Так сталася, што трыццаць дзён сёлетняга лістапада сканцэнтравалі ў сабе большасць магчымых айчынных кінафестываляў года: ад праўладнага «Лістапада» да ультраэмігранцкіх «Бульбамуві» і «1084. На мяжы». Але шматлікіх беларускіх кінаманаў, якія засталіся на радзіме або з’ехалі апошнім часам у больш бяспечныя краіны, паўнавартасна атрымалася аб’яднаць дзякуючы анлайн-праглядам (тым больш бескаштоўным, але з магчымасцю данатаў) «Паўночнаму Ззянню».
Кінафестываль, які ладзіць каманда на чале з Воляй Чайкоўскай, гэтым разам пройдзе ў гібрыдным фармаце. Акрамя анлайн-праграмы адбудуцца яшчэ і афлайн-паказы і сустрэчы у Таліне і Вільнюсе. Паколькі некалькі дзясяткаў фільмаў і падзей за дзесяць дзён наведаць даволі складана, прапануем вам невялікую падборку фільмаў і размоў экспертаў, якія проста нельга праігнараваць.
Гэты дождж ніколі не скончыцца | This rain will never stop
Рэжысёрка: Аліна Гарлава
Украіна, Латвія, Германія, Катар | 2020 год
Калі глядзець: 20 лістапада
На канцэртную пляцоўку выходзіць малады чалавек і прамаўляе: «Меня завуць Андрэй Сулейман. Я нарадзіўся ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы. Мая маці ўкраінка, а бацька — курд». Так пачынаецца візуальна вытанчаная і бязмерна трагічная гісторыя маладога чалавека, нядоўгае жыццё якога аказалася заціснутым паміж двума жорсткімі канфліктамі: грамадзянскім ў Сірыі і захопніцкім ва Украіне. Дакументалістка Аліна Горлава, як і яе калегі-суайчыннікі па цэху, актыўна перааэсэнсоўвае агрэсію Расіі супраць Украіны. Дагэтуль у кінематаграфісткі ўжо выйшлі дзве стужкі: «Без відавочных прыкмет» і «Нябачны батальён». Але толькі ў «Дажджы» мова антываеннага кіно Гарлавай дасягнула небывалай мастацкай вышыні. Калі вы хочаце зразумець сучасную Украіну, але не ведаеце як, гэты фільм можа стаць неабходнай кропкай уваходу.
Дапаможнік | The Handbook
Рэжысёр: Павал Мажар
Германія, Беларусь | 2021 год
Калі глядзець: 24 лістапада
Берлін, другая палова 2020 года. У невялічкай утульнай кватэры кінарэжысёр Павал Можар бесперапынна чытае навіны пра падзеі ў Беларусі: масавыя пратэсты, арышты, гвалт і катаванні. Падсвядомасць малюе ўсё больш жудасныя вобразы, якія аўтар вырашае ўвасобіць тэатральным чынам. Так яго пакой ператвараецца ў турэмную камеру, а пяць акцёраў — у амапаўцаў у балаклавах і затрыманых.
«Дапаможнік» дае ўнікальную магчымасць цалкам зразумець, што з сябе ўяўляе сістема катаванняў беларускага рэжыму. Ніякіх жудасных хранікальных кадраў і інтэрв’ю пацярпелых. Усё гэта не патрэбна. Дастаткова тэатральнага майстэрства і фантазіі гледача. Павал Можар стварыў незвычайную стужку, якая існуе на мяжы перформансу, пастановачнай дакументалістыкі і ўвасаблення публічнай памяці, што лішні раз даказвае — моц кінамастацтва бязмежная.
Прэзідэнт | President
Данія, ЗША, Нарвегія | 2021
Калі глядзець: 21 лістапада
2018 год, у паўднёваафрыканскай краіне Зімбабве ўпершыню за 38 год адбываюцца першыя свабодныя выбары. За ўладу змагаюцца ўплывовы палітык Эмерсан Мнангагва, які стаіць на чале войска і паліцыі, і 40-гадовы Нельсан Чымеза, палымяны аратар і кіраўнік руху «За дэмакратычныя перамены». Ідзе вельмі напружаная барацьба, але ў апошні момант Мнангагва падтасоўвае вынікі выбараў і падаўляе пратэст з дапамогай зброі і войскаў.
