Урад Польшчы 22 снежня адкрыў беларускамоўную старонку на сваім сайце.

«Інтэрнэт-старонка для грамадзян Беларусі была падрыхтавана для асоб, якія вырашылі легальна знаходзіцца ў Польшчы і маюць патрэбу ў зразумелай, дакладнай інфармацыі адносна жыцця ў нашай краіне. Тут вы знойдзеце карысныя парады наконт афіцыйных фармальнасцей, доступу да выплат, магчымасцей працаўладкавання, вядзення гаспадарчай дзейнасці ці адукацыі дзяцей», — гаворыцца ў прэзентацыйным тэксце на старонцы.
Таксама на сайце адзначана, што «ўвесь апублікаваны змест мае афіцыйны характар і быў падрыхтаваны на падставе дзеючых прававых нормаў, а таксама інфармацыі, прадастаўленай польскімі дзяржаўнымі ўстановамі». «Наша мэта — палягчэнне штодзённага функцыянавання і інтэграцыі грамадзян Беларусі ў Польшчы».
На старонцы карыстальнікам прапануюцца раздзелы «Як можна легальна знаходзіцца ў Польшчы?», «Працэдура адкрыцця банкаўскага рахунка», «Прысваенне нумара PESEL і рэгістрацыя», «Магчымасці працаўладкавання і дапамога ў працаўладкаванні». Таксама можна атрымаць інфармацыю аб сямейных выплатах, пенсіях, абмене вадзіцельскага пасведчання і інш.
Стварэнне старонкі ініцыяваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас адной з сустрэч у канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы, паведамляе АПК. Праца над старонкай вялася паўгода. Інфармацыя будзе абнаўляцца штоквартальна, піша pozirk.online.
«Гэта важны крок у кірунку падтрымкі беларусаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі», — цытуе Латушку прэс-служба АПК.
Ён заклікаў суайчыннікаў звяртацца ў кабінет, калі яны маюць тэмы, важныя для асвятлення на беларускай старонцы ўрадавага сайта Польшчы.