Вялікі фестывальны дзень Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пачаўся ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў у Мінску. Адукацыйная праграма Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пачалася а 10-й гадзіне.
На першых семінарах праграмы прысутнічалі каля 100 чалавек. Адукацыйная праграма працягнецца да 16.30. А 17-й адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Фестывалю AD.NAK!, якое абяцае быць надзвычай цікавым і, безумоўна, па-добраму шалёным.
Пасля арганізатары і сябры журы Фестывалю падзеляцца з журналістамі пра сёлетнія поспехі і няўдачы на прэс-канферэнцыі, а ўдзельнікі змогуць дазнацца самыя свежыя навіны са сферы рэкламы і маркетынгу адзін ад аднаго ў межах нефармальных зносінаў.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў сёлетняга Фестывалю AD.NAK! пачнецца а 18-й гадзіне. Тады можна будзе дазнацца, хто стане лепшым ў кожнай з намінамінацый Фестывалю. Рабіць стаўкі можна ўжо цяпер: на сайце adnak.by ужо абвешчаныя шорт-лісты.
Сёлета, дзякуючы партнёру фестывалю – сэрвісу Webiring, ад 15-й гадзіны за імпрэзай можна будзе сачыць праз онлайн-трансляцыю на афіцыйным сайце фестывалю adnak.by, а таксама на сайтах арганізатараў – budzma.org, marketing.by.
Фота – Зарына Кандрацьева