Да 80‑годдзя пісьменніка на пляцоўцы Ossolineum (Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы) рыхтуецца юбілейная вечарына.
«Праз месяц, 11 ліпеня, мне 80. Як бы юбілей. Ва ўсякім разе па пашпарце. Да гэтага як бы юбілею выдаюцца тры кнігі. Зборнік апавяданняў «Святая крыніца» (па-беларуску і па-польску), раман «Гэй Бэн Гіном» у перакладзе на польскую і драматычныя паэмы «Літвіны», якія напісаў я, каб яшчэ раз засведчыць наша права на спадчыну ВКЛ, адмовіць у якім сённяшнім беларусам спрабуюць не толькі нашы суседзі з усходу, але і з захаду.
Ва Уроцлаве, дзе я жыву і пішу тры апошнія гады, на пляцоўцы Ossolineum (Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы) рыхтуецца юбілейная вечарына. Мяркуецца, што на ёй будзе паказаная сцэна з драмы «Ягайла». Праблема ў акторах», — піша Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Таксама пісьменнік публікуе сцэну з драмы і звяртаецца з пытаннем да знаўцаў-тэатралаў: хто ў гэтай сцэне мог бы сыграць Ягайлу і Ядзвігу?
ДЗЕЯ ДРУГАЯ, СЦЭНА СЁМАЯ

Сватанне Ягайлы
Лета 1399. Каралеўскі замак у Кракаве. Спальня каралевы Ядзвігі. У спальні Ядзвіга на ложку ў падушках, пакаёўка Стася, доктар, ксёндз.
ЯДЗВІГА да Стасі, якая прыбірае яе, учэсвае
Адкуль ты, Стася?
СТАСЯ
З Нальшы, каралева.
ЯДЗВІГА
А дзе ёсць Нальша?
СТАСЯ
Дзе Літва. Дзе Крэва.
ЯДЗВІГА
У Крэве я была. Дванаццаць год таму.
З Ягайлам, з каралём… Я глянуся яму
Такая сёння?.. Толькі, як на троне,
Ты пасадзі мяне… Вышэй… Прыпадымі…
Сама я не магу… За плечы абдымі…
Дык глянуся такая?.. Побач з ім…
СТАСЯ
Няма на гэтым свеце і на тым
За каралеву прыгажэй красы…
Яшчэ паправім трохі валасы.
ЯДЗВІГА
А ты была на свеце тым?
СТАСЯ
Бывала.
ЯДЗВІГА
І што там бачыла?
СТАСЯ
Не заўважала
Ніякай розніцы. Такі ж набор пакут
І радасцяў людскіх. Што там яно, што тут:
Спакусаў вельмі шмат, а грошай вельмі мала.
КСЁНДЗ
Ты б языком падлогу замятала,
Каб у мяне служыла!..
СТАСЯ
Я павінна
Такое слухаць?.. Я вам не анучка!
Князёўна я! Я Маргера праўнучка,
Які стрыечным братам Гедыміна
І дзядзькам Кейстута з Альгердам быў!
Я каралю праз Маргера радня!..
ДОКТАР
Ды ціха, ціха! Не бывае дня,
Каб вы не пасварыліся… Забыў
Я зноў праз вас даць зёлкі каралеве.
СТАСЯ, дапамагаючы Ядзвізе выпіць зёлкі
Сама я назбірала іх у Крэве,
Дай Божа, каб яны дапамаглі…
КСЁНДЗ
Дзе тое Крэва! На краі зямлі.
Чаго вы, каралева, там былі?
ЯДЗВІГА
Дык там і вы былі. Касцёл там асвячалі.
Ці вы былі, а дзе былі, не зналі?..
Я чую: ён ідзе… Вышэй, вышэй мяне…
Каб як на троне… Можа, у кароне?
СТАСЯ
Так, лепш у ёй, калі ўжо як на троне.
(Надзявае карону, папраўляе валасы.)
Ой, ваша прыгажосць Ягайлу скалане!
ЯДЗВІГА
І шалік мой накінь на плечы мне…
(Стася накідвае на плечы Ядзвігі белы шалік, падараваны Ганнай.)
ЯГАЙЛА, з’яўляючыся, да доктара
Ці я ўвайсці магу?
