Беластоцкая фундацыя «Tutaka» набралася досведу працы за мінулыя два гады і гатовая пашыраць уплыў на культурніцкае жыццё Падляшша з улікам павелічэння беларускай прысутнасці тут. «Варта разглядаць Падляшша як натуральны падмурак, натуральны асяродак для развіцця беларушчыны», — лічыць кіраўнік фонду Павел Станкевіч.
Павел Станкевіч
Фестываль Абуджаных «Тutaka» (https://budzma.org/news/tutaka.html), які стаў пераемнікам легендарнага «Басовішча» ў Гарадку пад Беластокам, фэст беларускай традыцыі «Сонцаграй», Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы — ужо сталі заўважнымі падзеямі на Падляшшы. Кіраўнік фонду «Tutaka» Павел Станкевіч і сябра праграмнай Рады фонду, журналіст Зміцер Косцін распавялі Budzma.org пра дасягненні, планы і мэты працы фундацыі.
Павел Станкевіч: Маем шмат сур’ёзных планаў на 2023 год — і ўжо ёсць частковае фінансаванне. Можам назваць сем буйных праектаў. Сярод іх ужо вядомыя фестываль беларускай традыцыі «Сонцаграй», фэст Абуджаных «Тutaka», фэст «Бардаўская восень». Зараз мы ўжо абвясцілі (дзякуючы Budzma.org гэтая інфармацыя разышлася) ІІ Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы, яго фінал пройдзе 21 лютага. Калі летась конкурс быў абмежаваны тымі, хто знаходзіцца ў Польшчы, то пасля процьмы заявак і з Беларусі, і з ЗША, і з Вялікабрытаніі, і з многіх іншых краін зразумелі, што конкурс можна зрабіць міжнародным.
Летась нам таксама ўдалося стварыць разам з Ірынай Мазюк, вядомай спецыялісткай па фальклорным спеве, мужчынскі хор Zhraja, які займаецца беларускай народнай песняй. Будзе, спадзяемся, працяг супрацы.
Стварылі серыю ролікаў пад агульнай назвай «Хто ты гэткі?», летась яны былі прысвечаныя беларускай культуры, у працягу будзем казаць пра беларускую гісторыю. І ў адным, і ў другім выпадку з такой вось падляскай кропкай гледжання. Увогуле, мы лічым,
што беларушчына не абмежаваная рамкамі дзяржавы, на Падляшшы беларушчына заўсёды была. А цяпер, як мне падаецца, калі ў такой велізарнай колькасці беларусы вымушаныя з’язджаць з краіны, то варта разглядаць Падляшша як натуральны падмурак, натуральны асяродак для развіцця беларушчыны.
Мяркую, што калі ёсць магчымасць у натуральным асяроддзі ствараць, развіваць, падтрымліваць сваю культуру, варта глядзець на Падляшша. Таму мы так шмат кажам не проста пра беларускую культуру, але і пра падляшскі кантэкст.
І яшчэ будуць падкасты, шэсць беларускіх падкастаў з перакладам на польскую мову. Ёсць у нас такая мэта: давесці палякам пра беларускую культуру, для пачатку — пра традыцыйную культуру.
Ёсць задумкі наконт пашырэння курсаў «Мова нанова» на больш шырокую аўдыторыю. Маю на ўвазе, польскамоўных беларусаў. У Польшчы вельмі часта беларусы не маюць іншага досведу стасункаў на беларускай мове, акрамя як у сваёй бацькоўскай хаце. Прычым тут таксама ёсць такія тэндэнцыі, што бацькі да сваіх бацькоў звяртаюцца на мове ці падляшскім дыялекце беларускай мовы, а вось ужо да дзяцей — па-польску. Я сам з такой сям’і. Я бачу, што зацікаўленасць такімі заняткамі ёсць, але магчымасцей няма. Не кожны мае такое велізарнае жаданне, каб самому вывучыцца — гэта складаны даволі шлях.
Таксама хочам паспрабаваць зрабіць рэканструкцыю народных строяў беларусаў Падляшша.
Зміцер Косцін
Зміцер Косцін: Я заангажаваны ў працу фонда «Тutaka» з кастрычніка 2020 года — з канцэрта «Сэрцам з Беларуссю». А мінулы год прайшоў для мяне не толькі пад знакам маёй журналісцкай працы на Polskie Radio Białystok, але і пад знакам актыўнасці і дзейнасці разам з фондам «Тutaka».
