Сяргей Будкін і яго каманда знялі дакументальны фільм пра беларускіх творцаў, якія не могуць вярнуцца дадому. Пра выхад фільма Сяргей Будкін напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Юры Стыльскі і Сяргей Будкін
«Іх ранейшае жыццё было зруйнаванае спачатку тэрорам на Радзіме, а потым вайной ва Украіне. Але яны працягваюць жыць і радавацца жыццю, ствараць і натхняць іншых.
Напэўна, гэты фільм пра пошук сябе. І пра пошук дома. Пра пошук дома ў сябе. Пра здольнасць захаваць сябе ў экстрэмальных умовах. І пра вялікую сілу Мастацтва. Бо пакуль мы малюем, спяваем, фатаграфуем, пішам, ствараем — мы жывем».
Некалькі месяцаў стваральнікі фільма правялі побач з героямі — мастачкай Ташай Кацубай, фотамастачкай Каралінай Паляковай, музыкам Юрам Стыльскім і фатографам Алесем Пілецкім.
Мы здымалі на часовых кватэрах герояў, у офісах, у хабе і шэлтары, у галерэях, кавярнях і барах, на оўпэн-эйры і ў клубе, у трамваі, у метро, падземным пераходзе, на канатнай дарозе, на вуліцах, плошчах, у гарах і каньёнах... Было адчуванне, што мы знаходзімся ў вечным руху і не можам дазволіць сабе спыніцца. Бяжым, а тэрор і вайна ідуць недзе побач, па нашых слядах... Як на гэтым бягу не выдыхнуцца і працягваць ствараць, калі вакол усё руйнуецца і ў цябе няма дома? Вось на гэтае пытанне я і шукаю адказ разам з героямі".
Фільм можна паглядзець на ютубе. Аўтар будзе ўдзячны ўсім за каментары.