Беларусы адчуваюць сваю залежнасць ад мабільных прыладаў, але ставяцца да гэтага па-рознаму. Блогер Кабанаў, школьнік Рома, паэт Віктар Сямашка і псіхолаг Павел Зыгмантовіч разважаюць пра новую з’яву – фабінг.

Досыць звыклая сітуацыя. 5-гадовае дзіця не можа есці без уключанага планшэта. Дзеткам малодшых класаў у “прадлёнцы” сама настаўніца выдумляе жывыя гульні, каб адцягнуць іх увагу ад тэлефонаў. Сябры-падлеткі ў двары сядзяць адно супраць аднаго ды вывучаюць новы дадатак да смартфонаў. Хлопец з дзяўчынай на спатканні ў кавярні ў чаканні афіцыянта засяроджана глядзяць у мабільнік – кожны ў свой. Старыя ўніверсітэцкія сябры сустрэліся праз некалькі гадоў пагутарыць, але размова не ідзе, адзін праглядае стужку “УКантакце”, другі у Facebook. Такія паводзіны з нядаўняга часу атрымалі назву. Яна ўтвораная ад дзвюх ангельскіх словаў “phone” і “snubbing” – “фабінг”. “Тэлефонаігнараванне”, калі літаральна. Гэта звычка чалавека аддаваць перавагу мабільнай прыладзе, а не жывым стасункам. Паводле афіцыйных звестак, колькасць абанентаў сотавай сувязі ў Беларусі перавысіла 11 мільёнаў – на 100 жыхароў краіны прыходзіцца 115 абанентаў (гэта таму, што некаторыя маюць па дзве сім-карткі). Колькасць зыходных MMS ад беларусаў летась склала 7,7 мільёна, а SMS – 1, 5 мільярда. Ясна, што колькасць пакінутых каментароў і пастоў у сеціве падлічыць проста немагчыма.
![]()

Асаблівую вядомасць яму прынёс ролік з удзелам тагачаснага намесніка міністра Андрэя Тура. Яго называюць лідарам думак у беларускім сеціве і народным ньюсмэйкерам. Цяпер у Андрэя iPhone 5s, якому ён аддае 98% свайго вольнага часу. У Facebook у яго пад 5000 сяброў, за суткі ён у сярэднім робіць больш за 50 пастоў. “Калі я размаўляю з людзьмі, то тэлефон заўжды побач, у правай руцэ. Калі размова цікавая і праскокваюць цікавыя думкі, то запошчваю. Калі думкі чужыя, стаўлю капірайт. Вядома ж, калі важная размова, то не магу адцягваць увагу на тэлефон. А пры сустрэчах са знаёмымі і сябрамі ўсё залежыць ад абставінаў і наяўнасці wi-fi. Калі ён ёсць, то, як правіла, 99% сяброў таксама тупяць у дэвайсах”. Пытаюся ці нармальная сітуацыя, калі сядзяць чатыры сябры за півам і кожны тупіць у свой дэвайс. “Так. Час такі, электроніка развіваецца і ўносіць свае карэктывы ў соцыум, пяць гадоў таму такога павальнага “злоўжывання” не было. Лічу, што на чалавечых адносінах гэта пакуль не адбіваецца. Калі дэвайсы залезуць у зносіны пад коўдраю, то гэта будзе піпец”.
Андрэй прызнае сябе залежным ад свайго тэлефона. І нічога жахлівага ў гэтым не бачыць: “Свет эвалюцыянуе і дэградуе адначасова. Стасункі з дапамогай тэлефона эканомяць час, паперу, паліва і гэтак далей. Гэта немагчыма забараніць, і трэба лічыцца з гэтым, незалежна ад таго, падабаецца яно табе ці не. Калі прырода гэта стварыла, значыць, гэта патрэбна было. Свядома кажу “прырода”, а не “людзі”. Мае бацькі ў свой час таксама не зусім разумелі, чаму я не здымаю навушнікаў, а ўсе свае кішэнныя грошы аддаю на бабіны да магнітафона. Нашыя дзеці выдадуць праз 10-15 гадоў нам такіх піздз…лёў, што мы афігеем!”.
![]()
Першы мабільнік яму падаравалі бацькі, калі ён пайшоў у першы клас. Тады ён гуляў на пераменках у немудрагелістыя гульні, цяпер практычна ўсю яго ўвагу займае сацсетка “УКантакце”, з якой ён дазнаецца пра ўсе навіны, слухае музыку, глядзіць прыкольныя ролікі і карцінкі, перапісваецца з сябрамі ды часам знаёміцца з дзяўчатамі. На іншыя сайты Рома практычна не ходзіць, нават мэйла не мае – няма патрэбы. Робіць у сярэднім 20 пастоў на дзень, пераважна гэта рэпосты чужых думак, створаныя ўжо кімсьці ролікі і дэматыватары. “Мне цікава пачытаць, што пішуць іншыя. Не скажу, што я настолькі захоплены тэлефонам, што ахвярую сяброўскімі адносінамі, не. Пераважна бяруся за яго, калі застаюся ў адзіноце. І ў жывых, і ў віртуальных стасунках ёсць недахопы. Я ўсё ж аддаю перавагу жывым, але не заўжды так выходзіць. У сетцы лягчэй стасавацца, бо ты маеш безліч часу на тое, каб слушна і талкова сфармуляваць думку, а вось жывую размову трэба пастаянна падтрымліваць, што часам вельмі складана. А так мне падабаюцца абодва спосабы”.

