Дзяды — традыцыйнае беларускае свята, карані якога ідуць з даўніх часоў, калі продкі сучасных беларусаў былі яшчэ язычнікамі. Як традыцыйна адзначалі Дзяды? Колькі існуе Дзядоў і якія яны? Хто такія пакутніцкія душы? Што гатавалі на памінальную вячэру? Паразмаўлялі пра гэта з Таццянай Калач — беларускай мастачкай, літаратаркай і даследчыцай міфалогіі ды абрадаў.
Фота з асабістага архіва Таццяны Калач
Традыцыя адзначаць Дзяды з’явілася ў беларусаў вельмі даўно — яшчэ ў дахрысціянскі перыяд. Яна цягнецца з паганскіх часоў. Пасля прыходу хрысціянства гэта традыцыя пераплялася з рэлігійнымі абрадамі: штосьці засталося, штосьці адаптавалася, штосьці пачало дзейнічаць па-іншаму. Але жаданне памінаць сваіх продкаў захавалася і перадаецца з глыбокай старажытнасці.
Дзяды прысвечаныя ўшанаванню памяці продкаў. Само слова «дзяды» азначае «продкі». Калі чалавек у сям’і паміраў, праз некаторы час ён ператвараўся ў продка — незалежна ад узросту ці полу. Лічылася, што продкі — гэта частка сям’і. Таму, калі адзначалі вялікія святы, напрыклад, Вялікдзень, трэба было абавязкова ўшанаваць і памятаць памерлых.

Знічы на могілках. Фота Алены Ляшкевіч
У некаторых мясцовасцях Беларусі Дзяды лічыліся самым вялікім святам. Ёсць сведчанні, што ў пэўных вёсках іх маглі адзначаць да дванаццаці разоў на год.
Звычайна ж існавала традыцыя святкаваць Дзяды раз у сезон — чатыры разы на год:
Запрашалі ўсіх памерлых, каго памяталі. Але на Восеньскія Дзяды, паводле павер’яў, маглі прыйсці ўсе продкі — нават тыя, каго ўжо забыліся. Душы ведалі, што іх чакаюць, таму ў гэты дзень яны наведвалі сваіх жывых нашчадкаў. На памінальную вячэру запрашалі ўсіх продкаў роду — ад яго пачатку да апошняга памерлага.
Існавала асаблівая рытуальнасць, якая пачыналася з самай раніцы і скончвалася амаль ноччу. На самыя Дзяды з раніцы маглі пайсці ці ў царкву, ці ў касцёл, узяць з сабой стравы — напрыклад, мёд, кашу, куццю. Гэта ўсё свянцілі, пісалі запіскі за памерлых аб малітве. Жывыя нашчадкі прымалі ўдзел у службе, а пасля неслі свянцоную ежу да хаты.
Перад тым, як сесці за стол, трэба было ачысціцца не толькі душой, але і целам. Таму тапілі лазню і ішлі ў яе, а пасля пакідалі лазню таксама для продкаў, каб яны таксама памыліся. Усе лазневыя прыналежнасці павінны былі быць новыя, асабліва венік.
Пасля лазні адбывалася вячэра, на якую запрашалі продкаў пэўнымі словамі, пэўнымі замовамі. Абыходзілі ўсю хату — заходзілі ў сені, адчынялі вокны, юшку ў печы, дзверы, бо лічылася, што продкі могуць праз нейкія пэўныя адтуліны пранікнуць у хату. Верылі, што часцей за ўсё продкі пранікаюць цераз печку, цераз трубу, таму юшка павінна была быць адкрытай.
Пакуль ішла вячэра, неабходна было пакідаць усё адкрытым, каб дзяды маглі туды-сюды лётаць. Вячэра ладзілася даволі рэгламентавана — нельга было крычаць і неяк моцна сябе праяўляць, трэба было спакойна размаўляць, узгадваць гісторыі з жыцця памерлых.
Пасля вячэры ладзілі розныя гульні ўнутры хаты, каб пабавіць продкаў, каб яны сышлі ўзрадаванымі, стварыць для іх свята. Некаторыя багатыя сем’і ладзілі феерверкі, каб пацешыць сваіх памерлых продкаў.
Пасля мясцовых забавак абавязкова трэба было правесці продкаў. Рабілася гэта пры дапамозе пэўных замоў. Пасля гэтага ўсё скончвалася — толькі на стале пакідалі ежу на ноч для памерлых.
Памінальная вячэра на Змітраўскія Дзяды. Клічаў, лістапад 2016 г.
На памінальную вячэру гатавалася шмат розных страў. Часта, якія гэта будуць стравы, залежала ад лакальных кропак, бо дзесьці казалі, што трэба гатаваць не менш чым тры стравы, а дзесьці — чатыры. Напрыклад, у адной вёсцы трэба было гатаваць цотную колькасць страваў, у іншай — няцотную. Тут прагледжваецца дуальнасць, якая вельмі распаўсюджана ў беларускай міфалогіі.
