У Варшаве 26 ліпеня прайшла цырымонія развітання з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец), якая памерла пасля года змагання з анкалагічнай хваробай 20 ліпеня. Спачатку ў касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў прайшла пахавальная Імша. Другая частка цырымоніі адбывалася ў Музеі Вольнай Беларусі. І там, і там сабраліся сотні людзей, якія неслі кветкі і згадвалі спадарыню Святлану добрымі словамі, піша Белсат.
Памінальная імша у касцёле святога Аляксандр з нагоды развітання са Святланай Курс. Варшава, Польшча. 26 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Святую Імшу на развітанне са Святланай Курс вёў ксёндз Вячаслаў Барок. Касцёл быў поўны людзей. Пасярэдзіне цэнтральнай навы стаялі ўрна з прахам пісьменніцы (яе крэміравалі згодна з ейнай апошняй воляй), ейны партрэт, вянок і кветкі.
«І Ён сатрэ кожную слязу з іх вачэй; і смерці ўжо не будзе; і не будзе больш ні плачу, ні крыку, ні болю, ранейшае адышло», — словамі з кнігі Адкрыцця распачаў богаслужэнне Вячаслаў Барок і заклікаў прасіць у малітве міласэрнасці для спачылай Святланы.
Падчас казання святар згадаў адзін з апошніх допісаў пісьменніцы ў Фэйсбуку, у якім яна прасіла сяброў знайсці і перадаць ёй кнігу з назвай «Ад вясны да вясны». Ксёндз Вячаслаў палічыў гэта вельмі сімвалічным. Ён падкрэсліў, што Святлана Курс была жанчынай, якая ніколі не губляла надзею і чакала вясну — свайго жыцця, а таксама Беларусі, і верыла, што гэтая вясна прыйдзе, і яшчэ і іншых умацоўвала сваёй верай.
«Яна, жывучы надзеяй, моцна любіла жыццё. Сваё зямное жыццё. А таксама любіла беларушчыну, беларускае слова, была здольная імі заварожваць. І гэта не было акторскай гульнёй, гэта было вельмі аўтэнтычна. <...> Яна ўмела адрозніць дабро ад зла. Калі ўжо захварэла, яна пісала, што неяк думала, што прыняць — абязбольваючыя ці алкаголь, а потым згадала пра Цела Хрыста — і гэта спрацавала», — казаў святар.

Памінальная імша у касцёле святога Аляксандр з нагоды развітання са Святланай Курс. Варшава, Польшча. 26 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Ксёндз Вячаслаў згадаў пра адкрыты ўрок, які Ева Вежнавец праводзіла сёлета да Дню роднай мовы ў парафіяльным доме, і як тады назвала сваё ўлюбёнае беларускае слова — трывушчасць. Пісьменніца казала тады, што трывушчасць патрэбная нашаму народу, каб выжыць і перадаць традыцыю.
«Гэтыя словы былі як наказ. Яна разумела, што можа адысці ў любы момант. Яна была трывушчай. Яна шмат прайшла, але прыйшла да Бога. А нам варта ўслухоўвацца ў ейныя словы — вельмі мудрыя, глыбокія, сапраўдныя. Такое слова вартае больш, чым нобэлеўская ўзнагарода. Бо яно сыходзіць ад любові да свайго, да таго, што даў Гасподзь. <...>. Мы развітваемся, веручы, што некалі сустрэнемся ў валадарстве Божым, дзе не будзе патрэбная трывушчасць, бо там будзе вечная радасць», — казаў святар.
Ксёндз зазначыў таксама, што Святлана Курс была свядомая сваіх слабасцяў і грахоў, і перад смерцю пакаялася, паспавядалася і паядналася з Богам.
Падчас малітвы верных святар і прысутныя на Імшы маліліся таксама за «вязняў сумлення, каб Гасподзь дазволіў ім дачакацца вызвалення».
Напрыканцы богаслужэння прагучаў гімн «Магутны Божа» і яшчэ некалькі музычных твораў у суправаджэнні аргану. Пасля ўрна з прахам Святланы Курс была ўрачыста вынесеныя з касцёл і дастаўленая ў Музей Вольнай Беларусі.

Памінальная імша у касцёле святога Аляксандр з нагоды развітання са Святланай Курс. Варшава, Польшча. 26 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
На грамадзянскай цырымоніі развітання першай узяла слова кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская. Яна казала, што спачылая пісьменніца была для яе ўвасабленнем усяго таго, з чым асацыююцца беларусы — руплівасці, чалавечнасці, эмпатыі.
«Памятаю першае знаёмства з ёй і кароткія размовы. Яна выпраменьвала цеплыню і святло, і ўласцівы толькі ёй аптымізм, для якога, быць можа, і не было падставаў, але ён моцна адчуваўся», — казала беларуская лідарка.