Дакументальны трылер амерыканкі Камілы Нільсан пра палітычнае жыццё Зімбабве пасля сыходу дыктатара Роберта Мугабе вельмі трапна рыфмуецца з беларускімі падзеямі 2020 года. І нават дазваляе паразважаць, што нас можа чакаць далей, калі лукашэнкаўскі аўтарытарызм сйдзе ў нябыт. Канечне, «Прэзідэнт» — гэта дакументацыя нацыянальнага ўздыму і немінучай паразы маладой зімбабвійскай дэмакратыі. Але як і ў выпадку з Беларуссю, «Прэзідэнт» транслюе галоўную ідею — свабода краіны і народа ўзнікае толькі шляхам змагання. І параза ў барацьбе — гэта толькі першы крок да патэнцыйнай перамогі.
Зацьменне | The Eclipse
Рэжысёрка: Наташа Урбан
Нарвегія | 2022
Калі глядзець: 28 лістапада
Ці магчыма забыцца на жудасную катастрофу, да якой спрычынілася і перажыла твая краіна? Гісторыя постсавецкіх краін даказвае, што можна. Выбіральнасць чалавечай памяці, падмацаваная безадказнай палітыкай уладаў, дазваляе гэта рабіць вельмі якасна. Але вяртанне да траўматычнага досведу для нармальнага існавання нацыі проста неабходна, і стужка «Зацьменне» нарвежскай дакументалісткі з сербскімі каранямі Наташы Урбан гэта яшчэ раз переканаўча даказвае.
Рэжысёрка вяртаецца на малую радзіму ў аўтаномны край Ваяводзіна, каб паразмаўляць з родзічамі. І неяк зразумець, як так сталася, што Югаславія ў 1990-я гады перажыла серыю войнаў, чаму зруйнавалі Белград і якую ролю ва ўсім гэтым адыгралі яе суайчыннікі сербы. «Зацьменне» — візуальна паэтычнае і эмацыйна вельмі цяжкае відэаэсэ пра лёс жыхароў былой балканскай імперыі, якая ў нечым паўтарае сучасны канфлікт, што пачала другая постімперыя — Расія. І гэта далека не асноўная каштоўнасць гэтай стужкі.
Відэаразмова «Як дома. Незалежнае беларускае кіно: дзе мы, хто мы, куды мы ідзём?»
Калі глядзець: 28 лістапада, у 16 гадзін
З-за бясконцых палітычных рэпрэсій і новай хвалі вайны ва Украіне шмат беларускіх кінематаграфістаў выехалі за межы радзімы ці нават змянілі прафесію. Што ў гэты турбулентны час адбываецца з беларускай кінематаграфіяй і яе стваральнікамі ў розных краінах свету? Рэжысёры Зміцер Дзядок, Мікіта Лаўрэцкі, Ганна Саўчанка, Уладзімір Казлоў падзеляцца ўласным досведам працы. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў.
Відэаразмова «Кароткі курс дэкаланізацыі: як сёння выглядае працэс адбору фільмаў на кінафестывалях»
Калі глядзець: 23 лістапада, у 19 гадзін
Новы этап агрэсіі Расіі супраць Украіны, да якога таксама спрычынілася Беларусь, запусціў тэктанічныя зрухі грамадскай свядомасці цэлых рэгіёнаў адносна ўспрыняцця і рэпрэзентацыі рускай культуры. Што рабіць з ёй: прымаць, адмяняць ці паспрабаваць разбірацца ў кожным выпадку асобна? Арганізатары кінафестываляў і кіназнаўцы з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны і Беларусі паспрабуюць абмеркаваць, якія стратэгіі працы з кіно Усходняй Еўропы магчыма выкарыстоўваць на сённяшні дзень.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org