Аргкамітэт Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! прэзентуе адукацыйную праграму Вялікага фестывальнага дня, які пройдзе 5 ліпеня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры Ёханэса Раў (IBB).
Адукацыйная праграма сёлетняга фестывалю будзе надзвычай цікавай і насычанай. Свае майстар-класы правядуць прадстаўнікі вядучых беларускіх кампаній і рэкламных агенцтваў. Праграма пачнецца а 10-й гадзіне.
У стартавім дакладзе Анастасія Залеская, вядучы спецыяліст па маркетынгу і PR праекту RABOTA.TUT.BY, распавядзе пра тое, хто ж такі канкурэнтны маркетолаг, і як правільна прадаваць сябе як спецыяліста ў Беларусі. Падчас прэзентацыі Анастасія адкажа на пытанні: “Каго шукаюць у маркетынгу?”, “Колькі каштуе спецыяліст у сферы Маркетынг/Рэклама/PR?”, “Як знайсці выдатную працу?”.
Дызайнеры інтэрактыўнага агенцтва Red Graphic Юра Шуст і Захар Шлімакоў раскажуць пра тое, як ствараць інтэрактыўныя праекты. Чаму і як яны атрымліваюцца менавіта такімі з візуальнага пункту гледжання, якім чынам трэба будаваць сваю працу, дзе шукаць натхненне ‑ вось некаторыя пытанні, на якія паспрабуюць адказаць выступоўцы. Не абыдзецца таксама без фірмовых жартаў і падарункаў, якія не варта абмінуць.
Крэатыўны дырэктар рэкламнага агенцтва Forte Grey Андрэй Халецкі абазначыў тэму свайго выступу як “Не гавары мне гавару”. Удзельнікі майстар-класу паспрабуюць знайсці баланс паміж мультыкультурнасцю і лакальнасцю ў рэкламе, адказаць на пытанне як выкарыстаць нацыянальную мову і лакальную вобразную сістэму для дыферэнцыяцыі камунікацыі брэнду.
Дырэктарка агенцтва візуальных камунікацый AVC Вольга Алейнік распавядзе ўдзельнікам фестывалю пра эвалюцыю візуальных камунікацыяў. У яе выступе будуць акрэслены тэндэнцыі,сувязі, залежнасці, зыбкія крытэры ацэнкі дызайну брэнду і прадукту і іншае цікавае.
Павел Дзядкоў, крэатыўны дырэктар Студыі спецпраектаў PRKVADRAT раскажа пра свой досвед: як традыцыйная рэклама перастала быць традыцыйнай, і да чаго digital давядзе стары-добры BTL
Напрыканцы праграмы вядомы беларускі дызайнер, партнёр кампаніі 495Design (Беларусь, Расія) Васіль Андрэеў на прыкладзе дызайну ўпаковак розных краінаў правядзе бліц-дыскусію аб важнасці альбо няважнасці выкарыстання ў дызайне ўпакоўкі мовы, прызнанай дзяржаўнай.
Пасля заканчэння адукацыйнай праграмы адбудзецца прэс-канферэнцыя старшынь, сябраў журы і партнёраў Фестывалю, а потым цырымонія узнагароджвання пераможцаў Фестывалю AD.NAK!
Нагадаем, што удзел у адукацыйнай праграме БЯСПЛАТНЫ, але каб узяць удзел у ёй неабходна прайсці рэгістрацыю на сайце – “Рэгістрацыя на адукацыйную праграму”. Для тых, хто зарэгістраваны ў якасці ўдзельніка Фестывалю і падаваў свае працы ў конкурсную праграмму, рэгістравацца дадаткова на адукацыйную праграму НЕ ТРЭБА.
Дадатковую інфармацыю пра фестываль можна атрымаць на сайце ADNAK.BY, па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.
Партнёры Фестывалю