Ціханоўская падкрэслівала, што Ева Вежнавец заўжды знаходзіла ў людзях самае лепшае і верыла ў тое, што кожны можа рабіць тое, што можа для Беларусі.
«Мне шкада. Што нам не хапіла часу. Мы былі коратка знаёмыя. Хацелася яшчэ пагаварыць, паслухаць яе і павучыцца ў яе. Нам яе будзе не хапаць. Гэта вялікая страта для беларускай культуры і агулам для Беларусі. Але ейная справа бузе працягваць жыць. З намі засталіся ейныя тэксты, думкі і словы, і яна сама застаецца ў нашых сэрцах. Светлая і вечная памяць Святлане Курс — Еве Вежнавец», — скончыла прамову Святлана Ціханоўская.
Пасля кіраўніцы АПК слова ўзяў ейны намеснік, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён казаў пра тое, што сярод нас, звычайных беларусаў, ёсць сапраўдныя героі і велічныя асобы, і Святлана Курс была як раз такой — «велічнай, добрай, шчырай і цёплай».
«Хочацца казаць не што так было, а што так заўсёды будзе, і ўсе будуць згадваць яе як вельмі шчырага, цёплага і добрага чалавека. Я ганаруся тым, што сярод нас, беларусаў, ёсць такія асобы», — казаў палітык.
Святлана Ціханоўская прамаўляе падчас развітання са Святланай Курс у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 26 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Далей на працягу ўсёй цырымоніі развітанне праходзіла ў фармаце свабоднага мікрафону — кожны ахвочы мог падысці і выказаць свае думкі, пачуцці, падзяліцца ўспамінамі пра спадарыню Святлану.
Адна са сцен залы тым часам запаўнялася аркушамі са словамі, з якімі ў прысутных асацыявалася спачылая пісьменніца — іх прапанавалі напісаць і прыклеіць кожнаму ахвочаму. Пазней некаторыя з гэтых словаў могуць быць выкарыстаныя пры стварэнні помніку Святлане Курс.
Да мікрафону падышоў прадстаўнік Катынскага музею ў Варшаве, у якім працавала спадарыня Святлана. Ён казаў пра тое, якой сціплай была пісьменніца, аж да скрайнасці, нягледзячы на ўсю велічнасць сваёй асобы, на шматлікія ўзнагароды, якія атрымлівала — яна ніколі пра іх не казала, калегі па музею даведваліся пра ўсё з медыяў.
«Калі ў яе пыталіся пра чарговыя поспехі, знакі адзнакі, яна махала рукой — няма пра што казаць, нічога такога, а праз хвіліну пыталася: як у цябе прайшлі выходныя? <...>. Для мяне асабіста Света была і застанецца чалавекам бязмежна добрым і шчыры, які ніколі не адмаўляў у дапамозе, а таксама які дакладна і адказна выконваў свае абавязкі», — казаў прамоўца.
Падчас працы ў музеі Святлана Курс больш за ўсё любіла апрацоўваць дакументы ахвяраў Катынскага расстрэлу, сярод якіх было шмат беларусаў. Яна хацела некалі зрабіць кнігу на падставе гэтых дакументаў.
«Просім цябе — чувай над намі і далей. Будзе заўсёды пра цябе памятаць у тваім катынскім музеі», — рэзюмаваў прадстаўнік музею.
Падчас прамоваў на сцяну над урнай з прахам Святланы Курс трансляваліся ейныя фотаздымкі з розных часоў жыцця — асабістыя, з афіцыйных мерапрыемстваў, быў чорна-белы здымак з дзяцінства, дзе пісьменніца маленькай дзяўчынкай з хусткай на галаве і кветкамі ў руках стаіць недзе на фоне вясковага пейзажу.
На фотаздымкі ўважліва глядзеў сын пісьменніцы Фелікс. У нейкі момант ён таксама выйшаў да мікрафона — каб пакуль іншыя казалі пра тое, як шмат мы згубілі са смерцю Святланы Курс, сказаць пра тое, што не страчана.
«Калі я даведаўся, што мая мама памерла, мне было вельмі балюча. Пазней я пачаў глядзець яе інтэрвʼю, чытаць яе. Потым прыйшлося схадзіць у лякарню, забраць ейныя рэчы, убачыць ейнае цела. Я быў вельмі здзіўлены, што калі я яе бачыў, мне зрабілася лепш. Я думаю, што за жыццё мая мама напаўняла спакоем шмат людзей. Мне яна ўсё яшчэ дае гэты спакой», — казаў маладзён.
Фелікс распавядаў, што ягоная маці падчас змагання з хваробай імкнулася паказаць сябе моцнай, не прызнавалася ў слабасці. Як толькі яна выпісалася з лякарні, адразу прыдумала чарговую сумесную паездку — на Падляшша.
Муж і сын Святланы Курс падчас развітання з ёй у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 26 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«І вось раптам чалавек, які толькі што ляжаў у ложку і нічога не мог, ездзіць са мной на ровары па Падляшшы. Мая мама да апошняга змагалася за жыццё», — казаў сын пісьменніцы.