Фонд даў магчымасць не толькі дапамагаць пры стварэнні ўжо дзейных праектаў, але таксама свае прапановы рабіць і рэалізоўваць. Летась адна з такіх прапаноў удалася — гэта фэст беларускай традыцыі «Сонцаграй». Хаця напачатку нішто не гаварыла, што ўдасца знайсці мінімальныя фінансавыя магчымасці.
Некаторыя дзеянні, на маю думку, стануць важнымі для развіцця беларускай культуры, для рэкламы беларускай традыцыйнай культуры перадусім ва аўтэнтычным варыянце. Беласточчына — гэта абшар, дзе жывуць беларусы, і жывуць стагоддзямі. Пры гэтым заўважна, што важны элемент знікае — традыцыйная культура.
Стала вельмі мала людзей, якія займаліся і займаюцца гэтым. Тут вялікая пашана спадару Дарафею Фіёніку са Студзіводаў, каторы з аднадумцамі зрабіў аграмадную працу — паспелі запісаць яшчэ аўтэнтычныя гурты, стварылі студыю традыцыйнага фальклору. Але, здаецца, тут яшчэ ёсць куды пашыраць і над чым працаваць. Шчыра кажучы, апошнімі дзесяцігоддзямі беларуская культура сярод палякаў, ды й сярод мясцовых беларусаў, успрымалася як эстрадна-домкультурскі савецкі варыянт, у такіх кічавых залатых строях, какошніках, у тым, што не прываблівае да атаясамлівання. Ну вось неяк няёмка слухаць ад гурта з мясцовасці, дзе стасуюцца цудоўнай беларускай гаворкай, падобнай на палескую, песню «Сяброў» «Полька беларуская» на літаратурнай беларускай мове ці песню «Чарка на пасашок». То-бок мясцовыя калектывы перасталі выконваць тыя цудоўныя песні, якія спявалі іхнія маці ды бабулі.
І мы падумалі, што варта было б мясцовыя гурты скіраваць у напрамку мясцовага фальклору. І знайшлі два маладыя гурты, трэцяму ўжо больш за 20 гадоў. Дзякуй спадарыні Ірыне Мазюк, якая правяла для ўсіх іх майстар-класы. У часе невялікіх канцэртаў прадстаўлялі аўтэнтычныя песні перад запрошанымі гасцямі, пазней зрабілі вялікі фінал, дзе быў прадстаўлены і беларускі хор з Падляшша, і традыцыйны фальклор з Беларусі, запрасілі таксама гурт Kriwi, каб паказаць, што традыцыйны спеў — гэта не толькі акапэла, гэта таксама штосьці такое, з чаго можна чарпаць і сёння і для сёння. Паказаць, што традыцыйная культура можа быць падмуркам для сапраўды сучаснага мастацтва. Kriwi стаў якраз тым элементам на фэсце, які паказаў, што традыцыю зарана спісваць у архіў, што яна — жывая.
Акрамя спеваў, на фэсце знайшло сваё месца і беларускае рукадзелле, праводзіліся шматлікія — па працы з тэкстылем, з выплятаннем паясоў, з вырабам выцінанак. Усё гэта адбывалася ў адной прасторы, у каторую таксама запрашалі розныя гастранамічныя мясцовыя гурткі, якія паказвалі багацце падляшскай беларускай кухні. І мы пабачылі, што гэта цікава не толькі мясцовым беларусам, што гэта цікава і палякам, што гэта — цікавы турыстычны прадукт. Пабачылі не толькі мы, мясцовае самакіраванне падтрымала нас, нярэдка дзякуючы ім удавалася ўвогуле зрабіць многія рэчы. Яны ўбачылі патэнцыял, яны яго і так бачылі, але ім не хапала такога вось рухавіка як наш фонд.
Павел Станкевіч: Акрамя ўсіх традыцыйных тэмаў, нам таксама вельмі важная сучасная культура. Фэст Абуджаных «Тutaka» бачым такой прасторай, дзе можна даведацца, што новага адбываецца ў сучаснай беларускай культуры. Каб можна было гаварыць увогуле пра далучэння да мастацтваў — да тэатру, літаратуры, да ўсяго. Ды і ў «Бардаўскай восені» спрабуем крыху мяняць фармат. Канечне, бардаў варта захаваць і варта прыцягваць людзей да музыкі, але хочам ісці больш у такі бок, каб з нагоды бардаў проста размаўляць пра беларускую паэзію, ці ўвогуле пра літаратуру. Летась былі ўжо і сустрэчы з пісьменнікамі, прэм’ера спектаклю, маем планы стварыць тэатральную лабараторыю ў Беластоку. Бо калі ідзе пра прафесійнае тэатральнае жыццё, то тут амаль нічога не адбываецца па-беларуску.