ДОКТАР
Вы тут кароль… Вы вольны…
ЯДЗВІГА
Ягайла, гэта ты? Няхай адчыняць вокны…
ДОКТАР да Ягайлы
Не лепшы дзень сягоння. Мокрадзь. Золь.
ЯДЗВІГА
Мне сёння лепш…
ДОКТАР да Ягайлы сцішана
Баюся я, кароль,
Што лепш апошні раз.
ЯДЗВІГА да доктара і ксяндза
Прашу я выйсці вас.
ЯГАЙЛА
Яны тут мусяць быць…
ЯДЗВІГА
Кароль!.. Ты можаш вокны адчыніць?
(Ягайла робіць знак, каб усе выйшлі. Ксёндз запальвае свечку, усе выходзяць. Ягайла адчыняе вокны.)
Ты можаш падысці… Пацалаваць руку…
Калі наеўся нават часныку.
(Ягайла падыходзіць, цалуе, адыходзіць.)
Так, як упершыню… Цяпер як слуп не стой…
ЯГАЙЛА
Я буду на зямлі і пад зямлёй
Стаяць прад каралеваю маёй.
ЯДЗВІГА
Прысядзь, Ягайла…
ЯГАЙЛА
Дзе ты загадаеш?
ЯДЗВІГА, здымаючы карону і падсоўваючыся
Што ж ты за муж такі, калі не знаеш,
Дзе тваё месца каля жонкі ў ложку?..
ЯГАЙЛА, сядаючы
Спакусліва з-пад коўдры высунь ножку —
І я ўваскрэсну, як не паміраў!
ЯДЗВІГА
Хто так казаў?
ЯГАЙЛА
Князь Маргер так пісаў,
Калі быў малады. Ён у свае гады
Ваяка быў. А заадно й віція…
ЯДЗВІГА
Ён забіваў людзей?.. А ты, Ягайла?..
ЯГАЙЛА
Тыя,
Каго я забіваў, маглі забіць мяне.
ЯДЗВІГА
А страшна на вайне?
ЯГАЙЛА
Спачатку. Потым — не.
ЯДЗВІГА
Як у мяне з табой.
ЯГАЙЛА
Я быў такі страшны?
ЯДЗВІГА
Быў не такі, як сніўся… Тыя сны
Забыліся… Забыўся нават ён…
ЯГАЙЛА
Вільгельм?
ЯДЗВІГА
Вільгельм…
Ён — мой апошні сон.
ЯГАЙЛА
Я часцяком той сон успамінаў.
ЯДЗВІГА
І раўнаваў?
ЯГАЙЛА
У карты абыграў,
Каб ён і пра мяне не забываў.
ЯДЗВІГА
Ты з ім гуляў у карты?
ЯГАЙЛА
Я гуляю
З усімі і ва ўсё. Нікога не змушаю,
Ён сам прапанаваў. Я з ім гульнуў —
І дзвесце тысяч адкупных вярнуў.
На іх табе пярсцёнкаў накупляў.
ЯДЗВІГА
На дзвесце тысяч?..
ЯГАЙЛА
Не. Палову прагуляў.
ЯДЗВІГА
Жартуеш… Вось адкуль мае абновы…
А з кім гуляў ты?..
ЯГАЙЛА
З Вітаўтам…
(Сур’ёзна.)
Палову
Аддаў я Вітаўту ў казну Літвы.
ЯДЗВІГА
Усё жыццё варагавалі вы…
ЯГАЙЛА
Ды што ты, не… Такая ў нас гульня.
Нам без яе ўжо не пражыць і дня.
ЯДЗВІГА
А без мяне…
ЯГАЙЛА, парывіста абдымаючы Ядзвігу
Не! Без твайго кахання
Не будзе мне жыцця! Ты больш мне, чым радня!..
ЯДЗВІГА
Мне сёння трохі лепш было ад рання,
Цяпер жа зноўку горш…
ЯГАЙЛА
Мая ты яска…
ЯДЗВІГА
Ты б расказаў, кароль, для яскі сваёй казку
Пра каралеву… Як жыла-была…
Ты мала быў са мной…
ЯГАЙЛА
Даруй… Дзяржава… Справа…
ЯДЗВІГА
Ягайла, гэта я — твая дзяржава.