Раман кажа, што людзі яго ўзросту ўжо ўсведамляюць, што ёсць такая праблема. Асабліва гэта было заўважна на адным са школьных святаў, калі ў актавай зале сабралі вучняў усёй яго паралелі. Паказвалі тэатралізаваную дзею, падрыхтаваную малодшымі класамі. Большасць гледачоў на сцэну нават не зірнула, занурыўшыся ў свае тэлефоны. “Калі ты ў коле сваіх сяброў, пра тэлефон варта згадваць толькі пры пільнай патрэбе. Ды і наогул трэба імкнуцца да жывых адносінаў, бо калі ты ўвесь час толькі сядзіш у сетках, гуляеш у гульні на планшэце ці займаешся інтэрнэт-сёрфінгам, то можаш забыць, як выглядаюць твае сябры. Бо не ў кожнага ж з іх фоткі ёсць на аватарках”.
![]()
У 34-гадовага музыкі, паэта і журналіста Віктара Сямашкі дагэтуль няма мабільнага тэлефона і акаўнтаў “УКантакце” ды Facebook.Калі ён прызначае сустрэчу, то старамодна разлічвае на пунктуальнасць і адказнасць запрошанага, для сувязі карыстаецца стацыянарным тэлефонам і электроннай поштай і не саромеецца прызнацца, што не ўмее пісаць SMS. “Усе гаджэты абмінулі мяне. У пачатку нулявых мне было брыдка глядзець на сівых дзядзек, якія рэзка здзяцініліся, пачаўшы гуляцца з “сотавымі” цацкамі, мяняць мадэлі штотыдзень ды мерацца, у каго круцейшы. Гэта адразу адбіла ў мяне ўсялякае жаданне карыстацца гэтым. А цяпер мне смешна глядзець на людзей, якія пры сустрэчы спачатку фоткаюць адно аднаго, а толькі потым вітаюцца. У мене няма патрэбы ў няспыннай камунікацыі. Стасункаў і так больш чым дастаткова. Наадварот, хочацца больш цішыні і спакою, засяроджанасці. Мне прыемней пагуляць паўдня па лесе, чым імпэтна абмяркоўваць з кімсьці нейкія пытанні. Я не хачу траціць каштоўны час на інфантыльныя гульні, прагляд фотак ці кіно, разменьваць уласны ўнутраны дыялог на каменты ды лайкі. Я хачу, наколькі гэта мажліва, быць свабодным, па-за сеткай. Тым больш што мабільны тэлефон, як, напрыклад, выявілася пасля Плошчы-2010, – гэта не толькі сродак сувязі, але і сродак сачэння за асобай. Калі памятаеце, аператары дружна здалі ўладам усіх абанентаў, якія былі тады ў цэнтры падзеяў. Я ўпэўніўся, што за прывабнай рэкламай з цяжка зразумелымі і быццам бы абсалютна бясплатнымі тарыфамі і “прадуктамі” хаваецца звярыны твар заклапочанага нажывай гандляра”.

Віктар разумее ўсю прывабнасць таго ж фэйсбука: ён нібы ўласная газета, якую можна напаўняць сваёй інфармацыяй. Наклад яе адпавядае колькасці сяброў, яе можна выкарыстоўваць як сродак самарэкламы і самалюбавання. Але карыстацца ім не хоча. “Напісаць можна што заўгодна, а прамовіць у твар – далёка не ўсё. Слова павіннае гучаць, а не шыфравацца. Але я ні ў якім разе не супраць гаджэтаў і сацсетак. Цаню арганізацыйныя магчымасці апошніх. Проста ўсё мусіць быць з розумам і ў меру. Не выключаю, што неўзабаве дарослыя нагуляюцца ў цацкі, і камунікацыйны шум асядзе”. Двухгадовы сын Віці, тым не менш, часта падносіць далоньку да вуха ды пачынае гутарыць з умоўным суразмоўцам. Тата яму нічога забараняць у будучыні не збіраецца. Галоўным ён лічыць проста падаць уласны прыклад.
![]()
Спецыяліст у чалавечых адносінах, псіхолаг Павел Зыгмантовіч адносна новую з’яву фабінгу разглядае як стымул да чалавечага самаўдасканалення.“Па-першае, гэта непрыемна – калі чалавек падчас размовы глядзіць не на цябе, а ў экран тэлефона. Больш за тое, гэта парушэнне этыкету. Аднак ёсць і “па-другое”. Чаму людзі глядзяць у экраны? Таму што там больш цікавага. Можна скардзіцца на гэта, а можна падумаць, як зрабіць размову больш цікавай. Так бы мовіць, павышаць сваю канкурэнтаздольнасць, быць больш цікавым, чым мабільная прылада. Ёсць куды рухацца!”
![]()
Летась з ініцыятывы аўстралійца Алекса Хейга паўстаў рух “Стоп-фабінг”, які пакрысе распаўсюджваецца ў свеце. Мэта актывістаў не ў змаганні з сецівам і вытворцамі гаджэтаў, а ў даследаванні сітуацыі і прапагандаванні думкі, што лепш за жывыя стасункі нічога не можа быць. Падобная ініцыятыва паўстала і ў Беларусі.
![]()
Сяргей Будкін