Хочам стварыць умовы развіцця беларускім акцёрам, рэжысёрам, сцэнарыстам у рамках сучаснага еўрапейскага тэатру. Каб беларускі тэатр не сядзеў увесь час на спіне Астроўскага ды Чэхава, але каб бачыць, як яно ёсць у іншых краінах, які тэатр можа быць разнастайным.
На базе такой вось тэатральнай лабараторыі можна будзе задумацца ці пра ўрокі сцэны, ці ўвогуле ставіць адмысловыя спектаклі — не толькі з беларусамі, але і з цікавымі персонамі з любой кропкі свету, каб пашыраць беларускі тэатральны досвед.
Думаем таксама пра летнік, можа быць, аб’яднаны з фэстам Абуджаных «Тutaka». Летнік, дзе і дзеці, і моладзь, і дарослыя змогуць проста адпачыць, разам затусавацца, але пры гэтым і ўдзельнічаць у майстар-класах, уроках, каб мы ўсе больш развівалі пачуццё прыналежнасці да цудоўнай беларускай нацыі.
Ёсць яшчэ праект «Тutaka» над Віслай" — хочам зрабіць невялічкі фэст у Варшаве, бо, шчыра кажучы, у Польшчы ніхто толкам не ведае пра беларускую меншасць. Хочам паказаць, што мы ёсць, што з беларускай культурай і яе носьбітамі варта знаёміцца, хочам паказаць і ўсіх нашых цудоўных творцаў. Ды і ў Варшаве зараз шмат беларусаў апынулася, то і каб проста ўвогуле адно аднаго пабачыць.
Вядома, што думак шмат ёсць іншых. Таксама стараемся, каб раз на месяц нейкі канцэрт беларускіх музыкаў у Беластоку рабіць.
Зміцер Косцін: З’явілася разуменне таго, што ёсць патрэба моцнай беларускай культурніцкай плыні ў Беластоку. Не таму, што беларусы Беласточчыны не прысутнічалі ў культурным жыцці тут, не, яны прысутнічалі, але вось на якую думку навёў шаноўны прафесар Алег Латышонак у прыватных размовах пасля падзей 2020 года: у гэтым злучэнні беларускай дыяспары з прыехалых і беларускай меншасці, што здаўна тут жыве, можа быць будучыня беларускай прысутнасці на Падляшшы. Беларусы — гэта адзіная нацыянальная меншасць у Польшчы, якая з боку сваёй нацыянальнай дзяржавы не атрымлівала дапамогі. Тая, што была ад беларускай дзяржавы, заключалася ў асноўным у святочных строях для калектываў народнай эстрады ці ў арганізацыі гастроляў псеўданародных калектываў па Беларусі. Толькі Павел Латушка, як быў тут консулам, можна сказаць, цікавіўся мясцовым беларускім жыццём. А кожная нацыянальная меншасць без падтрымкі проста асімілюецца. Я бачу дзейнасць фонду «Тutaka» як дзейнасць на памежжы, то-бок штосьці, што можа злучаць — прынамсі мы марым пра гэта — беларускі свет, падзелены межамі, гісторыяй. Мы — адна вялікая супольная сям’я. І калі ў гэтай сям’і мы больш раскажам пра Беласточчыну, а беларусам Беласточчыны больш раскажам пра беларусаў Беларусі, Літвы, Вялікабрытаніі, то тым больш шанцаў, што гэта сям’я будзе мацнейшая, што сувязі ў сям’і не парвуцца і не згубяцца.
А культура — гэта неад’емная частка нашага жыцця, без культуры цяжка штосьці будаваць. У гэтым шмат хто ўпэўніўся з 2020 года, я бачу гэта па людзях, якім было няважна ў 2020-м (бо не да культуры, калі краіне трэба перамены), а зараз гэтыя ж людзі прыязджаюць дапамагаць з фэстам. Так, гэта доўгі шлях, у якім важны кожны элемент. Нельга чакаць, калі раптам усё кардынальна зменіцца ў нейкай адной галіне. Трэба быць падрыхтаваным на гэтыя змены, рыхтаваць многія рэчы. Будучыня пачынаецца сёння, з працы кожнага з нас. І мы нейкія свае цаглінкі ў фундамент будынку нармальнай, еўрапейскай, беларускай Беларусі ўносім.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org