Фільм «Minsk» пра беларускія пратэсты – у лонг-лісце расійскай кінапрэміі «Ніка»

Расійска-эстонская карціна «Minsk» заяўлена ў адзінаццаці намінацыях Нацыянальнай кінематаграфічнай прэміі Расіі «Ніка» за 2021 год. Гэтай навіной на сваёй старонцы ў Facebook падзяліўся рэжысёр стужкі Барыс Гуц, піша Reform.by.


67.jpg

«Галасуючых акадэмікаў я нахабна прашу звярнуць увагу на фільм і хаця б паглядзець — не на мяне, а, у першую чаргу, на працу акцёраў/актрыс і аператара (знята адным кадрам). Дзякуй!», — напісаў ён у сацсетках.

Барыс Гуц як аўтар сцэнарыя і рэжысёр карціны заяўлены ў намінацыях «Лепшая сцэнарная работа» і «Лепшая рэжысёрская работа».

Выканаўца галоўнай ролі Анастасія Шамякіна вылучана ў катэгорыях «Лепшая жаночая роля» і «Адкрыццё года». Намінаваны на ўзнагароду «Лепшая мужчынская роля» акцёр Аляксей Масладудаў.


У намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плана» ад фільма «Minsk» заяўлены Данііл Сцяклоў. Юлія Ауг прэтэндуе на перамогу ў катэгорыі «Лепшая жаночая роля другога плана»: дарэчы, Юлію вылучылі на ўзнагароду ў гэтай намінацыі стваральнікі яшчэ дзвюх карцін — «Купэ нумар шэсць» і «Абшчага».

Аператар карціны Дар’я Ліхачова заяўлена ў адпаведнай намінацыі «Лепшая аператарская работа».

Johannes Valdma і Дар’я Літвінава вылучаны ў катэгорыі «Лепшая праца мастака».

Паліна Грэчка, Kätlin Haak — у намінацыі «Лепшы мастак па касцюмах».

І ў намінацыі «Лепшы ігравы фільм» «Minsk», над якім працавала міжнародная каманда, будзе змагацца за перамогу з сарака шасцю іншымі прэтэндэнтамі. Сярод іх, дарэчы, ёсць і яшчэ адна стужка, якая мае дачыненне да Беларусі — «Урокі фарсі» Вадзіма Перэльмана. Нагадаем, што гісторыя па апавяданні Вольфганга Кольхаазе «Персідскі для капо» пра бельгійскага яўрэя, які, апынуўшыся ў нацысцкім канцлагеры, выдумляе сваю мову фарсі, каб выжыць, здымалася на тэрыторыі нашай краіны.

У адрозненне ад карціны «Minsk» аб беларускіх пратэстах, здымкі якой праходзілі ў Эстоніі.

Нагадаем, стужка Барыса Гуца расказвае пра першыя жнівеньскія пратэсты, якія адбыліся ў 2020 годзе ў Мінску. Знятая адным кадрам, без мантажнай склейкі, карціна імкнецца ўзнавіць адну са страшных начэй пратэстнага горада.

«Паша і Юля, маладая пара, выходзяць уначы з дому і аказваюцца ў гушчы пратэстаў мірнага насельніцтва. Будзённая прагулка абарочваецца сапраўдным пеклам, у якім нявінныя людзі аказваюцца ахвярамі паліцэйскага самавольства...», — так гучыць анатацыя да фільма.

68.jpg
Кадр з фільма «Minsk». Фота: Aurelia Minev.

Як адзначаў рэжысёр карціны раней, «Minsk» планавалі забараніць да паказу ў Расіі.

Мяркуем, што намінацыя стужкі і яе стваральнікаў на кінапрэмію «Ніка» з’яўляецца для каманды фільма пэўнай магчымасцю прасоўвання «апальнага» кіно, якая павялічваецца з трапляннем намінантаў ад «Minskа» ў шорт-ліст узнагароды.

З упэўненасцю пакуль можна сказаць толькі адно: канкурэнтаў у карціны Барыса Гуца дастаткова.

reform.by