Я каралева ў ёй…
ЯГАЙЛА
Ты каралева ў ёй…
ЯДЗВІГА
Але Літвой тваёй
Стаць не змагла я… Мусіць, месца мала
Для дзвюх у сэрцы…
ЯГАЙЛА
Ты адзінай стала!
Другой няма! Ніколі не бывала!..
Ягайла і Вітаўт з жонкамі каля Вечнага Зьніча.
ЯДЗВІГА
Дык вось я і кажу, што месца ў сэрцы мала.
Таму так цісне. Потым разарвецца
І спыніцца…
ЯГАЙЛА
Не рві маё ты сэрца…
ЯДЗВІГА
Не рваць тваё?.. Дык я тваё й не рву…
Хай б’ецца ў Польшчы… Вернецца ў Літву…
Ты помніш, мы былі з табою ў Крэве.
Быў дождж такі… Залева… І ў залеве
Маланкі бліскалі, качаліся грамы —
Такі быў Божы жах на свеце ўсім, а мы
Стаялі на гары… Забылася, якой…
Як звалася гара?
ЯГАЙЛА
Ярылавай гарой.
ЯДЗВІГА
Ярылавай. Я ўспомніла… І ты,
Хоць побач з той гарой касцёл стаяў святы,
Сказаў мне распрануцца… Я змагла…
ЯГАЙЛА
Ты, як багіня, на гары была…
ЯДЗВІГА
І ты на той гары, як бог, мяне кахаў…
А калі сціхла ўсё, ты мне сказаў,
Што бога я зачала ад Ярылы…
Ды бога я табе не нарадзіла,
Не нарадзіла нават каралёў…
ЯГАЙЛА, гладзячы Ядзвігу па валасах
Нічога, мая любая, нічога…
ЯДЗВІГА
Нікога я не выпрасіла ў Бога!..
Не ведаю, што я ў жыцці такога
Зрабіла, што пракляў ён нашу кроў?..
ЯГАЙЛА
Ты нарадзіла для мяне любоў…
ЯДЗВІГА
А потым мяне голую павёў
Ты да ракі… Там шмат было народу,
А мне было не сорамна… І ў воду
Зайшла з усімі я… Зрабіла першы крок
Я да тваёй Літвы… І нехта мне вянок
Надзеў на галаву… Мяне за рукі ўзялі
І павялі… І ціха заспявалі…
(Спявае ціха.)
Купалінка, Купалінка, цёмная ночка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка?..
ЯГАЙЛА
Чаму ты змоўкла?
ЯДЗВІГА
Бо памерла дочка…
Ты бачыў, у яе такія вочкі,
Як у цябе… Валошкамі цвілі…
Ягайла, каб усе яны былі
Жывымі… нашы дзеці… нарадзілі
Сваіх дзяцей… а тыя ўжо сваіх…
І калі б мы з табой прыйшлі да іх…
Праз пакаленні… разам пасадзілі
Усіх… што б ты сказаў ім?..
ЯГАЙЛА
Сказаў бы, як кахаў цябе… Кахаў
Каханнем тым, што выбрана не намі,
А Богам выбрана, што на сваім вяку
Я праз цябе з віною і грахамі
Прайшоў, нібы праз горную раку,
Дзе берагі іскрылі, як каралі,
Дзе й следу не пакінула брыда!..
Што не баюся Божага суда,
Бо ты мяне абмыла, як вада,
Якою пры хрышчэнні абмывалі.
ЯДЗВІГА
Дык гэта мне сказаў бы ты… А ім
Што б ты сказаў?
ЯГАЙЛА
Не ведаю, якім
Той будзе свет, але і ў свеце тым
Будуць судзіць мяне і, пэўна, вінаваціць,
Што страціў тое я, што мог не страціць, —
Дык я сказаў бы… Не, спытаў: а вам
Усё ўдалося?.. І вы ўсё зрабілі,
Каб вас нашчадкі вашы не судзілі?..
(Устае, паварочваецца да залы.)
Дык слухайце!.. Я крыжакам
Пацвердзіў Жмудзь пасля Міндоўга,
Бо не яна Айчына нам —
І ў нас няма прад ёю доўгу.
