Аляксандра Сітнікава разважае на budzma.org пра тое, як падзел на сіні і ружовы шкодзіць нашаму жыццю.
Нягледзячы на тое, што ўяўленні пра жыццё чалавека паступова пазбаўляюцца жорсткіх рамак і думак пра нармальнасць і ненармальнасць, заяўляць аб устанаўленні паўсюднай роўнасці яшчэ немагчыма. Сёння прынята гаварыць аб ужо чацвёртай хвалі фемінізму. І за болей чым стагадовую гісторыю руху якія толькі ўяўленні пра яго не складваліся ў грамадстве, што толькі не ўваходзіць у яго павестку, колькі розных напрамкаў ёсць у сучаснага фемінізму. Але прадстаўніцы ўсіх іх сыходзяцца ў адным: фемінізм – гэта рух не за раўнапраўе, а за правы жанчын, і разбірацца з праблемамі мужчын – задача не іхняя. Некаторых мужчын (звычайна тых, якія водзяцца ў каментарах пад допісамі ў інтэрнэце) такі расклад надзвычай непакоіць, і яны заклікаюць феміністак падумаць пра прызыўную армію, законы, паводле якіх дзіця з найбольшай імавернасцю застанецца з маці, і гэтак далей. Рэакцыяй на заявы пра роўныя правы ў такіх мужчын часта бываюць перабольшванні з разраду “калі роўныя правы, значыць цябе можна біць” або “калі вы хочаце раўнапраўя, то чаму не ідзяце ў шахты”. Але такія клішаваныя ўжо заявы можна ўспрымаць як чарговы доказ таго, што сэксізм існуе: каб прэтэндаваць на такія ж правы, трэба быць як мужчына.
Пад сэксізмам варта разумець розныя формы прыгнёту па прыкмеце пола. Патрыярхат – гэта сістэма, у якой усё, што ўспрымаецца як мужчынскае і асацыюецца з мужчынамі, – гэта добра, а ўсё, што асацыюецца з жанчынамі і жаночым, – кепска. Такія азначэнні вельмі ўмоўныя, бо растлумачыць іх адным сказам практычна немагчыма, але сутнасць іх у тым, што дыскрымінацыя па гендарнай прыкмеце – гэта сістэмная з’ява, якая пранізвае ўсе сферы жыцця грамадства. З пункту гледжання сацыялогіі любая сістэма дыскрымінацыі грунтуецца на дзвюх сацыяльных групах, якія аказваюцца ў супрацьлеглым становішчы – прыгнечаныя і прыгнятальнікі. У сістэме дыскрымінацыі, якую мы называем сэксізмам, прыгнечанай з’яўляецца група “жанчыны”, а прыгнятальнікамі – група “мужчыны”. Такім чынам, выкарыстоўваць тэрмін “сэксізм” для абазначэння розных праблем у жыцці мужчын некарэктна. Гэта тая самая стрэлачка, якая не паварочваецца. Але пачакайце злавацца, паважаныя мужчыны. Дадзены тэзіс не адмаўляе праблем, з якімі вы сутыкаецеся праз гендарныя стэрэатыпы.
Гэтыя стэрэатыпы заснаваныя на ролях, прынятых у патрыярхаце. Паводле гэтай сістэмы мужчыны паўстаюць як “базавы пол”, а жанчыны – як “іншы”. Мужчына павінен быць рацыянальным, моцным і жорсткім, да таго ж выяўляць гэта знешне, зарабляць грошы для сям’і, не праяўляць эмоцый, “заваёўваць” жанчыну і мець высокае лібіда. Жанчына, адпаведна, павінная быць слабай, займацца хатняй гаспадаркай, кіравацца больш эмоцыямі, чым розумам, не праяўляць ініцыятывы ні ў стасунках, ні ў працы. Відавочна, што такія ролі абмяжоўваюць не толькі жанчын, але і мужчын, замацоўваючы вельмі канкрэтны сацыяльна правільны вобраз. Статыстычна вядома, што мужчыны у сярэднім маюць меншую працягласць жыцця, чым жанчыны. І гэта шмат у чым абумоўленае сацыяльнымі ўяўленнямі пра “сапраўднага мужчыну”, якія называюцца таксічнай маскуліннасцю.
