Беларускі Інстытут Спадчыны запусціў адукацыйны курс прысвечаны культурнай спадчыне

Распрацаваны Беларускім Інстытутам Спадчыны адукацыйны курс прысвечаны культурнай спадчыне — яе ролі ў жыцці грамадства, важнасці для фармавання агульнай памяці, ідэнтычнасці і культурнай разнастайнасці чалавечых супольнасцяў.

Bielaruski Instytut Spadčyny

Падчас заняткаў:

вы даведаецеся, як змест паняцця «культурная спадчына» змяняецца з цягам часу і як амаль кожнае пакаленне людзей пашырае гэты змест, дадаючы яму новыя значэнні;

пазнаёміцеся з асноўнымі відамі аб’ектаў, з якіх складаецца сёння спадчына, і з дзеяннямі, што робяцца, каб захаваць гэтыя аб’екты;

разгледзеце галоўныя рызыкі, якія пагражаюць спадчыне ў нашым бурлівым свеце.

А яшчэ вы пазнаёміцеся з асноўнымі задачамі рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў і даведаецеся пра спецыфіку захавання набыткаў нематэрыяльнай культуры, звязаных з памяццю, мовай, традыцыямі і штодзённымі людскімі практыкамі.

Абраныя для вывучэння тэмы складаюць першасную аснову ведаў, мінімальна неабходных для фармавання цэласнага ўяўлення пра захаванне, рэстаўрацыю і супольнае кіраванне культурным набыткам.

Курс складаецца з пяці тэматычных модуляў:

Модуль 1: Прырода — Спадчына — Ідэнтычнасць (8 урокаў)

Модуль 2: Захаванне матэрыяльнай культурнай спадчыны (7 урокаў)

Модуль 3: Рэстаўрацыйная практыка і грамадскі ўдзел (6 урокаў)

Модуль 4: Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны (13 урокаў)

Модуль 5: Сумеснае кіраванне спадчынай: прынцыпы і механізмы (5 урокаў)

Кожны модуль складаецца з аўдыяпадкастаў, тэкставых матэрыялаў, дадатковых матэрыялаў для самастойнага вывучэння і пытанняў для самаправеркі.

Курс можа быць карысным усім зацікаўленым у захаванні, рэстаўрацыі і выкарыстанні культурнай спадчыны як важнага рэсурсу грамадскага развіцця, фактару эканамічнага росту і сацыяльнага яднання.