Фолк-фэст «Камяніца»: штосьці можа змяніцца

8

Багатымі на падзеі выдаліся мінулыя выходныя для аматараў добрай музыкі. Адно з іх — фестываль фальклорнай музыкі «Камяніца», які прайшоў у другі раз на тэрыторыі Музея архітэктуры і побыту «Строчыцы», што месціцца за 4 кіламетры ад Мінска ў вёсцы Азярцо.

1

Каля дзвюх тысяч гасцей сабраў гэтым разам фестываль. «Хоць музей існуе ўжо 30 гадоў, многія апынуліся тут упершыню», — расказаў каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец. Паводле задумы арганізатараў, усе сродкі ад продажу ўваходных білетаў (дарэчы, гэта ўсяго 6300 для дарослых і 3150 для школьнікаў) будуць адпраўленыя на рэстаўрацыю аб’ектаў музея, якія маюць у гэтым асабліва вострую патрэбу.

2

Што з паркоўкай будзе праблема, стала зразумела адразу пасля паказальніка ў бок музея. «Паркуйцеся там, свабодных месцаў няма», — такі быў вердыкт.

3

Па дарозе да фестывальнай пляцоўкі (10-15 хвілін хады) можна было азнаёміцца з музейнай экспазіцыяй, якая ўключае 25 аўтэнтычных драўляных забудоваў канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў.

4

Гурт GUDA

Паказаўшы ахоўнікам на апошнім (трэцім) кардоне змесціва заплечніка, праслухаўшы лекцыю аб непажаданасці курэння на тэрыторыі (пацешна, але нават музыкам даводзілася адыходзіць далей у лес, каб спакойна пакурыць), наведнікі трапілі на маляўнічы луг, аблямаваны лесам, з млыном унізе і царквой на ўзгорку.

5

Руся, гурт Akana

Каля млына можна было паўдзельнічаць у народных забавах, тыпу пастраляць з лука, пабіцца на стылізаваных мячах або даведацца пра свой лёс у лясной сірэны Зазоўкі, што варожыць па кельцкіх рунах. Камусьці выпала руна перамогі, іншаму — руна шляху.

6

А над узгоркамі ды пад аблокамі ўжо паплылі мілагучныя напевы архаічных абрадавых песняў у выкананні гурта GUDA. Затым на сцэну падняліся маладыя выканаўцы — групы «Рокаш» і «Бі-фолк» (Гомель). Як сказаў вядоўца фэсту Алег Хаменка («Палац»), яны могуць годна прадстаўляць Беларусь на фолк-фэстах іншых краінаў.

7

Лявон Вольскі

Эксперыментальны фолк Akana на чале з «рок-князёўнай» Русяй — аўтэнтычныя народныя песні пад акампанемент саксафона, кантрабаса і перкусіі — таксама знайшоў свайго слухача.

«Сёлета на нашым фэсце амаль што гомельскі дэсант», — сказаў Алег Хаменка, прадстаўляючы гурт «Бан-Жвірба». І хлопцы ў даматканай вопратцы сур’ёзна ўвалілі хуліганістага фолк-року. Падтрымаў гуллівы настрой Леанід Паўленак са сваім «Маланка Аркестрам». Публіка падцягнулася бліжэй.

9

«Маланка электра-мікс» доўга б яшчэ гучала ў галовах слухачоў, але на сцэну ўжо выйшаў адмысловы госць фестывалю — Лявон Вольскі, які заўсёды знойдзе чым разварушыць публіку.

10

Гурт «Палац»

Этна-трыа «Троіца» з Іванам Кірчуком заваражыла, завяла ў даўніну, дазволіла дакрануцца да таго нябачнага, што ідзе ад самой зямлі нашай.

11

Гурт «Палац»

Апошнія фестывальныя паўгадзіны прайшлі пад дружныя шматгалосыя распевы хітоў «Палаца». А пры канцы, як і абяцаў Алег Хаменка, усіх чакаў відовішчны сюрпрыз — салют.

12

Беларусі з яе багатай музычнай спадчынай так не хапае добрых фестываляў. Было б выдатна, калі б «Камяніца» змагла гэтую сітуацыю змяніць.

На першым фота: Іван Кірчук, гурт «Троіца»