Першы фэст у гонар šaltibarščiai (даслоўна з літоўскай — халодны боршч) ці халадніку зладзілі на некалькіх пляцоўках Вільні. Чым адрозніваецца беларускі халаднік ад літоўскага і як прайшоў Pink Soup Fest, расказваем і паказваем у нашым фотарэпартажы.
Страва — агульная для рэгіёну, але з варыяцыямі ў прыгатаванні. Šaltibarščiai гатуецца толькі на кіслым малацэ, якое, зразумела, зараз замяніў кефір. Адмысловы кефір для халадніку — у яго тлустасць да 5% — зараз, у летнюю спёку, найбольш папулярны прадукт у мясцовых крамах.
Беларускі халаднік можа рабіцца і на вадзе — у яго дадаецца смятана перад спажываннем. У заходніх рэгіёнах халаднік на кефіры часта называюць менавіта халаднік літоўскі.
У бестсэлеры знакамітай Вінцэнты Завадскай «Kucharka litewska», што выйшла ў Вільні ў 1852 годзе, апісана мноства халаднікоў — ягадных, з буракоў і шчаўя, на вадзе ці на кіслым малацэ. Польскія халаднікі даволі моцна адрозніваюцца — могуць рабіцца з бацвіння на булёне з ялавічыны з бураковым квасам.
Але самыя папулярныя і галоўныя складнікі рэгіянальных халаднікоў — бурак, варанае яйка, зеляніна. Менавіта такія персанажы і хадзілі па Вільні 10 чэрвеня — адбою ад жадаючых сфатагравацца з «жывым» пачкам кефіру ці паловай варанага яйка не было.
«Самая прыгожая гісторыя кахання ў свеце? Не, гэта не Рамэа і Джульета. Гаворка ідзе пра каханне літоўцаў да халоднага баршчу. Ружовы, свежы, крэмавы... Гэта не проста суп — гэта лад жыцця», — такую прадмову зрабілі арганізатары першага Віленскга фэсту халоднага баршчу.
Усяго ўдзел у фэсце прынялі калі 90 партнёраў — гэта віленскія кавярні, кафэ, гатэлі, бары і крамы. Абавязковы ружовы колер і адмысловыя прапановы ў меню. Нават каву, дэсэрты і марозіва можна было знайсці з адценнем смаку šaltibarščiai.
Галоўнай дзеяй фэсту былі катанні з горкі ля Ужупісу (Бастыён Вільні), што сімвалізавала рэчку халадніку — добра, пагоркі ў Вільні ёсць паўсюль. Абавязковая ўмова для ўдзельнікаў: нешта ружовае ў адзенні ці нават пафарбаваныя ў ружовы колер валасы, гатоўнасць прамокнуць у пене і вадзе.
Сярод удзельнікаў — смелыя з Літвы, Польшчы, Нарвегіі, ЗША, Швецыі, Ізраілю ды Індыі. Беларусаў у конкурсе з трамлінам, які завяршаўся ва ўмоўным рондалі з халадніком, заўважана не было. Але яны сустракаліся на вялізным фуд-корце — сярод халаднікоў на любы густ.
Тут жа на рынку Tymo дэманстраваўся рэкордна вялікі рондаль халадніку і прайшоў конкурс на прыгатаванне самага вострага šaltibarščiai.
Прасоўванне стравы як турыстычнага прадукту, папулярызацыя нацыянальнага ў сваім грамадстве, проста вясёлае і смачнае свята — цікавы досвед, які ў будучыні будзе карысным і беларусам.
Чытайце яшчэ:
Рыгор Сапежынскі, budzma.org