А доўг ва ўсіх у нас адзін:
Перад Літвою доўг вялікі
Яшчэ з пары, як Гедымін
Заваяваў сталіцу вількаў.
Праз гэты доўг —
супроць Масквы —
Я з Польшчай ажаніцца мусіў,
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб л ё с Вялікае Літвы
Не стаўся л е с а м Беларусі.
Ды ўсё дарма… Вы лес апелі.
Згубілі ўсё, што продкі мелі,
Ператварылі край ваўкоў
У край зайцоў…
Я маю права
Спытацца з глыбіні вякоў:
Вы хто — народ?
Вы што — дзяржава?
Адкуль, калі няма слядоў?
Пазнаўшы зайца па губе,
Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
Як Беларусь вы на сябе,
На край літвінаў нацягнулі.
Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Не сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной —
І тая назва стала вамі.
Вы — беларусы? Хто такія?
Ёсць Польшча,
Жмудзь,
Літва,
Расія —
Як вы ўшчыміліся сярод?
Адкуль з’явіліся? З балот?
З чаго зляпіліся? З туманаў?..
Такіх падмен,
Такіх падманаў
Не ведаў ні адзін народ.
І што цяпер? Хай так і будзе,
Абы не горш? Вы што за людзі:
Вам звацца хочацца людзьмі,
Ці імі быць,
Ці біцца ў грудзі —
Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?..Новости Беларуси
ЯДЗВІГА, памаўчаўшы, ціха
Згарае свечка ўжо. Задзьмі.
(Урываецца скразняк, гасіць свечку, падхоплівае і выносіць у вакно шалік Ядзвігі.)
Так вецер словы вынесе твае…
Хто іх пачуе? Толькі я і вецер…
Што за вакном?.. Ці раніца?.. Ці вечар?..
Ягайла… Час расстання настае…
Сядзь да мяне… Мне стала страшна, мілы.
ЯГАЙЛА
Не бойся. Свечку ветрам загасіла.
(Бярэ Ядзвігу з падушак, люляе.)
ЯДЗВІГА
Вось мы з табой з’явіліся… жылі…
Скажы… а мы шчаслівымі былі?
ЯГАЙЛА
Чаму спытала ты?
ЯДЗВІГА
Бо паміраю.
Паабяцай, Ягайла…
ЯГАЙЛА
Абяцаю…
ЯДЗВІГА
Глядзі… Там, у вакне… Там нейкі белы птах…
ЯГАЙЛА
Так, белы птах…
ЯДЗВІГА
Ягайла, ён за мною…
Паабяцай, што як мяне трымаеш на руках,
Люляеш, як дзіця, таксама Польшчу будзеш
Трымаць, люляць… Калі мяне забудеш,
Яе не забывай… Хай будзе Бог з табою…
З маёю Польшчай… і тваёй Літвою…
Ягайла…
ЯГАЙЛА
Што?..
ЯДЗВІГА
Якое…
ЯГАЙЛА
Што якое?..
ЯДЗВІГА
Якое сэрца ўсё ж… зусім… малое…
ЯГАЙЛА, люляючы Ядзвігу, ціха, скрозь слёзы пяе
Гой, літвіны, гой,
Сонца над Літвой,
Калі сонца над Літвою,
Час жыта жаць.
Час жыта жаць,
У снапы вяза
І цапамі весела на таку скакаць.
Гой, літвіны, гой!
Хмары над Літвой!
Калі хмары над Літвою,
Час ваяваць.
Час ваяваць,
Конікаў сядлаць,
Шаблямі ды дзідамі хмары разганяць.
Гой, літвіны, гой…
Гора за гарой…
Калі гора за гарою… час баляваць…
Час баляваць… чаркі падымаць…
Жоначку на ложачку… час… пакалыхаць…
ГОЛАС знадворку
Памерла каралева! Гэты боль
Не спыніць сэрца Польшчы! Сэрца б’ецца,
Хоць і баліць…
ЯГАЙЛА
Ядзвігай боль завецца…
ГОЛАС
Няхай жыве кароль
Літвы і Польшчы!..
ЯГАЙЛА, цалуючы Ядзвігу
Хай жыве кароль…
Малое ўсё ж… зусім малое сэрца…