Беларуская дзяржава займела такую рэпутацыю, «што паедзеш-выступіш — і можна не адмыцца». Таму цяпер да нас ездзяць толькі расейскія артысты. Але ці варта хадзіць на іх канцэрты? Куды ідуць грошы, заробленыя на тых канцэртах? Ці ёсць увогуле ў Беларусі шоў-бізнес? Ці быў калісьці? Разважае Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі. Фота: Яўген Ерчак
Пакуль у розных постсавецкіх краінах фармавалася новае, несавецкае жыцьцё, Беларусь з тупаватай утрапёнасьцю спрабавала двойчы зайсьці ў адну і тую ж рэчку. Зайсьці ў яе, безумоўна, не атрымлівалася, бо гэта немагчыма. Але шмат хто рабіў выгляд, што ўсё ў парадку, зайшлі, і рэчка тая самая, і вада пахне парфумай (насамрэч, моцна патыхала цьвільлю), і наперадзе — бліскучыя далягляды (насамрэч — непраглядная шэрая смуга).
Пакуль артысты, прадусары, журналісты, мэнэджэры і арганізатары канцэртаў рабілі выгляд, што ў РБ ёсьць шоў-бізнэс, у суседняй Украіне сфармавалася сапраўдная канкурэнтназдольная музычная індустрыя, і беларускія артысты пачалі зьвяртацца да ўкраінскіх прадусараў — бо ў іх неяк усё гучала па-сапраўднаму, ня так, як у нас.
Хаця пачыналі мы з украінцамі, прыкладна, з адной стартавай адзнакі — аматарскія студыі, спробы гастрольных тураў на чыстым энтузыязме, канцэрты на «самапальнай» апаратуры... А вось мінула якіх дзесяць гадоў, і ўсё кардынальна зьмянілася — ва Украіне нарадзіўся і аперыўся сапраўдны самастойны музычны рынак — самаакупны, усё як трэба — з зоркамі і зорачкамі, з высокімі ганарарамі, з дасканалымі заламі і апаратурай, з рэспэктабэльнымі (ці то, наадварот, альтэрнатыўнымі) клюбамі.
У Беларусі ж дзяржава лезла ва ўсе сфэры жыцьця — у тым ліку і ў шоў-бізнэс (а як жа — людзі ж любяць песьні, значыцца, трэба, каб іх сьпявалі дзяржаўныя артысты — каб быў правільны, кантраляваны, дзяржаўна-патрыятычны зарад, а хто ня хоча ўлівацца ў дзяржаўную музычную плынь, таго трэба абмежаваць у дзейнасьці, альбо, наогул, забараніць).
І пакуль у РБ адны сьпявалі пра бела-белую русь (бела-белая, куды ўжо бялей!) з тэлевізара і радыё, а іншыя са сваім пратэсным (ці то проста незалежным) рокам гралі паўпадпольна на радзіме ці то непадпольна за мяжою, у суседніх краінах мацаваўся сапраўдны шоў-бізнэс — той самы, пра які напісаныя падручнікі й дапаможнікі, і начытаўшыся іх, ты можаш зрабіцца пасьпяховым мэнэджэрам ці то прадусарам і ўдала прасоўваць свайго артыста ці гурт.
У Эўропе, Амэрыцы ці Аўстраліі законы гэтага шоў-бізнэсу аднолькавыя — вучыся і працуй! — усё залежыць ад твайго таленту і імпэту. У Беларусі ж гэтыя законы не працуюць, як яны не працавалі ў Савецкім саюзе, як яны не працуюць у якім Аўганістане ці то КНДР.
Публіка інтуітыўна адчувае гэтыя рэчы, таму ахвотней наведвае заежджых гастралёраў з краінаў, дзе буяе й квітнее сапраўдны, нармальны шоў-бізнэс. На праўладных артыстаў з РБ яны таксама вымушана ходзяць, бо падлучаецца адміністрацыйны рэсурс, прафсаюз аплачвае сямейнае наведваньне канцэрту, і — не прападаць жа квітку! Але гэта ня тое.
Гэта свае, паднявольныя, прыгонныя артысты, а ёсьць яшчэ сапраўдныя зоркі, якія лётаюць на ўласных самалётах, езьдзяць на аўто прэміюм-клясы і п’юць Moët & Chandon. Гэтыя артысты прыяжджаюць з Расеі, Украіны, Эўропы і Злучаных Штатаў.
