«Фільтруй базар!»

Шэсць парадаў пра тое, як чытаць навіны ў час перадвыбарчай кампаніі.


З задавальненнем прачытала артыкул Алеся Кіркевіча «Як чытаць навіны і не з’ехаць з глузду». Тры разы — і кожны раз з задавальненнем. Але так і не даўмелася, што хацеў сказаць аўтар. Навіны шкодныя? Чытаць іх не трэба? Трэба «сысці ў лес, які кожны з нас носіць з сабою»?

Безумоўна, можна і так. Але што рабіць, калі твой «лес» — якраз Майдан? Я не кажу пра тых, каму гэта «па пасадзе» трэба — палітыкаў і журналістаў. Што рабіць тым, у каго душа баліць за тое, што адбываецца навокал? Усё роўна казаць «Усё міне, міне і гэта»? Дык тады прасцей легчы і памерці, бо жыццё гэтым і скончыцца, так ці інакш.

У адным спадар Алесь мае рацыю: жыццё ў кожнага сваё. І яно нават не адно. Яно — адзінае. Таму кожны мусіць выбраць, як яго пражыць. Можна ва «ўнутраным лесе», ці, як кажуць іншыя, «унутранай эміграцыі». А можна так, каб на смяротным ложку cказаць: «Гэта было афігенна цікавае падарожжа! Поўнае смутку і радасці, любові і нянавісці, сяброў і ворагаў. І ўсё гэта — з маім удзелам!»

І калі вы вырашаеце пражыць яго па другім варыянце, то вы будзеце чытаць навіны, рэфлексаваць, суперажываць, упадаць у паніку і пераадольваць яе. Не трэба гэтага саромецца і ўнікаць, бо эмоцыі — вельмі важная і вельмі цікавая частка нашага жыцця.

А вось як чытаць навіны, асабліва ў час перадвыбарчай кампаніі, калі іх багата, калі кожны цягне на свой бок, калі навіны маскіруюцца пад прапаганду, а прапаганда — пад навіны? Тут і ёсць некалькі практычных парадаў. Праўда, для гэтага трэба ўключаць мозг. Але гэта таксама цікава і замінае развіццю хваробы Альцгеймера.

1. Давярайце правераным крыніцам інфармацыі

Шмат разоў кіраўнік Сінявокай казаў пра інтэрнэт як пра вялікую сметніцу. Сапраўды, цяпер развялося розных блогераў, тэлеграм-каналаў, інстаграм-акаўнтаў, вайбер-групаў і гэтак далей. І гэтыя «крыніцы інфармацыі» часцяком такімі не з’яўляюцца.

Хрэстаматыйным беларускім журналісцкім прыкладам гэтага была сітуацыя з канцэртам нямецкага гурта «Rammstein» у 2010 годзе. Напярэдадні прыезду нямецкіх цяжкавікоў у сінявокую ў інтэрнэце з’явіўся ліст ад імя ветэранаў, якія патрабавалі забараніць канцэрт «Rammstein», бо тыя разбэшчваюць моладзь, прапагандуюць гомасэксуалізм, парнаграфію і ўвогуле з’яўляюцца фашысцкімі недабіткамі, а гэта непрымальна для краіны, што святкуе 65-годдзе Вялікай Перамогі.

Ведаючы, наколькі ўважліва ўлады прыслухоўваюцца да меркавання ветэранаў, журналісты, што займаюцца культурай, паставілі на вушы ўсіх. Арганізатары канцэрта пра гэты ліст пачулі ад СМІ. Усе аддзелы Мінгарвыканкама, пачынаючы ад аддзела культуры і заканчваючы аддзелам лістоў і зваротаў грамадзянаў стаміліся казаць, што такога ліста не атрымлівалі (але ж мы прывыклі, што нашыя чыноўнікі адкрываюць рот у двух выпадках: ці каб паесці, ці каб схлусіць). Дні тры ўсе «культурніцкія журналісты» спрабавалі знайсці хаця б аднаго чалавека, які гэты ліст бачыў ужывую.

І знайшлі — жартаўлівага блогера. Ён за некалькі хвілінаў зрабіў на камп’ютары бланк невядомай ветэранскай арганізацыі, накідаў ліст і выклаў на сваю старонку нібыта «скан дакумента». А журналісты дарма патрацілі палову тыдня, каб высветліць, адкуль ногі растуць.

