Пісьменніца Ганна Златкоўская разважае пра крытыку расейцамі Беларусі. Такіх пастоў апошнім часам у сацсетках даволі шмат, і яны сапраўды раздражняюць. Але ці заўжды гэтая крытыка абсалютна беспадстаўная?
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Нішто так не раздражняе, як крытыка з боку расейцаў. Яны апошнім часам запаланілі Менск і Беларусь, шмат хто паводзіць сябе так, быццам наша краіна ім нешта павінна. Напрыклад, хочуць дазволу аплочваць прадукты расейскім рублём. Іх здзіўляюць шыльды на беларускай мове, чысціня ў горадзе і нянавісць беларусаў да паркоўкі на газоне. Увогуле, каб зразумець, наколькі расейцы ўспрымаюць Беларусь як краіну, якая мусіць іх абслугоўваць, дастаткова пачытаць Трэдс і афігець.
Але здараецца і так, што нехта піша даволі слушныя рэчы.
Гэта ж нармальна: калі ты наведваеш новую краіну, то складаеш пра яе свае ўражанні. Немагчыма захапляцца ўсім.
Напрыклад, мая сяброўка была ў Барселоне і расказвала, што ёй спадабалася, а што не. Так, яна адзначыла, што на вуліцах было зашмат смецця, хаця горад сам, безумоўна, прыгожы.
Я вось вельмі люблю Вільню, але мне не падабаюцца савецкія панэлькі, яны ўвогуле не падабаюцца ні ў адным горадзе. Калі былі ў Будапешце, горадзе, які вельмі нахвальвалі, то таксама адзначылі, што ён не надта чысты, што цяжка дыхаць — так шмат машын, што не хапае нейкага асаблівага эстэтычнага вайбу, нягледзячы на прыгожую архітэктуру. Так, я ў захапленні ад Прагі, але прабачце, ні чэшская ежа, ні піва мне не спадабаліся.
Ганна Златкоўская ў Празе. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Тое самае можна казаць і пра Беларусь. Вось напісала госця з Расеі (але пішу гэта — і таксама трошкі падкідвае, бо тэма вайны вельмі балючая), што ёй не асабліва спадабаліся нашыя прадукты, яны звычайныя. Архітэктура нудная, глядзець асабліва няма на што, а горад нежывы, няма энергіі. У яе словах не было знявагі, толькі асабістыя ўражанні — і ўсё, дзяўчыну тут жа абвінавацілі ва ўсіх грахах.
Лічу, што насамрэч гэта нейкі комплекс — не прымаць крытыку. Адна справа, калі чалавек проста накідвае брудныя заўвагі, іншае — калі гэта звычайныя думкі пра месца, якое ўбачыў упершыню.
Я вось заўсёды любіла Мінск, бо гэта мой родны горад, але зараз я магу сказаць — не, гэта дакладна не самы прыгожы горад у свеце. Нават параўноўваючы Мінск з Вільняй, магу сказаць, што жыць мне больш падабаецца менавіта ў Вільні. Тут больш дрэваў і ўвогуле паркаў, тут шмат месца для прагулак.
У горадзе ёсць экасцежкі! Нават не трэба нікуды ехаць аўтамабілем, каб пабываць у лесе. Таксама ў Вільні шмат пляцовак для дзетак: футбольныя палі, баскетбольныя і валейбольныя пляцоўкі, іншыя дзіцячыя комплексы. Нават не ў самым сучасным раёне будзе па некалькі такіх зонаў, каб малыя ды падлеткі маглі гуляць. У Мінску я жыла ў цэнтры горада, мой сын заўсёды любіў гуляць у мяч і хацеў ганяць яго на футбольным полі, але адзінае поле было пры школе, на якое нікога не пускалі. Тут, у Вільні, проста — заходзь і гуляй, аніякі вахцёр цябе не прагоніць.
Я таксама бачыла, што Мінск — больш абыякавы горад. Памятаю, як мы прыехалі дадому з Кіева і адразу адчулі, наколькі беларуская сталіца іншая. Так, спакойная, але гэта больш пра адсутнасць яскравага жыцця і свабоды, чым проста пра энергетыку. Пры гэтым Кіеў таксама не зусім падабаецца.
Пра кожны горад і краіну можна гаварыць рознае. Падкрэсліваць асаблівасці, прымяраць нейкія рэчы на сябе, прыслухоўваючыся да сваіх пачуццяў: камфортна? Падабаецца? Небяспечна? Хтосьці любіць італьянскую пасту, а камусьці больш да душы дранікі ці цэпеліны.
І калі адкінуць балючую тэму вайны і расейцаў, якія жывуць так, быццам нічога страшнага не адбываецца (адкінуць цяжка, згодная), то яны таксама маюць права выказваць свае думкі пра ежу ці прыгажосць архітэктуры.
Я вось таксама ніколі не разумела гэтага ажыятажу вакол беларускай малочкі. У Літве ў краме без праблем можна набыць смачны глазураваны сырок. Пры гэтым для мяне марозіва «Вавёрачка» — найлепшае ў свеце.
Калі мы з цікавасцю слухаем чужыя думкі і нават аргументаваную крытыку пра родныя месцы, гэта дае нам больш досведу і больш шырокую карціну свету. Такім чынам мы можам рабіць лепшым свой край, рабіць менавіта тое, што нам падабаецца.
Не кожнае крытычнае слова варта ўвагі. Але здараецца, што нейкія ідэі, якія мы падгледзелі ў іншых краінах, можна рэалізаваць і ў сваім доме. Бо калі мы жывем па прынцыпе: «Пра Беларусь — толькі добрае і больш нічога», то не заўважым і той трагедыі, што адбываецца кожны дзень. Гэта таксама той самы дыктат, у якім няма нічога карыснага.
Ганна Златкоўская, Budzma.org