Але беларускі лёс склаўся так, што амаль усе праўладныя артысты ў 2020-м прадэманстравалі сваю неляяльнасьць — кожны неяк недзе выказаўся супраць гвалту, бо тады маўчаць сапраўды не выпадала. І ўсе яны (за рэдкімі выключэньнямі, якія склалі асабліва цынічныя ці то хцівыя, ці дурныя выканаўцы) патрапілі ў адзін даўжэзны чорны сьпіс.
Пасьля тых векапомных падзеяў украінскія артысты пакінулі ў спакоі тэрыторыю РБ — выступаць тут цяпер лічылася за зашквар, бо запрашалі, звычайна, гастрольныя арганізацыі, наўпрост зьвязаныя зь дзяржаваю, а яна, гэтая дзяржава, займела такую рэпутацыю, што паедзеш-выступіш — і можна не адмыцца. З гэтае нагоды эўрапейскія ды амэрыканскія зоркі таксама перасталі разглядаць Беларусь як канцэртовую пляцоўку.
Малюнак Лявона Вольскага
Правільна, Расея. Расейцы традыцыйна даўно й паспяхова, паводле іхнага выразу, «касілі бабло» на тэрыторыі РБ. Усялякія Лепсы-Лесапавалы-Варавайкі-П’ехі-Газманавы не вылазілі з дамоў культуры, лядовых палацаў, арэнаў і плошчаў на сьвятах гарадоў.
Кожнае расейскае «абы што» знаходзіла свой попыт, сваю нішу сярод беларускае публікі і актыўна гэтым карысталася. Для расейкіх выканаўцаў 20-ы год ня быў ніякім маркерам, яны традыцыйна зь піетэтам ставяцца да любое ўлады. А тут яшчэ пачалася вайна, і РБ напачатку выявілася ледзьве не адзіным саюзьнікам Расеі. Пасьля анэксіі Крыму для расейскае эстрады прычыніліся дзьверы краінаў Балтыі, Украіны, Малдовы, яны зрабіліся непажаданыя ў Эўропе, і толькі Беларусь гатовая была прыняць іх у любым складзе і колькасьці.
Гледачы на канцэрце да дня Расеі ў Менску, 2024 г. Фота: БелТА
Народ масава ходзіць на расейцаў. Асьці, Лепс, Фадзееў... Цяпер вось «Рукі вверх» некалькі разоў (здаецца, чатыры) запар зьбіраюць найбуйнейшую менскую пляцоўку — Мінск-арэну.
Людзі ідуць пасьпяваць песьні свайго дзяцінства і юнацтва, адчуць сябе маладымі, вярнуцца назад...
І не разумеюць (ня хочуць разумець?), што ўсе гэтыя артысты — спонсары вайны.
Яны ня толькі сплачваюць падаткі ў Расеі, яны яшчэ й пераводзяць частку заробленых грошай на сваё СВО. Усе яны выступалі ў падтрымку вайны і актыўна сьвяціліся на агітацыйных праваенных мерапрыемствах.
За грошы гэтых артыстаў бамбяць жылыя кварталы, гінуць мірныя людзі, руйнуюцца лёсы...
«Мне ўсё адно, я па-за палітыкай», «Якая розьніца, гэта музыка майго дзяцінства», «Ой, ды вы ўжо дасталі, тады, наогул, нікога нельга слухаць», — такія аргумэнты вы пачуеце ад беларускіх аматараў расейскае пап-музыкі.
А сьледам за гэтымі словамі могуць прагучаць наступныя: «Мне дык глыбока фіялетава, хто намі будзе кіраваць — Лукашэнка ці Пуцін. Галоўнае, каб можна было зарабляць, утрымліваць сям’ю, езьдзіць на адпачынак і ні ў чым сабе не адмаўляць. А хто там наверсе — якая розьніца? Усё адно, ад нас, простых людзей, як нічога не залежала, так і ня будзе залежаць. За Пуціным, можа, зажывецца й лепей, меней будуць кантраляваць бізнэс, можна будзе зарабляць нармальныя грошы. А вайна? Ну, мы шмат чаго ня ведаем, нам нічога й ня скажуць, мы ж людзі простыя».
І пойдзе ў «Мінск-арэну» з жонкай і дзецьмі слухаць музыку свайго дзяцінства, далучаць маладое пакаленьне да высокага мастацтва. Сярод шасьцідзесяці тысячаў такіх самых. Гатовых бяз роздуму выкласьці свае крэўныя сумленна заробленыя грошы на тое, каб Расея працягвала крывавую вайну.
Лявон Вольскі, Budzma.org