Фестываль «Бардаўская восень» вядомы сярод аматараў беларускай музыкі сваёй цёплай атмасферай і унікальнымі акустычнымі сэтамі беларускіх музыкаў самых розных стыляў і рангаў. У гэтым годзе адзін з самых старых фэстаў беларускамоўнай музыкі адсвяткуе 20 год. За гады існавання імпрэза пераўтварылася ў сапраўды масштабную і прыгожу падзею, якая штогод разгортваецца на Беласточчыне ў Польшчы. Кожны год напрыканцы кастрычніка некалькі дзён запар у рамках «Бардаўскай восені» праходзяць акустыныя канцэрты ў Бельску Падляшcкім, Беластоку і навакольных мястэчках.
Ня гледзячы на сваю багатую гісторыю, «Бардаўская восень» дасюль застаецца адзіным у сваім родзе фестывалем беларускамоўнай аўтарскай песні, што робіць гэты фэст сапраўды ўнікальным і каштоўным. На сцэне фестываля за гады існавання адзначыліся хіба не ўсе значныя асобы беларускай бардаўскай песні і аўтарскай музыкі самых розных кірункаў. Сярод карыфеев фэсту і родапачынальнікі – Алесь Камоцкі, Дарафей Фіёнік, Віктар Шалкевіч, і зоркі беларускай рок-музыкі – Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, і шэраг іншых гучных імёнаў. Адной з самых яскравых падзеяў кожнага фэсту можна назваць конкурсную праграму для маладых выканаўцаў. За апошнія гады «Бардаўская восень» адкрыла такія імёны, як Паліна Рэспубліка, Яўген Барышнікаў, гурт «BosaeSonca», дала штуршок далейшаму развіццю такіх маладых калектываў, як «Re1ikt», «Нельга забыць», «TonqiXod». «Бардаўская восень» адзін з немногіх фестываляў, якому цягам 20-ці год удаецца захоўваць традыцыю і адначасова крочыць у будучыню, разам з актуаліямі сучаснасці.
Сёлеташні фестываль будзе розніцца ад папярэдніх адсутнасьцю конкурснай праграмы. Але ахвяра таго каштавала – на сцэну фэста ў якасьці гасьцей былі запрошаныя самыя яскравыя імёны «Бардаўскай восені». Свае акустычныя сэты на сцэне фестываля зайграюць Алесь Камоцкі з бэндам, Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra, Міхал Бараноўскі і «Нельга забыць», гурт «BosaeSonca», Паліна Рэспубліка, «Ilo & Friends» і іншыя. Асноўныя падзеі фэсту традыцыйна адбудуцца ў Бельску Падляшскім, але як і кожны год «Бардаская восень» не абміне ўвагай Беласток і навакольныя гарады.
Арганізатарамі «Бардаўскай восені», як і ў мінулыя гады выступае «Звяз беларускай моладзі», які зараз дзейнічае пад новай назвай – звяз адукацыі і прамоўцыі беларускай культуры «Шчыты». Адбудзецца сёлеташні фестываль 25-27 кастрычніка. Падрабязную праграму «Бардаўскай восені 2013» можна знайсьці на старонках фэсту ў сацыяльных сетках, альбо на афіцыйным сайце www.vosien.org.