8 сакавіка 2013 на сайце мультымедыя-часопіса 34mag.net адбылася прэзентацыя першага беларускага феміністычнага дакументальнага відэа «Сукенка»
«Сукенка» − першае беларускае феміністычнае дакументальнае відэа, над якім працавалі адначасова некалькі аўтарак. Яго прэзентацыя адбылася 8 сакавіка 2013 года на мультылэйбле «Пяршак» моладзевага часопіса 34mag.net.
Фактычна «Сукенка» − відэа-даследванне працягласцю 50 хвілінаў, серыя інтэрв’ю, прысвечаных тэме выбару жыццёвых стратэгій жанчынамі ў Беларусі. Праца над відэа адбывалася ў межах праекта «Развіццё гендэрнай адчувальнасці ў Беларусі», які ажыццяўляўся ў 2011-2012.
Розныя гераіні − дзяўчынка з дзіцячага дому, маці-гераіня, бізнес-ледзі, грамадская актывістка, распавядаюць пра жыццё, мужчын, дзяцей, лёс і каханне. Ключавы кантэкст для аб’яднання розных гісторый – тэма (магчымасці) выбару. Які выбар вызначаецца як «правільны», якія існуюць сцэнары нармалізацыі жаночага выбару, і якімі рэсурсамі для «самастойнага» вызначэння сваёй жыццёвай стратэгіі валодаюць жанчыны?
«Гэта відэа-эсэ пра тое, як сацыяльнае “адзенне” дапамагае нам выдаваць рэальнае за жаданае, ператвараючыся то ў карнавальны касцюм, то ва ўціхамірвальную кашулю», – кажуць аўтаркі «Сукенкі».
Паралельна здымкам стужкі праводзілася даследванне тэмы свята 8-га сакавіка, Міжнароднага жаночага дня. На думку стваральніц праекта, свята, якое напачатку свайго існавання мела яскравы палітычны характар, з цягам часу згубіла яго, і набыла патрыярхальна-сексісткі характар. З вынікамі даследвання, якое праводзілася на матэрыле публікацый у газетах, можна азнаёміцца ў кнізе «Гендерны лікбез» пад рэдактарствам Елены Мінчэні і Вольгі Сасункевіч.
На старонцы прэзентацыі можна спампаваць відэа дакументальнага праэкту «Сукенка» з ангельскімі субтытрамі.
Аўтарская група відэа: Ірына Новік, Ксенія Пажыдаева, Наталля Аксяневіч, Таццяна Сяцко, Вера Пахай, Таццяна Булка, Кацярына Буйко, Дар’я Сапранецкая, Наталія Голава, Аляксандра Ігнатовіч
Кіраўніцы праекта: Наталія Голава, Аляксандра Ігнатовіч
Спасылкі:
Старонка прэзентацыі дакументальнага праекту «Сукенка»: http://34mag.net/piarshak/post/pad-sukenkajj/
Мультылэйбл «Пяршак»: http://34mag.net/piarshak/
Моладевы часопіс 34mag.net: http://34mag.net/