Фотапленэр “Юрава гара-2009”

Фотапленэр “Юрава гара-2009” пройдзе ў мястэчку Крэва, Смаргонскага раёну Гродненскай вобласці 2-3 кастрычніка.

Урачыстае адкрыццё пленэру распачнецца ў мясцовай кавярні “Уют” у 15 гадзін 2 верасня. Па выніках Фотапленэру ў 2010 годзе ў Беларусі і краінах Еўропы пройдзе выстава, прымеркаваная да 625-годдзя з дня падпісання Крэўскай уніі.

2-3 кастрычніка прафесійныя фотамастакі з Беларусі, сярод якіх Сяргей Плыткевіч, Анатоль Кляшчук і інш., прымуць удзел у далейшым стварэнні іміджу Крэва як гісторыка-культурнага цэнтру, цікавага для турыстаў з Беларусі і замежжа. Фатографы будуць працаваць у наступных намінацыях: архітэктура, пейзаж, рэпартаж, культура і традыцыі.

У рамках фотапленэру адбудзецца канцэрт самадзейных калектываў Смаргоншчыны, пройдзе майстар-клас па беларускіх народных танцах. Сваё майстэрства прадэманструюць акцёры сярэднявечнага вулічнага тэатру “ДыГрыза”. Будуць арганізаваны палёты на мотадэльтаплане.

Арганізатарамі фотапленэру “Юрава гара-2009” выступаюць Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларускае грамадскае аб’яднанне “Фотамастацтва”, Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт. Мерапрыемства ладзіцца ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, асноўная мэта якой – папулярызацыя беларускай культуры як моднай, сучаснай, перспектыўнай.

Фотапленэр праводзіцца ў в. Крэва, Беларусь. Мястэчка вядомае як месца заключэння саюзу паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польшча – Крэўскай уніі. Згодна з гэтым актам, падпісанаму 14 жніўня 1385 года, вялікі князь літоўскі Ягайла браў у жонкі польскую каралеву Ядзвігу і рабіўся польскім каралём. Са свайго боку Ягайла абяцаў прыняць каталіцтва і ахрысціць паводле каталіцкага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў. Саюз дазволіў аб’яднаць сілы для сумеснай барацьбы з крыжакамі. Вынікам Крэўскай уніі стала перамога пры Грунвальдзе ў 1410 годзе.

Упершыню Крэва згадваецца ў нямецкай хроніцы 13 стагоддзя як цэнтр Нальшанскай зямлі. За сем стагоддзяў свайго існавання мястэчка і яго людзі шматразова знаходзілі сваё адлюстраванне ў творах мастацтва многіх выдатных асоб. Крэва малявалі Напалеон Орда, Фердынанд Рушчыц, Язэп Драздовіч, Міхал Эльвір Андрыёлі, Баляслаў Тамашэвіч. Праз Крэва пралягалі шляхі фотамастакоў Яна Балзункевіча і Яна Булгака. Падзеі канца XIV стагоддзя адлюстраваў у сваёй паэме “Крэва” Мікола Арочка, барацьба за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам стала асновай для п’есы сучаснага беларускага драматурга Аляксея Дударава “Князь Вітаўт”. Крэва стала радзімай для выдатнага паэта Уладзіміра Някляева – жыхары вёскі часта становяцца героямі вершаў і паэм аўтара.

Кантактныя тэлефоны: 972-63-66 (velcom), 708-52-87 (МТС) (Сяргей Гапон)

Тэгі: ,