Мужчыны надаюць свайму здароўю значна менш увагі, больш уцягнутыя ў небяспечныя віды спорту і дзейнасці ўвогуле, а таксама часцей, чым жанчыны, здзяйсняюць самагубствы. Ідучы за ідэаламі таксічнай маскуліннасці, мужчыны ўспрымаюць зварот да доктара і тым болей да псіхолага ці псіхатэрапеўта як праяву недапушчальнай слабасці, яны схільныя трываць боль і хаваць свае пачуцці. Адпаведна, не маючы здаровых спосабаў спраўляцца са сваімі эмоцыямі, мужчыны часцей звяртаюцца да алкаголю, курэння і наркотыкаў. Да таго ж неразвітая эмацыйнасць і эмпатыя ў мужчын заўважна перашкаджаюць і пабудове стасункаў. Адрозненні ў характарах мужчын і жанчын часцей за ўсё абумоўленыя індывідуальнасцю і гендарнай сацыялізацыяй, а не полам, таму стэрэатып пра Марс і Венеру не зусім апраўданы. У пачатку мы не іншапланетнікі, але нас выхоўваюць як іншапланетнікаў, пачынаючы ледзь не з колеру першых пялюшак. Пабудаваць здаровыя стасункі вельмі складана, калі з першай сустрэчы глядзець на чалавека праз прызму таго, якім ён мусіць быць паводле ўяўленняў грамадства. Давайце створым у галаве зацяганую ў медыя карцінку, на якой мужчына і жанчына збіраюцца на спатканне. Па-першае, ён запрашае яе. Па-іншаму быць не можа. Ёй трэба выглядаць як мага лепш, прайсці праз шмат працэдур удасканальвання сваёй знешнасці. Для яго гэта ўсё неабавязкова. У канцы паўстае пытанне, якое таксама часта хвалюе мужчын: хто будзе плаціць у кавярні? Спробу жанчыны заплаціць за сябе некаторыя прыхільнікі традыцыйнай маскуліннасці ўспрымаюць як абразу. Такім чынам, мужчына дэманструе сваю ініцыятыўнасць і плацежаздольнасць, а жанчына – знешнюю прыгажосць.
Падыходзячы да стасункаў з пэўнымі чаканнямі, людзі быццам намагаюцца пабудаваць сям’ю не з чалавекам, а з наборам функцый. Адсюль у жанчын з’яўляецца “другая змена” – праца па гаспадарцы, якой мужчыны грэбуюць. А ад мужчыны, адпаведна, патрабуецца, нягледзячы на схільнасці, цікавасці і жаданні, знайсці працу, на якой ён будзе зарабляць шмат. Уяўленні пра традыцыйна “мужчынскія” і “жаночыя” прафесіі, хобі і сферы цікавасцяў абодвум палам аднолькава перашкаджаюць рэалізоўвацца і разумець адно аднаго.
Увогуле, у кожнай сям’і гэты побытавы парадак мусіць выбудоўвацца па дамоўленасці. Але поўная фінансавая залежнасць у стасунках з’яўляецца адным з фактараў рызыкі хатняга гвалту. Мужчыны, якія падтрымліваюць уяўленні пра “сапраўднага”, увогуле болей схільныя да агрэсіі і гвалту.
Акрамя гэтага сярод праблем мужчын найчасцей згадваюцца прызыўнае войска, замацаваны ў заканадаўстве вышэйшы пенсійны ўзрост. У Беларусі мужчыны падвяргаюцца смяротнаму пакаранню, а жанчыны – не. Дарэчы, крыміналізаванасць і мілітарызм таксама шмат у чым завязаныя на ідэалах таксічнай маскуліннасці, рэсурсах сілы і ўлады. Але называць гэта праяўленнем сэксізму немагчыма, бо гэтыя сістэмы і законы прыдумваюцца не жанчынамі.
Пачакайце, але ж жанчыны таксама чакаюць, што за іх заплацяць на першым спатканні і патрабуюць быць “сапраўдным мужчынам”! Сапраўды так. Нягледзячы на тое, што сістэма дыскрымінацыі скіраваная з аднаго пола на іншы, усе людзі ў грамадстве прамаўляюць і рэалізоўваюць гендарныя стэрэатыпы. Сутнасць якраз у тым, што гэта агульная праблема. І мужчынам, і жанчынам шкодзіць гэтая сістэма.
Варта вярнуцца да пачатку тэксту і сказаць яшчэ колькі словаў пра феміністак, якія ненавідзяць мужчын. Згадайце ўсё, што было апісана раней: мужчыны праз сваю сацыялізацыю больш схільныя да гвалту і агрэсіі. Таму нянавісць жанчын да мужчын – з’ява рэакцыйная. Вядома, не ўсе мужчыны такія. Але адрозніваць “такіх” ад “ не такіх” па твары мы яшчэ не навучыліся. Таму баяцца мужчын для жанчыны нармальна: заціскаць ключы ў руцэ, вяртаючыся дадому позна, адмаўляцца ад сустрэч у закрытых прасторах і гэтак далей. Як кажуць у інтэрнэце, мужчыны, ідучы на спатканне ўсляпую, баяцца, што да іх прыйдзе непрыгожая дзяўчына. Жанчыны, ідучы на спатканне ўсляпую, баяцца, што іх заб’юць.
Нягледзячы на тое, што нянавісць да мужчын можна зразумець, у ідэальным грамадстве, да якога мы ўсе імкнёмся, да кожнага чалавека будуць ставіцца паважліва і камунікаваць з ім адпаведна таму, як ён праяўляе сябе. А паколькі праблемы мужчын і жанчын, як высвятляецца, маюць адзін корань, то, магчыма, усеагульная павага і роўнасць тым бліжэйшыя, чым больш людзей гэта разумее.
Аляксандра Сітнікава, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!