Аліна Бялова ў межах праекту “Маё права” паразмаўляла з Аляксандрам Жучковым, мадэратарам праекту «Тата-школа» ў Барысаве пра праблемы выхавання дзяцей мужчынамі і стэрыятыпы ў нашым грамадстве.
Любыя стэрэатыпы перашкаджаюць развіццю. Напрыклад, такі, што выхаваннем дзяцей павінная займацца жанчына, «захавальніца сямейнага ачагу», а роля ў гэтым мужчыны — другасная. Мы шмат чуем пра «маці-адзіночак» і «шматдзетных маці», але не чуем пра «шматдзетных татаў». Нават ордэн ёсць — «маці-гераіня». А хто-небудзь чуў пра ордэн «тата-герой»?
Але ўжо 10 гадоў у Беларусі існуе і працуе праект «Тата-школа». Гэта групы для татаў, зацікаўленых ва ўдзеле ў выхаванні сваіх дзяцей. Мужчыны, якія хутка стануць татамі, ці маладыя бацькі збіраюцца разам, дзеляцца досведам, атрымліваюць новыя веды адзін ад аднаго, абмяркоўваюць рэальныя праблемы. З 2013 года рэалізацыяй праекта займаецца РДГА «Клуб ільвоў». «Тата-школы» працуюць у розных гарадах Беларусі на базе цэнтраў сацыяльнай дапамогі насельніцтву.
Аляксандр Жучкоў на дыскусіі ў Круглым. Фота – Зарыны Кандрацьевай
Адзін з мадэратараў такіх групаў Аляксандр Жучкоў з Барысава таксама ламае стэрэатыпы. Ён ужо не «малады бацька», а дзед. Дзед, які задумаўся, як яму ўдзельнічаць у выхаванні унукаў.
— Я далучыўся ў да праекта ў 2016 годзе, дамовіўся з Цэнтрам сацыяльнай дапамогі пра памяшканне для сустрэчаў. Група набіраецца ў асноўным праз жаночыя кансультацыі. Мадэратары, якія прайшлі навучанне, ідуць у жаночую кансультацыю і прэзентуюць жанчынам «тата-школу». У Барысаве таксама дзве жаночыя кансультацыі, і я збіраў групы праз іх.
— Ці не дзіўна збіраць татаў праз жаночыя кансультацыі?
— Рэч у тым, што таты нідзе спецыяльна не збіраюцца! А тут часам мужчыны прыходзяць у жаночыя кансультацыі разам з жанчынамі. Мы скіраваныя на татаў, якія чакаюць нараджэння дзіцяці ці хочуць у большай ступені далучыцца да адказнага бацькоўства. У іх узнікаюць пытанні па выхаванні, асабліва калі дзіця першае. І тады якраз жаданне татаў атрымаць адказы на пытанні па выхаванні дзетак большая.
Гэта, у прынцыпе, сусветная практыка. Калі ўсё пачыналася гадоў 50 таму ў Швецыі, яны таксама дзейнічалі праз моладзевыя арганізацыі і жаночыя кансультацыі. Такія «тата-школы» акрамя Швецыі, наколькі я ведаю, існуюць у Беларусі і ва Украіне. У нас быў экспертам адзін прадстаўнік украінскай арганізацыі — дык яны самі згуртаваліся. Мужчыны зразумелі, што ў выхаванні дзетак ім нечага не хапае, самарганізаваліся і потым даведаліся пра шведскі праект і далучыліся да міжнароднай супольнасці.
— Атрымліваецца, у жанчын ёсць жаночыя кансультацыі, а ў татаў нібыта нічога і няма?
— На лекцыі ў жаночыя кансультацыі прыходзяць і жанчыны, і мужчыны. І калі жанчын, напрыклад, 30, то татаў — максімум пяць. Яны прыходзяць паслухаць педыятраў, спецыялістаў пра дзіцячым выхаванні. І калі я абзвоньваў мужчын (на кансультацыях я пускаў спіс па ўдзельніках сустрэчы, яны давалі свае тэлефоны) і жанчын. Я ўспамінаю сваю першую групу — амаль усе мужчыны прыйшлі па падказцы, па накіраванні жонак, можна так сказаць. Нават пра школу мадэратараў я таксама даведаўся праз жаночую арганізацыю.
