Дакументальная стужка Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка «Радзіма» атрымала галоўны прыз у міжнароднай секцыі дакументальнага кіно на 15-м Festiwal Filmowy NNW у Гдыне.
Аляксандр Міхалковіч атрымлівае ўзнагароду / facebook.com/festiwal.filmowy.nnw
Старшыня журы Ганна Ферэнс назвала фільм напружанай драмай, якая ў шматслойным апавяданні распавядае пра маральную эрозію людзей, якія апынуліся ў пастцы таталітарызму.
Фільм Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча даследуе гвалт у войску і грамадстве. У кіно распавядаецца пра маці, якая страціла сына, калі ён служыў у войску. Яшчэ адна сюжэтная лінія — гэта падзеі 2020 года.
Кадр з фільма «Радзіма». Фота: krakowfilmfestival
Адзначым, што фільм «Радзіма» — гэта вынік капрадукцыі Украіны, Швецыі і Нарвегіі. Стужка ўжо атрымала FIPRESCI на 23-м Міжнародным фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast у Вісбадэне і галоўны прыз на Капенгагенскім міжнародным фестывалі дакументальнага кіно CPH:DOX.