Па кірунку думкі набор страваў быў падобны. Напрыклад, была страва «канун», «канон» ці «сыта» — гэта салодкая вадзічка на мёдзе ці падсалоджаная цукрам; туды кідалі нейкі хлебушак, і з гэтага пачыналася вячэра. Затым гэтую страву запівалі квасам, пасля гэтага маглі есці іншую ежу — напрыклад, капусту з грыбамі, кашы.
Кожная страва адлюстроўвала пэўны этап з жыцця чалавека. Ставіўся посуд і для памерлага — абавязкова была дзядовая лыжка. Цікава, што для жывых лыжка клалася выемкай уверх, а для памерлых — выемкай уніз. Дзедава міска з часам напаўнялася, і яе пакідалі на ноч.
На раніцу ўся страва аддавалася свойскай жывёле, але не свінням.
Былі Дзяды посныя і скаромныя. Недзе гэтае свята магло адзначацца цэлы тыдзень. У такім выпадку напярэдадні быў посны набор страваў, а на наступны дзень ужо елі тлустае і смачнае.
Фота з асабістага архіва Таццяны Калач
Пасля таго, як на беларускія землі прыйшло хрысціянства, традыцыя святкавання Дзядоў змянілася. Касцёлам / Царквой гэтае свята было патлумачана па-хрысціянску. Калі людзей далучалі да хрысціянства, іх трэба было нечым прывабіць, бо на беларускіх землях народ вельмі доўга не хацеў адмаўляцца ад паганскіх традыцый і прымаць хрысціянства. Назіраем так званую дуальнасць: людзі карыстаюцца паганствам і ходзяць у царкву. Але калі мы бярэм царкоўныя ўпамінкі — яны спрошчаныя, там няма глыбокай, багатай традыцыі, якая была ў нашых продкаў. Да хрысціянства памерлых запрашалі спецыяльнымі вершаванымі замовамі, а пасля хрысціянства гэта ўжо пачало спалучацца з малітвай.
Пакутніцкія душы — гэта душы памерлых, якія ў гэтым свеце засталіся. Яны засталіся недзе паміж і не могуць трапіць ні ў рай, ні ў пекла. У беларускай міфалогіі ёсць паняцце — «дрэнныя душы». Гэта душы самагубцаў, душы п’яніц, якія памерлі падчас алкагольнага смутку, душы ведзьмакоў. Лічылася, што гэтыя душы захраслі ў гэтым сусвеце. Частка такіх душаў магла перайсці ў стан міфалагічных нячысцікаў — русалак, зазовак і іншых міфалагічных істот. На Дзяды такім душам можна было дапамагчы, калі запытацца, што ім патрэбна. Для запыту існавала спецыяльная вершаваная форма. Гэта рабілася на Дзяды, таму што ў гэтае свята прыходзілі розныя душы, і дзякуючы дапамозе жывых — малітве — гэтыя душы можна было вызваліць.
Дзяды — гэта ўвасабленне мужчын, Бабы — увасабленне жанчын. У пэўных рэгіёнах Беларусі адзначалі і Бабы. Гэта асобны дзень, прысвечаны памяці жаночай лініі. У гэты дзень запрашалі душы памерлых жанчын. Таксама гатаваліся стравы — яны запрашаліся і праважаліся. Усё, як у Дзядах, але прысвечана выключна жанчынам. Гэта не распаўсюджаная з’ява, а лакальная.
Бабы адзначаліся падчас Дзядоў, калі свята святкавалася некалькі дзён, адзін з якіх прысвячаўся выключна памерлым жанчынам. У некаторых вёсках адзначалі спачатку Дзяды, пасля Бабы. У іншых — спачатку Бабы, пасля Дзяды. Такое здаралася вельмі рэдка, але бывала, што асобны дзень мог быць прысвечаны памяці памерлых дзяцей.
Традыцыя жыве, яна не выглядае так, як выглядала раней, — трансфармуецца з цягам стагоддзяў, але існуе.
Дзяды — гэта згадка пра важнае, пра самога сябе, пра тое, што было добрага ў жыцці, пра тое, што застаецца.
Застаецца памяць, таму што пакуль мы чалавека памятаем — гэты чалавек жыве.
Вельмі істотна сустракацца са сваімі роднымі памерлымі.Варта часцей пытацца ў родных — жывых бабуль, дзядуль, матуль, татуль — гісторыі пра тое, хто яны, як жывуць сваё жыццё, з якімі выпрабаваннямі сустракаюцца.
Гэта наша багацце — ведаць свой род.
Трэба не забывацца на самае важнае — памяць нашых дарагіх продкаў.
Наста Пабягунская, budzma.org