Ці нядаўна эксперт аналітычнага цэнтра РГА «Белая Русь» і кіраўнік Цэнтра NOMOS Пётр Пятроўскі распавёў у сябе ў Facebook, што КДБ затрымала 4-х супрацоўнікаў ГРУ Расіі, якія працавалі ў штабе Ціханоўскага. А калі журналісты паспрабавалі ўдакладніць гэта ў КДБ ці ў Ціханоўскай, Пятроўскі сказаў, што гэта быў «жарт».

Чытайце таксама: Чаму эксперт, які напісаў пра затрыманне супрацоўнікаў ГРУ, адзіны fakemaker у гэтай гісторыі

Чым адрозніваецца блогер ці «пісацель у Facebook» ад журналіста? Журналіст — чалавек, адказны перад сваімі чытачамі. Ён, у адрозненне ад блогераў і «тэлеграмаў», павінен правяраць інфармацыю. І калі ён нешта напісаў — значыць, гэтаму можна верыць. Блогер жа пазбаўлены гэтай адказнасці: «Мой блог, што хачу, тое і пішу».

Таму найперш давярайце не «крыніцам інфармацыі», а «сродкам масавай інфармацыі». Імавернасць нарвацца на фэйкі і «разводы» ў іх матэрыялах (у адрозненне ад блогераў) мінімальная.

2. Гугліце

Калі я скажу, «спраўджвайце інфармацыю», прагучыць цяжка, быццам гэта праца, якая патрабуе спецыяльных ведаў. Таму проста гугліце тое, што выклікала ў вас сумнеў ці цікавасць. Гэта тычыцца не толькі навінаў перадвыбарчай кампаніі і гэта зусім не цяжка.

Нядаўна я шукала ў інтэрнэце лекі для сваіх бацькоў і натрапіла на нейкі супер-пупер прэпарат, які выдатна падыходзіў і, больш за тое, нібыта быў сенсацыйнай распрацоўкай беларускага навукова-даследчага інстытута ўралогіі. «Якія малайцы!» — падумала я і паспрабавала знайсці гэты НДІ ўралогіі, каб паглядзець, што яны яшчэ цікавага зрабілі. Па ідэі, у Беларусі кожная дзяржустанова павінная мець свой хоць маленькі, але сайцік. І… высветлілася, што няма ў Беларусі такога НДІ. Кафедры ўралогіі ў медуніверсітэтах ёсць, аддзяленні ў бальніцах — ёсць, лекава-кансультацыйны цэнтр уралогіі і андралогіі — ёсць, а НДІ ўралогіі — няма.

Зразумела, гэтыя лекі я набываць не стала.

Проста гугліце тое, што выклікае ў вас сумнеў. Пацвярджайце тое, што прачыталі, праз Гугл. Гэта дазволіць вам спраўдзіць інфармацыю ці абвергнуць яе. Прынамсі вас не ўвядуць у зман.

3. Не верце таму, «што ёсць апрыёры»

Сумнявайцеся ва ўсім і не падзяляйце безапеляцыйныя выказванні. Свет змяняецца хутка, настроі змяняюцца яшчэ хутчэй, і тое, што было ісцінай учора, сёння можа такой не быць.

Як прыклад — два выказванні. Першае: «Лукашэнка ўжо прайграў», — кажа аналітык, эканаміст Сяргей Чалы. Другое: «Прынцып “любы, абы не Лукашэнка” ў Беларусі не пройдзе: многія беларусы не гатовыя расстацца са стабільнасцю, якой бы яна ні была, дзеля пераменаў», — кажа палітычны кансультант Аляксандр Калтуноў.

Эканаміст Сяргей Чалы абгрунтоўвае сваю думку: Лукашэнку ўжо ніхто не верыць, яго абяцанні не выконваюцца дзесяцігоддзямі, эканоміка краіны ў крызісе, што мы бачым і па заробках, і гэты крызіс пасля выбараў нікуды не падзенецца. «Вярнуць любоў народа немагчыма, а купіць — грошай няма», — тлумачыць эканаміст.

Палітычны кансультант Аляксандр Калтуноў кажа… А нічога не кажа! Проста дадае, што «беларусы хаця і не распешчаныя палітычнай барацьбой, галасаваць за любое прозвішча не будуць». Хаця менавіта так Лукашэнка перамог на выбарах у 1994-м: тады галасавалі за «абы-каго, толькі не Кебіча».

