Мерапрыемства праводзілася з 1993 года і аб’ядноўвала больш за 900 салістаў і творчых калектываў з розных краін.
У 2021 годзе ў Магілёве павінен быў праходзіць традыцыйны Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». У апошні час фестываль праводзіўся раз у два гады, папярэдні арганізоўвалі у 2019 годзе, і па плане XXIV фестываль мусіў прайсці ў 2021 годзе. Звычайна мерапрыемства праходзіла вясной ці летам, аднак да 30 жніўня інфармацыі пра фэст так і не з’явілася.
Як даведаўся Katolik.life, на гэты год фэст не запланаваны. Пра прычыну адмены арганізатары нічога не змаглі паведаміць. Наўрад ці ёй мог стаць каронавірус, бо іншыя святы і фестывалі, у тым ліку «Славянскі базар у Віцебску», праходзілі.
«Магутны Божа» праводзіўся з 1993 года, яго мэтамі ставіліся адраджэнне духоўнай культуры на хрысціянскім падмурку, умацаванне і пашырэнне міжнародных сувязей, аб’яднанне і ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне з дапамогай музыкі.
Мерапрыемства аб’ядноўвала больш за 900 салістаў і творчых калектываў з розных краін, у праграме былі конкурсы вакалістаў і харавых калектываў, духоўныя спектаклі, свята званоў, канцэртныя выступленні. Таксама праводзіліся канферэнцыі, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні рэлігіі і веравызнання, ўзаемадзеяння Царквы і дзяржавы.
Фестываль назвалі па вершу «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай, якое лягло ў аснову беларускага духоўнага гімна. Да нядаўняга часу гэтая песня-малітва шырока выконвалася як у Праваслаўнай, так і ў Каталіцкім цэрквах.