкіх дзяржаў не пачынае Трыццацігадовую вайну супраць пратэстантаў. Альбо не таму, што пратэстанты не наносяць «удар у адказ». Але таму, што гэта хутчэй кажа пра абыякавае стаўленне да ісціны і хрысціянскіх дактрынаў. Бо мы фактычна не назіраем у нашай краіне годных дыскусій, канфрантацыі і спрэчак».
Сёння езуітаў можна сустрэць у Віцебску, дзе служаць адразу некалькі братоў.
А самым знакамітым езуітам нашага часу з’яўляецца Хорхэ Марыё Бэргольё, які ў 2013 годзе быў абраны Папам Рымскім і ўзяў новае імя — Францішак.
Павал Хадзінскі, budzma.org