Ці трэба нам ушаноўваць дзень Рыжскага міру?

03.02.2026
Фалькларыстка Алеся Лях разважае над прапановай Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні ўвесці ў Новы беларускі каляндар дзень Жалобы па раз’яднанай нацыі 18 сакавіка ў памяць аб Рыжскай мірнай дамове 1921 г.

Malunak

На нядаўняй прэзентацыі Новага беларускага календара, які прапануе Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, філосаф Павал Баркоўскі агучыў думку, што замест свята Дня народнага адзінства 17 верасня ў гонар уз’яднання Беларусі ў 1939 г. нам варта ўвесці дзень Жалобы па раз’яднанай нацыі 18 сакавіка ў памяць аб Рыжскай мірнай дамове 1921 г. 


Што я магу пра гэта сказаць як фалькларыстка? 

Мяжа дасюль існуе ў памяці людзей

Мяжа 1921–1939 гг. (а фактычна 1944 г., калі стала магчымым вольнае перамяшчэнне людзей між аб’яднанымі Усходняй і Заходняй Беларуссю) дасюль існуе ў памяці людзей. Гэта паказваюць вынікі шматлікіх даследаванняў маіх калег на былых памежных тэрыторыях. 

Напрыклад, этнограф Уладзімір Лобач на аснове сваіх экспедыцый па Віцебшчыне ў 2000–2020 гг. выдзяляе стэрэатыпы, якія маюць адно пра аднаго «ўсходнікі» і «заходнікі» (пераважна старэйшага пакалення). Беднасць людзей на ўсходзе супрацьпастаўляецца дабрабыту на захадзе. Гэта, у сваю чаргу, тлумачыцца стэрэатыпамі «калгаснік — аднаасобнік» і «гультай — працавіты». Даследчык піша таксама пра стэрэатыпы «атэіст — вернік», «партызан — паліцай», «камунікатыўны — скрытны». Уладзімір Лобач даводзіць, што гэтыя стэрэатыпы склаліся ў пасляваенны час, калі мяжы ўжо не было, а людзі з дзвюх частак краіны маглі вольна камунікаваць, складаючы ўяўленні адно пра аднаго.

Я не даследавала гэту тэму ў этнаграфічных экспедыцыях, але магу ўзгадаць прынамсі два выпадкі з уласнага жыцця, калі стэрэатыпы аб «усходніках» і «заходніках» аказваліся актуальнымі (але гэта не значыць, што праўдзівымі). Сям’я маёй мамы з Усходняй Беларусі, бабуля па бацьку — таксама, а дзядуля — з-пад Пружанаў. Маці не лічыць бацьку «заходнікам», а вось яго родных — так. Калі мы збіраліся на вяселле да сваякоў у Пружаны, яна параіла тату набыць новыя чаравікі, «каб гэтыя западэнцы не смяяліся, што прыехаў у старых». 

Я неяк пайшла на спатканне з хлопцам з сайта знаёмстваў, у нас завязалася даволі цікавая і жвавая размова. Ну і я яго, канечне, пытаю, адкуль ён родам. Гучыць адказ: «З Ашмянаў». Не тое, каб я расчаравалася. Але... падумала: «Лепш бы ты быў з якога Чэрвеня». З хлопцам у выніку нічога не атрымалася, але месца паходжання тут, канечне, ні пры чым.

Дык ці трэба нам ушаноўваць нейкія даты, звязаныя з падзелам альбо ўз’яднаннем Беларусі ў міжваенны перыяд? 

На мой погляд — не варта, дастаткова вывучаць на ўроках гісторыі ў школе. 

Па-першае, 

Дзень народнага адзінства не настолькі ўкараніўся ў свядомасці беларусаў, каб была неабходнасць яго замяшчаць. 

На дыскусіі пра Новы беларускі каляндар гучалі думкі, што ёсць прапагандычна нагружаныя святы, якія тым не менш людзям дарагія, таму трэба паступова змяняць іх сэнсы ці прапаноўваць альтэрнатывы. Напрыклад, 8 сакавіка ў Новым беларускім календары — Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын, 8 траўня — Дзень памяці і прымірэння, а 9 мая — Дзень Еўропы. 

Дзень народнага адзінства 17 верасня пакуль — штучна ўведзеная дзяржавай дата, у якую не адбываецца ніякіх святкаванняў, арганізаваных самімі людзьмі без загаду зверху.

Па-другое, 

а што ж нам ушаноўваць? Тое, што Беларусь дзялілі суседнія дзяржавы? 

Хутчэй за ўсё, і ў цяперашніх умовах, і падчас сацыяльнай трансфармацыі, якая будзе папярэднічаць ператварэнню ў тую Новую Беларусь, пра якую мы марым, гэта не прывядзе да рэфлексіі над роляй рускага імперыялізму, а толькі да ўзрастання антыпольскіх настрояў.


Плакат да 1939 года

Пакуль што яны, бадай, назіраюцца толькі ў афіцыйнай рыторыцы, звычайныя ж людзі ставяцца да Польшчы хутчэй пазітыўна. У Беларусі не распаўсюджаны стэрэатып аб кепскіх польскіх панах, якія нас прыгняталі, у адрозненне ад Украіны. Праўда, не ўсе палякі вераць, што беларуская гістарыяграфія настолькі інклюзіўная: польскамоўныя магнаты і дробная шляхта залічваюцца да кола «сваіх».

Па-трэцяе, 

ушанаванне дня Жалобы па раз’яднанай нацыі, на мой погляд, было б мартыралогіяй у горшым сэнсе. 

Патлумачу, пачынаючы ад самога паняцця «мартыралогія». Яно паходзіць ад лацінскага martyr — пакутнік. Па-беларуску гэта слова выкарыстоўваецца мала — у Нацыянальным корпусе беларускай мовы яго няма. Гугл выдае ў пошуку толькі назву адной кнігі — «Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: жыццярысы, мартыралогія, успаміны». У польскай жа мове словам martyrologia, па маіх назіраннях, найчасцей акрэсліваюць пакуты народа, асабліва ў кантэксце абмеркавання паўстанняў 1830 і 1863 гг.: ці варта культываваць памяць пра падзеі, у якіх палякі прайгралі? На гэта ў мяне адказ адназначны — варта, бо людзі мужна змагаліся і гінулі за сваю Айчыну. 

У выпадку дня Жалобы па раз’яднанай нацыі што мы будзем ушаноўваць? Савецка-польская вайна, якую завяршыў Рыжскі мір, для беларусаў, што змагаліся па абодва бакі, — чужая, нашы суайчыннікі не мелі ў ёй суб’ектнасці.

Для Слуцкага збройнага чыну і агулам беларускага незалежніцкага вайсковага руху таго часу ў Новым беларускім календары прапануецца дата 27 лістапада, Дзень герояў і гераіняў.

Падсумоўваючы, я лічу, што ні Дню народнага адзінства 17 верасня, ні дню Жалобы па раз’яднанай нацыі 18 сакавіка не месца ў Новым беларускім календары.

Алеся Лях, Budzma.org