Алесь Тодараў на budzma.org распавядае пра тое, як у наш час стаць незалежным хаця б у фінансавым плане.
Калі вы думаеце, што я зараз пачну распавядаць аб тым, як стаць заможным чалавекам і зарабіць у нашых умовах мільёны — памыляецеся, можаце закрываць артыкул і далей не чытаць. Гаворка сёння пойдзе пра іншае: як стаць незалежным у грашовым плане.
Рэч у тым, што тут няма нейкіх пэўных крытэраў. Аднаму будзе дастаткова і легендарных «папяццот» у месяц, а іншаму мала і некалькіх тысячаў даляраў. І тым не менш ёсць нейкія асноўныя правілы, якія вызначаюць хаця б мінімальны фінансавы поспех. Адпаведна, яны і з’яўляюцца ключом да яго. Давайце паспрабуем разабрацца ў гэтым.
Пачаць, відаць, варта з таго, што многія матывацыйныя кнігі, якія прысвечаны сакрэтам багацця, распавядаюць нам пра нейкі таямнічы вобраз мыслення, які дазваляе людзям багацець. Ну і як жа трэба думаць, каб стаць заможным? — задаемся цалкам лагічным пытаннем. Адказы можна знайсці пад бокам!
Абсалютная цяга да ведаў
Рыхтуйцеся ўвесь час вучыцца! Не думайце, што веды, якімі вы зараз валодаеце, нязменныя, што гэта нейкая абсалютная і непарушная ісціна. Тое, што вы атрымалі за школьнай партай, у каледжы, інстытуце або ўніверсітэце — гэта ўсяго толькі аснова. Яе ўвесь час варта папаўняць і абнаўляць.
Спрабуйце быць увесь час адкрытым для набыцця новых ведаў і не абмяжоўвайце сябе адно сваімі сённяшнімі ведамі. Кожны дзень пашырайце свой уласны кругагляд. Імкніцеся быць абазнаным ва ўсім, што так або іначай тычыцца вашага жыцця і можа прынесці вам хоць бы якія дывідэнды.
Мы прыцягваем поспех, калі менш трацім часу на бескарысныя заняткі, а больш на развіццё. Набытыя веды абавязкова прывядуць да дасягненняў, і гэта не можа не адбіцца станоўчым чынам на вашым фінансавым дабрабыце.
Рэгулярнае чытанне кніг
Спытайце ў любога паспяховага бізнесмена аб яго захапленнях. Першае, што ён назаве — гэта чытанне кніг. Яно падвышае пісьменнасць, якая, у сваю чаргу, уплывае на ўпэўненасць у сабе. А калі ты ўпэўнены ў сабе — ты хутчэй дасягаеш сваіх мэт. Гэта аксіёма!
Можа быць, вы не паверыце, але многія мільярдэры кожны свой дзень пачынаюць і заканчваюць чытаннем кніг. Часта — ніяк не звязаных непасрэдна з іх працай. Бо ў кнігах знаходзіцца досвед папярэднікаў, які можа падаць ідэю або прыдацца для вырашэння нейкай задачы.
Напрыклад, Ілан Маск абавязкова ўключае ў спіс свайго чытання не толькі навуковую фантастыку, але і біяграфічныя творы. У інтэрв’ю часопісу Rolling Stone ён адзначаў: «Мяне выхоўвалі кнігі. Найперш кнігі, а ўжо потым бацькі».
Выхад з зоны камфорту
Бярыце на сябе смеласць рабіць тое, што здаецца вам невыканальным. Любыя магчымыя цяжкасці на сваім жыццёвым шляху спрабуйце ўспрымаць, як выклік, які вам варта пераадолець. Перамога над абставінамі — гэта прыкмета вашага развiцця.
Большасць паспяховых людзей любяць рызыкаваць усім і дзейнічаць тут і цяпер, каб у будучыні прымножыць свае ўкладанні. Але неабходна валодаць магутнай дысцыплінай: эканоміць тады, калі ўсе едуць адпачываць у гарачыя краіны, цешаць сябе пакупкамі і г. д. Часам варта толькі крыху пацярпець, і тады вы сапраўды пачнеце жыць лепш, чым астатнія. Галоўнае разумець, дзеля чаго вы стараецеся, бачыць сваю канчатковую мэту.
Напрыклад, заснавальнік Facebook Марк Цукерберг выдаткаваў шмат часу і высілкаў, каб вывучыць путунхуа — афіцыйна прынятую і ўнармаваную кітайскую мову ў КНР. Як адзначаюць некаторыя знаўцы, зараз у яго нядрэнна атрымліваецца размаўляць.
Адсутнасць фінансавай падушкі
Бедныя людзі забываюць аб стварэнні фінансавай падушкі, назапашванні на старасць ці на магчымы форс-мажорны выпадак. А жыццё, як вядома, вельмі непрадказальнае і кароткае!
Каб не мець лішніх праблемаў, варта заўжды памятаць пра фінансавую падушку бяспекі. Часам лепей адмовіць сабе ў новым смартфоне ці якой яшчэ рэчы, але адкласці грошы. Яны абавязкова вам прыдадуцца ў будучым. У ідэале адкладзеная сума павінна пакрыць выдаткі сям’і з некалькіх чалавек цягам паўгода.
Наяўнасць фінансавай падушкі дазволіць вам выйграць час пры ўзнікненні форс-мажору. Напрыклад, вы зможаце выдаткаваць яго на вывучэнне новай справы, змену роду дзейнасці, не асабліва пераймаючымся пры гэтым аб жыццёвых патрэбах.
І ў перспектыве гэта дазволіць вам знайсці лепшую працу.
Улік асабістых фінансаў
Запісвайце свае даходы, выдаткі і магчымыя планы. Гэта можна рабіць у спецыяльных сервісах і дадатках, так што на запіс пойдзе мінімум вашага часу.
У выніку вы ўбачыце, дзе неабгрунтавана марнуеце вялікія сумы грошай, колькі сыходзіць на крэдыты (калі яны ў вас ёсць) і ці можаце вы дазволіць сабе нейкія сур’ёзныя пакупкі.
Склаўшы выразны план даходаў і выдаткаў, вы зможаце аптымізаваць свае фінансы.
Рабіце тое, што любіце
Шукайце тое, што любіце, і навучыцеся рабіць гэта добра. Поспех у любой справе заснаваны на злучэнні запалу і досведу.
Гаворка не пра хобі, але пра тое, што можа прынесці вам у перспектыве даход. Хай гэта будзе спачатку не асноўная праца, а толькі падпрацоўка. У перспектыве вы можаце цалкам перайсці да таго, што прыносіць вам задавальненне.
Бо згодна са статыстыкай, лепш развіваецца тая справа, дзе чалавек мае асабістую зацікаўленасць.
Не чакайце адабрэння
Мы жывем у такім рэгіёне, дзе ўсё яшчэ прынята чакаць адабрэння іншых. Здаецца, часам прасцей пайсці месці вуліцу, чым быць «прынятым», асабліва старэйшым пакаленнем.
Ім цяжка зразумець, што каб быць як мінімум фінансава незалежным, зусім не абавязкова хадзіць у офіс па буднях з 9 да 18. Можна проста працаваць на сябе і атрымліваць задавальненне ад таго, чым займаешся.
Калі вы задумалі нейкі грандыёзны план, які здольны перавярнуць вашае жыццё, не варта чакаць, пакуль яго ўхваляць навакольныя. Спрабуйце, рызыкуйце, рэалізуйце! Лепш шкадаваць пра тое, што не атрымалася, чым аб тым, што наогул так і не было зроблена.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org