Фестываль PhotoArtDoc абвясціў адкрыты набор у сваю адукацыйную праграму 2026 года

Фестываль PhotoArtDoc адкрывае свой другі сезон і аб’яўляе адкрыты набор у сваю адукацыйную і ментарскую праграму для беларускіх фатографаў. Гэтая частка фестывалю ўключае ў сябе серыю анлайн-семінараў з ментарамі фестывалю, якія пройдуць у студзені—лютым 2026 года і будуць прысвечаны розным аспектам дакументальнай і мастацкай фатаграфіі, а таксама магчымасцям фатаграфіі як сродку сучаснага мастацтва.

Fota z prajekta «Ałtary Ŭiaŭlennia 2021-2024», aŭtarka Maria Vittoria Desiato
Фота з праекта «Алтары Ўяўлення 2021-2024», аўтарка Maria Vittoria Desiato, пераможца PhotoArtDoc`24. Крыніца: photoartdoc.com

Пасля першага адукацыйнага блока ўдзельнікі PhotoArtDoc распрацуюць канцэпцыі для ўласных фотапраектаў і прадставяць іх ментарам. На аснове гэтых прэзентацый будуць адабраны ўдзельнікі другога этапу — групавой ментарскай праграмы. Ментары праграмы сфарміруюць тры групы, якія на працягу чатырох месяцаў будуць працаваць над стварэннем фотапраектаў.

У рамках ментарскай праграмы ўдзельнікі даследуюць магчымасці фатаграфіі як медыя, працуюць з тэмамі і формамі візуальнага выказвання, а таксама вывучаюць самапрэзентацыю і прасоўванне праектаў. Праграма ахоплівае ўсе этапы працы: ад ідэі і пошуку візуальнага рашэння да прэзентацыі работ на партафоліа-рэв’ю і наступных форм публічнага паказу, уключаючы публікацыі, выставы і іншыя фарматы.

У канцы ментарскай праграмы адбудзецца закрыты конкурс, дзе журы і эксперты выберуць найлепшыя праекты. Вынікі будуць прадстаўлены ў рамках выставы і альбома PhotoArtDoc восенню 2026 года.

Беларускія аўтары могуць падаваць заяўкі на ўдзел у адукацыйнай праграме незалежна ад месца жыхарства, узроўню і досведу ў фатаграфіі.

Прыём заявак адкрыты да 10 студзеня 2026 года ўключна. Удзел у праграме бясплатны.

Ментары і тэмы PhotoArtDoc 2026:

● Сяргей Гудзілін — дакументальная фатаграфія ў СМІ, праектная і шматжанравая фатаграфія
● Кацярына Кузьмічова — фотапраект, візуальнае апавяданне і мультымедыя
● Таццяна Ткачова — дакументальная і постдакументальная фатаграфія, этапы працы над асабістым праектам

Падрабязныя ўмовы ўдзелу і форма заяўкі даступныя на сайце photoartdoc.com.

Пра фестываль PhotoArtDoc

PhotoArtDoc — гэта фестываль фатаграфіі з Беларусі, які працуе на стыку дакументальнага і мастацкага кірункаў. Фестываль быў ініцыяваны супольнасцю берасцейскіх фатографаў і ўпершыню адбыўся ў 2024 годзе. Канцэптуальным натхняльнікам і куратарам праекта з’яўляецца Сяргей Міхаленка, каардынатар — Алена Кушнір.

Праграма фестывалю складаецца з дзвюх частак: адукацыйнай і ментарскай праграмы і конкурснай часткі. Адукацыйная частка накіравана на падтрымку і развіццё патэнцыялу берасцейскіх аўтараў, а таксама на развіццё прафесійнай супольнасці фатографаў і прасоўванне берасцейскай фатаграфіі ў еўрапейскім кантэксце.

У 2024 годзе на ментарскую праграму фестывалю было пададзена 92 заяўкі ад берасцейскіх фатографаў, што перавысіла магутнасць праграмы ў 2,5 разы. З 38 адабраных аўтараў 23 прайшлі ўсе этапы праграмы і выйшлі ў конкурсны этап. Паралельна з закрытай намінацыяй фестываль правёў міжнародны адкрыты конкурс, у якім узялі ўдзел 230 праектаў ад аўтараў з 40 краін.