Ён бачыў маці ў лякарні за дзень да смерці, і яму падавалася, што ўсё ідзе да лепшага — маці была «такая ж разумная, такая ж добрая, такая самая як заўсёды».
«Мы доўга абдымаліся. Я не ведаў, што развітваюся з ёй у апошні раз. Яна жыла прыгожа і памерла прыгожа. І варта памятаць пра тое, што яна ў нас ёсць і застанецца, пра тое, чаго смерць і хвароба ў нас ніколі не адбяруць», — рэзюмаваў Фелікс.
Муж спадарыні Святланы Сяргей Лабандзеўскі распавёў, як яны ўпершыню сустрэліся на пачатку 1990-х гадоў, калі працавалі яшчэ на дзяржаўным радыё. Пазней было Радыё 101, Еўрарадыё.
«Яна мела вельмі складаны характар. Мне гэта вядома лепш чым каму. Калі яна ўспыхвала, то гэта быў амаль выбух. Яна ўмела быць і супер-цвёрдай, жорсткай, умела быць лагоднай і пяшчотнай. За апошні год, што яна хварэла, яна многа нагледзелася таго, чаго мы не бачым. Увесь гэты свет, у якім людзі хварэюць, пакутуюць. Яна гаварыла пра гэта ўжо ў шпіталі перад смерцю. Яна казала, што яна піша кнігу пра пацыентаў, пра персанал, пра адносіны ў гэтых клініках», — казаў муж пісьменніцы.
Са словаў спадара Сяргея, ягоная жонка да апошняга чаплялася за жыццё, рабіла пакупкі на будучыню. Сужэнцы нават дамовіліся купіць дом на Падляшшы сабе на старасць.
«Яна да апошняга верыла, што будзе жыць.<...> Нам застаецца толькі памяць пра яе. Дзякуй вам усім, хто прыйшоў, хто хацеў прыйсці развітацца і не даў рады, нават хто проста не збіраўся, але ўзгадаў. Дзякуй вам усім. Сустрэнемся там, разам са Святланай», — звярнуўся Сяргей Лабандзеўскі да прысутных.
Спадар Сяргей таксама падзякаваў усім, хто падтрымліваў іхную сям’ю, у тым ліку фінансава, на працягу ўсёй хваробы Святланы Курс.
Алена Казлова, кіраўнічка выдавецтва «Пфляўмбаўм», у якім была выдадзеная кніга Святланы Курс «Па што ідзеш, воўча?», заўважыла, што зусім невыпадкова вакол урны з прахам пісьменніцы шмат сланечнікаў, і сказала, што гэта таму, што «Святлана была чалавекам-сонцам, да якога людзі цягнуліся як сланечнікі, як кветкі».
«Яе сыход — удар для мяне, для нас, для Беларусі. Кніга „Па што ідзеш, воўча?“ стала пачаткам нашага выдавецтва і яго вялікім поспехам. Таксама гэта быў поспех для беларускай культуры, для рэпрэзентацыі нас, беларусаў, у свеце», — казала кіраўнічка выдавецтва.
Раніцай у дзень развітання са Святланай Курс Алена Казлова была ў варшаўскім раёне Воля, дзе жыла пісьменніца, прайшлася па ейнай вуліцы, пасядзела на лавачцы, на якой і яна некалі сядзела, з’езділа на рынак «Алімпія», пра якіх шмат чытала ў допісах Курс у сацсетках.
«Так запомню гэты дзень. Бывайце, Святлана. Дзякую за гонар працаваць з вамі і ведаць вас», — сказала Алена.
Развітанне са Святланай Курс. Варшава, Польшча. 26 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Ахвочых сказаць штосьці пра Святлану Курс было вельмі шмат — людзі ішлі і ішлі да мікрафону на працягу дзвюх з паловай гадзінаў. Гэта былі і вядомыя дзеячы беларускай культуры і палітыкі, польскія сябры пісьменніцы, прадстаўніца літоўскага выдавецтва, калегі па журналісцкай працы, былыя беларускія палітвязні, звычайныя чытачы, якія не былі асабіста знаёмыя з Евай Вежнавец, але ў сэрцах якіх яна назаўсёды засталася сваімі кнігамі.
Прысутныя на развітанні казалі шмат добрых словаў пра спадарыню Святлану, распавядалі нейкія гісторыі, звязаныя з ёй. Так, былая палітзняволеная Вольга Філатчанкава сказала, што Святлана Курс вельмі любіла катоў, і калі прыходзіла да яе, Вольгі, у госці, дзе жывуць тры каты, то так з імі «размаўляла з імі, нібы яны гаварылі на адной мове».
Хтосьці казаў, як пісьменніца любіла дзяцей і свайго сына Фелікса, пра якога згадвала ў кожнай размове.