Карацей, ёсць абгрунтаваныя выказванні, як у Чалага, а ёсць безапеляцыйныя «апрыёры», як у Калтунова. Апошнія варта ставіць пад сумнеў.

Яшчэ 500 гадоў таму лічылася, што Зямля стаіць на трох сланах. 150 гадоў таму ўсе верылі, што неба цвёрдае. 70 гадоў таму адзін камп’ютар займаў некалькі пакояў, і думалася, што так будзе заўсёды. Яшчэ ў пачатку 1990-х відэасувязь і мабільны тэлефон лічыліся навуковай фантастыкай. Чалавецтва цягам усёй сваёй гісторыі толькі і робіць, што абвяргае «апрыёрныя» выказванні. Рабіце гэта і вы — тут і цяпер.

4. Спадары «ананімусы»

У век інтэрнэту развялося багата шматлікіх «экспертаў», якія выказваюцца і з той, і з гэтай нагоды. Засцерагайцеся «экспертызаў» ад тых, каго вы не бачылі ў прэсе амаль ніколі. У прынцыпе, тут выйсце тое ж самае — гугліце. Па імені і прозвішчы на раз-два вы даведаецеся пра кампетэнтнасць і адэкватнасць «эксперта па Беларусі».

Але асабліва асцерагайцеся меркаванняў «экспертаў, што пажадалі застацца ананімнымі». Па канонах сумленнай журналістыкі, ананімнай можа быць крыніца інфармацыі. І гэтую інфармацыю ад ананімнай крыніцы журналіст павінен спраўдзіць/пацвердзіць не менш як у дзвюх іншых крыніцаў, незалежных адна ад адной. Эксперт жа не можа быць ананімным. Экспертнае меркаванне мусіць быць як мінімум кампетэнтным. А як можа быць кампетэнтным ананім? Ніяк.

Інакш успамінаецца анекдот ад новых рэалій, калі журналіст тэлефануе эксперту і просіць пракаментаваць нейкую падзею, а той адказвае: «Не магу — у мяне цяпер кантрольная па матэматыцы».

5. Не вядзіцеся на маніпуляцыі

У век інфармацыйных тэхналогій нашай свядомасцю спрабуюць маніпуляваць, і часам — паспяхова. Таму вельмі скептычна стаўцеся да кідкіх загалоўкаў, асабліва калі тыя падштурхоўваюць нешта зрабіць. Вы часцяком такія бачыце: «Шок!», «Гэтае відэа павінен праглядзець кожны!», «Смелая жанчына сказала вось што!», «Мужык паставіць лайк, не мужык гартае далей!», «Аёечкі, што адбылося!». Як правіла, тое, што мы бачым далей у матэрыяле, ніяк не адпавядае абяцанаму. І мы расчароўваемся.

Зазвычай мэта гэтых маніпуляцыяў — утрымаць вашую ўвагу на старонцы сайта/партала ці выклікаць рэакцыю ў выглядзе лайкаў/дызлайкаў. Усё гэта адбіваецца на статыстыцы сайта, а добрая статыстыка — гэта аргумент у размове з рэкламадаўцамі і/ці грошы з рэкламных банераў, якія паказваюцца вам, пакуль вы чакаеце абяцанага «шоку».

І заўважце: як правіла, вы не знойдзеце такіх загалоўкаў і заклікаў на рэсурсах сродкаў масавай інфармацыі — тых, хто гэтую інфармацыю правярае. Дык ці варта весціся на маніпулятыўныя загалоўкі?

6. Стварайце навіны самі

І, вядома, самыя добрыя і правераныя навіны — тыя, якія вы ствараеце самі. Таму — дзейнічайце. Далучайцеся да грамадскіх суполак і ініцыятыў ці стварайце свае ініцыятывы. Станьце назіральнікам на выбарах, падтрымлівайце тых, хто праводзіць кампаніі — ці гэта абарона сквераў і паркаў ад забудовы, ці антыядзерная кампанія супраць будаўніцтва АЭС, ці акцыі ў падтрымку беларускай мовы. Падтрымлівайце петыцыі, шукайце аднадумцаў, ініцыюйце свае праекты, ладзьце супольна што заўгодна — ад святаў да пікетаў. Цяпер кожны можа знайсці занятак па душы.

Будзьце актыўнымі — і тады вы будзеце не чытаць навіны, а ствараць іх. І дакладна будзеце ведаць, што вашая дзейнасць — не фэйк з інтэрнэту.

Аліна Бялова, budzma.by


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!