Задайцеся пытаннем: «Хто нас вучыць быць татам?» Жанчынам чытаюць лекцыі ў жаночых кансультацыях, нешта раскажа маці, бабуля, жанчыны пра гэта размаўляюць паміж сабою… Мне больш за 60 гадоў, і я не памятаю, каб працэнт мужчынскіх размоў пра дзяцей і іх выхаванне быў вялікі. І калі мяне ніхто не вучыў быць татам, то я падумаў, што калі далучуся да «тата-школы», то даведаюся нешта новае, і гэта дапаможа стаць добрым дзедам.
— Як працуе «тата-школа»?
— «Тата-школа», хаця і называецца «школай», — гэта ніякае не навучанне. Мы проста сустракаемся, гаворым пра выхаванне дзетак, пра адказнае бацькоўства, пра праблемы, што ўзнікаюць у сям’і і з нараджэннем дзіцяці, і ў далейшым. Два асноўныя прынцыпы — не біць дзетак і ўсе пытанні вырашаць шляхам перамоў і кампрамісаў.
На нашых мужчынскіх сустрэчах таксама чытаюць лекцыі сямейныя псіхолагі, педыятры, іншыя спецыялісты. Мне шмат што стала зразумела, што я не так рабіў у сваім жыцці. Дый увогуле, я толькі ў 40 гадоў даведаўся, што, каб размаўляць з дзіцем, трэба прысесці на ўзровень яго росту! А ў нас на сустрэчах такія моманты ўзнікаюць у размовах адразу.
Фота — Аляксандра Кісялёва
— Мне падалося, што «Тата-школа» — гэта больш нефармальны клуб па інтарэсах, які змушае татаў больш увагі надаваць дзецям, больш з імі гуляць, на што звычайна ў таты не стае часу. Нават нібыта ёсць летнікі, куды не дапускаюцца мамы — каб з дзіцем бавіў час выключна тата…
— Прымусам нічога добрага ніколі не атрымлівалася. Але зазвычай чым часцей з чалавекам сустракаешся, тым больш хочаш з ім стасавацца. Тое ж самае ў выхаванні дзетак — калі тата гуляе з дзіцем, больш стасуецца, больш бавіць часу, у таты і ўзнікае жаданне рабіць гэта часцей. Узнікае больш інтарэсу да свайго дзіцяці. Я гэта бачу нават па сваіх унуках і па тым, наколькі мне сумна без іх.
Мы праводзім і супольныя сустрэчы, у нас здараюцца, асабліва летам, выезды, на якіх мы збіраемся сем’ямі — на іх бывае да 150 чалавек. Думаю, тата-школа паспрыяе таму, што ў выхаванні дзетак на роўных будуць удзельнічаць і мужчыны, і жанчыны.
Я быў усёй сям’ёй — з жонкай, з дзецьмі, унукамі. У летніках для татаў з дзеткамі праводзяцца і сумесныя заняткі, і асобна, і для дзетак, і для татаў. Псіхолагі, якія працуюць у гэтых групах, дзеляцца ўражаннямі з татамі пра іх дзетак. Некаторыя мадэратары, успамінаючы гэты час, нават кажуць, што за тры-чатыры дні летніка яны даведаліся пра сваіх дзетак болей, чым за гады старэйшага дзіцяці. Так што гэтыя летнікі і нашыя сустрэчы вельмі карысныя для мужчын, таму што проста звяртаюць увагу на тое, над чым мужчыны звычайна не задумваюцца.
— Наколькі небяспечны стэрэатып пра тое, што «выхаванне дзяцей — справа жаночая»?
— Сям’я — гэта пара: мужчына і жанчына. Гэта як птушка з двума крыламі. Калі ў выхаванні дзетак удзельнічае толькі адзін чалавек — птушка ляціць з падбітым крылом. У сям’і бываюць і хлопчыкі, і дзяўчынкі. І ўплыў і маці і бацькі на хлопчыкаў і дзяўчынак аднолькавы. Адкуль можа хлопчык даведацца, як паводзіць сябе з жанчынамі, як не стасуючыся з маці ці з сястрой? Адкуль можа дзяўчынка даведацца, як стасавацца з хлопчыкамі, як не праз узаемаадносіны з татам ці братам? А калі браціка ў яе няма, хто ёй падкажа, акрамя таты?
