Пра лёс адной з найстаражытнейшых і найбагацейшых бібліятэк з Беларусі, якая была вывезеная ў Расію пасля таго, як у 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная армія, піша даследчык-беларус з Масарыкавага ўніверсітэта ў чэшскім горадзе Брно Андрэй Калавур на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Адна са старажытных кніг са збору пінскіх францысканцаў
Гэтай восенню мне ўдалося пазнаёміцца з нашчадкам Фелікса Яневіча (1762–1848) — знакамітага кампазітара з ВКЛ, які эміграваў у Англію і зрабіў там паспяховую кар’еру. Джозі Дзіксан, яго праўнучка ў чацвёртым пакаленні, паказала мне каталог з фотаздымкамі рэчаў Яневіча і расказала пра папулярызацыю яго творчасці.
На адным з фотаздымкаў я ўбачыў адбітак Pro Lithuania. Я паспрабаваў расказаць Джозі пра ліцвінаў і беларусаў, але словы нібыта сыходзілі ў пустэчу: Фелікс — польскі кампазітар.
Гэта абсалютна звычайная сітуацыя. Напрыклад, сваякі ліцвіна Напалеона Орды спакойна перадалі яго рэчы ў Нацыянальны музей у Кракаве. Такі ж лёс напаткаў калекцыю Тышкевічаў з Лагойска: артэфакты былі адпраўленыя ў Варшаву і перададзеныя ў дар Таварыству аховы гістарычных помнікаў.
Фонды пінскай бібліятэкі францысканскага кляштара не засталіся ў Беларусі па іншай прычыне. Адна справа, калі дзеці аддаюць калекцыю сваіх бацькоў, і зусім іншая — калі нашы каштоўнасці проста вывозяць незаконна.
Бібліятэка-архіў пры кляштары францысканцаў у Пінску — адна з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Першыя звесткі пра яе датуюцца 1648 годам, а дакументы, якія там захоўваліся, тычыліся гісторыі Пінскага княства і ВКЛ ад XIV стагоддзя. У 1925–1932 гадах бібліятэкай-архівам апекаваўся біскуп Зыгмунт Лазінскі.
Тое, што адбылося з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў 1939–1941 гадах, праясняе гісторык Раіса Зянюк. З апублікаванай справы «Перапіска аб бібліятэцы Пінскай семінарыі, люты-май 1941 года» вынікае, што бібліятэка была вывезена ў Маскву ў Цэнтральны антырэлігійны музей (ЦАМ) без санкцыі ЦК КП(б)Б ці СНК БССР.
У 1940 годзе над сістэматызацыяй фондаў працаваў Юліус Марголін. Ён пацвярджае, што яны чакалі менавіта камісію з Мінска, а не з Масквы.
«У Пінску знаходзілася адно з самых рэдкіх кнігасховішчаў Заходняй Беларусі. Мясцовае насельніцтва нават не падазравала пра гэта... У сценах Духоўнай семінарыі пры касцёле раманска-польскага стылю канца XV стагоддзя, акружаным масіўнай прыгоннай сцяной, назапасілася да 50 000 старадаўніх і новых кніг», — пісаў Марголін.
У 1941 годзе Антырэлігійны музей у Маскве адказаў беларускім уладам:
«Ц.А.М. згодна з указаннямі т. Яраслаўскага дакладна выканае сваё абавязацельства і ўсе кнігі, якія маюць значэнне для Беларусі, верне назад».
Але гэтага не адбылося. Хутка пачалася вайна, а ў 1947 годзе музей расфарміравалі.
Нескладана было выявіць, што фонды Антырэлігійнага музея былі перавезеныя ў Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (ДМГР, Санкт-Пецярбург).
Першая прыкмета таго, што менавіта там захоўваюцца пінскія фонды, з’явілася ў 2022 годзе [публікацыя расійскіх даследчыц Алены Краўцовай і Юліі Рогавай «Пергаменные грамоты XVI–XVIII вв. из архива пинского монастыря францисканцев в собрании Государственного музея истории религии»]. Тады стала вядома пра 10 дакументаў, якія паходзяць з Пінска і знаходзяцца ў ДМГР. Сярод іх:
Заставалася толькі атрымаць пацвярджэнне ад кіраўніцтва музея. Я звярнуўся да дырэкцыі як даследчык і чалец Міжнароднай рады музеяў (ICOM) з просьбай пацвердзіць наяўнасць калекцыі і алічбаваць яе. Зразумела, што пытаннем вяртання такіх каштоўнасцяў павінна займацца дзяржава.
На працягу студзеня я атрымаў лісты ад захавальніка калекцыі рэдкіх кніг. Сапраўды, значная частка кніг і рукапісаў з нашай пінскай бібліятэкі знаходзіцца ў іх, але яны раскіданыя па розных фондах і не вылучаны ў асобную калекцыю (ёю ніхто ніколі не займаўся!).
Толькі ў аддзеле рэдкай кнігі папярэдне было знойдзена 10 выданняў, спіс якіх я атрымаў. Сярод іх: «Казанні аб часе і святых» Бертрана дэ Ла Тура (1501), «Думкі пра сродкі сапраўднага кіравання, супраць Нікола Макіявелі» Жанціе Інасана (1578), «Вергілій навыварат» Поля Скарона (1752).
Адна са старажытных кніг са збору пінскіх францысканцаў
Як мне паведамілі, у іншых аддзелах лічбы значна большыя: у аддзеле рукапісаў больш за 50 экзэмпляраў паходзяць з Пінска, а навуковая бібліятэка яшчэ не вызначылася з фінальнай колькасцю. Фонды адкрытыя для даследавання і частковай алічбоўкі на месцы.
Такім чынам, на сёння мы ведаем, дзе знаходзіцца значная частка Пінскай бібліятэкі францысканцаў — наша гісторыка-культурная каштоўнасць, якую, спадзяюся, у спрыяльны час мы зможам вярнуць у Беларусь.