Кінематаграфісты з Беларусі і Узбекістана здымуць сумесны дакументальны фільм «Якуб Колас. Кніга ташкенцкага быцця». Аб гэтым на падпісанні дагавора аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Дзяржаўным музеем Янкі Купалы і Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» паведаміў генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, піша БЕЛТА.
«Кінастудыя не раз звярталася да тэмы Якуба Коласа і Янкі Купалы і стварала фільмы паводле твораў нашых класікаў. І вясной на сустрэчы з кінематаграфістамі з краін СНД у Таджыкістане мы з нашымі ўзбекскімі калегамі абмеркавалі агульныя тэмы. Мы ўспомнілі, што Якуб Колас мае невядомую старонку жыцця, калі ён знаходзіўся ў эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Ташкенце. Ён сябраваў з узбекскімі дзеячамі культуры, былі цікавыя імгненні жыцця. Было прынята рашэнне вывучыць магчымасці стварэння сумеснага фільма», — расказаў Уладзімір Карачэўскі.
Здымкі фільма пройдуць як у Беларусі, так і ва Узбекістане. «Будзе выкарыстана шмат хранікальнага матэрыялу. Аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз знайшоў цікавыя старонкі гісторыі нашага знакамітага земляка. Акрамя таго, мы вырашылі падключыць родных і блізкіх Якуба Коласа, якія будуць прымаць удзел у здымках, разам з намі праводзіць іх ва Узбекістане», — адзначыў гендырэктар кінастудыі.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Агенцтва кінематаграфіі Рэспублікі Узбекістан падтрымалі гэты праект, дадаў Уладзімір Карачэўскі. «Падпісана пагадненне з Кінастудыяй хранікальных і дакументальных фільмаў Узбекістана. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Узбекістан пацвердзілі, што выдзяляюць нам субсідыю на стварэнне фільма. І калі нічога нам не перашкодзіць, я вельмі разлічваю, што ў лістападзе наша здымачная група выедзе ва Узбекістан на здымкі», — прадоўжыў гендырэктар кінастудыі «Беларусьфільм».
Чытайце па тэме: «Купала» застанецца на паліцы? Працяг вялікай размовы пра кіно з Тарасам Тарналіцкім
У мінулым годзе кінастудыя выпусціла фільм пра паэта Максіма Танка, у бягучым — анімацыйны фільм «Класікі і шахматы» пра Янку Купалу і Якуба Коласа. «А цяпер запускаем сумесны беларуска-ўзбекскі дакументальны праект «Якуб Колас. Кніга ташкенцкага быцця». Лічу, што мы не проста захоўваем памяць, а папулярызуем імёны нашых класікаў. Спадзяюся, што гэты фільм змогуць убачыць гледачы не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Мы плануем яго прадставіць і на фестывалях. Так, у бягучым годзе на фестывалі «Лістапад» мы зробім прэзентацыю нашага праекта. Імя Якуба Коласа будзе гучаць не толькі ў музеі, але і ў кіно, на экране», — рэзюмаваў Уладзімір Карачэўскі.
Чытайце па тэме: Аперацыя «Лістапад». Як Мінкульт перавынаходзіць галоўны кінафестываль краіны – чаму гэта вядзе да катастрофы
«Я з задавальненнем узяўся пісаць сцэнарый. Рэжысёрам выступіць Галіна Адамовіч. З ёю будзе працаваць Васіліна — праўнучка Якуба Коласа. Ёсць што сказаць пра ташкенцкія гады Якуба Коласа. Мне хацелася, каб у сцэнарыі была лірычная старонка творчасці Коласа. Бачыцца, што фільм можа атрымацца вельмі цікавым», — дадаў аўтар сцэнарыя фільма, вядучы рэдактар студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Мароз.