І гэта пачынаецца не тады, калі дзіця ідзе ў школу ці збіраецца замуж альбо жаніцца. Гэта трэба рабіць з пялюшак. А цяпер высветлілася, што дзіця чуе нават ва ўлонні маці, — то і раней за пялюшкі трэба рабіць! Тата павінен далучацца да выхавання дзетак з моманту зачацця!
Фота – Зарыны Кандрацьевай
— Калі зазвычай кажуць пра сем’і і іх праблемы, гавораць, напрыклад, пра «адзінокіх маці» ці «шматдзетных маці». А вось дзе «шматдзетны тата»? Чаму мужчыны выпадаюць з гэтага кантэксту?
— Гэта стэрэатып грамадства. Пры скасаванні шлюбу каму зазвычай аддаюць дзетак? Маці. Гэта стэрэатып, што маці выхавае дзіця лепш, чым тата. Існуе нават арганізацыя разведзеных мужчын, якія змагаюцца за свае правы…
Але грамадства, існуючы ў такіх сваіх стэрэатыпах, таксама ўплывае на нашае выхаванне. Сто гадоў таму мужчына займаўся цяжкай фізічнай працай, жанчына дома гадавала дзетак. Сёння амаль няма такой працы, якую з дапамогай тэхнікі не могуць выканаць абое — як жанчына, так і мужчына. Няма падзелу. 70% насельніцтва жыве ў гарадах, і сёння мужчына не косіць, не цягае ваду, цяжкую фізічную працу яму дапамагаюць рабіць машыны. Цяпер ніхто ўжо не здзіўляецца жанчыне-дальнабойніцы ці кіроўцы аўтобуса.
І ў выхаванні павінна быць тое самае, што і ў працы. Але ўсё роўна захоўваецца стэрэатып у грамадства, што выхаванне дзетак — у асноўным жаночая справа. Паглядзіце на нашыя школы ці дзіцячыя садкі: працэнт мужчын вельмі малы. Але сто гадоў таму настаўнікамі ў школах працавалі пераважна мужчыны!
У сям’і, як і ў грамадстве, таксама павіннае быць раўнапраўе.
Фота – ex-press.by
— Калі мы ўжо закранулі «адзінокіх татаў», ці ёсць для іх нейкая асаблівая праграма, размовы з псіхолагамі ці нешта падобнае?
— Разумееце, праблемы таты, адзінокі ён ці не — адны і тыя ж. «Адзінокі тата» нават больш стасуецца з дзеткамі, таму што ён адзін. Я думаю, у любога таты ёсць маці, сёстры, цёткі, якія могуць дапамагчы яму ў разуменні жаночых праблем. Але выхаванне дзетак усё адно павінна быць раўнапраўным.
Калі мы сустракаемся, таты кажуць не толькі пра праблемы ў выхаванні дзетак, але і пра праблемы ў сям’і, ва ўзаемаадносінах. І паколькі мы выступаем за раўнапраўе, то праблемы вырашаюцца шляхам абмеркавання, абмену жыццёвым досведам. Таму гэтыя стасункі дапамагаюць у тым ліку ва ўзаемаадносінах у сям’і. А паколькі ў сям’і ў дзяцей двое бацькоў, у выхаванні дзетак павінныя аднолькава ўдзельнічаць і тата, і мама.
Мы нават даем хатнія заданні: пагаварыць з жонкай пра тыя ці іншыя моманты у жыцці, пра узаемаадносіны з бацькамі, пра ўплыў дзядулі і бабулі на выхаванне дзетак. Усе гэтыя моманты ў жыцці ўзнікаюць… Сапраўды, «тата-школа» — гэта збольшага мужчынскі клуб. Але на ўсе сустрэчы і карпаратывы, якія мы праводзім у межах тата-школы, мы ходзім разам, сем’ямі.
— «Тата-школы» спрыяюць гэтаму раўнапраўю?
— Да гэтага ідзе грамадства — я бачу, колькі цяпер татаў гуляе на вуліцы з дзеткамі. Ужо ламаецца стэрэатып, што гэта толькі жаночая справа. Падзелу працы на «жаночую» і «мужчынскую» ў грамадстве асабліва ўжо няма. І ў сям’і гэтаксама павінна быць.
Больш пра «тата-школы» можна даведацца на сайце papa-school.by
Аліна Бялова, budzma.by
Фота з архіву Аляксандра Жучкова
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!