«Важна, каб мы маглі зірнуць на сябе з усіх бакоў ды зразумець: хто ж мы такія, беларусы». Валянціна Андрэева пра перазагрузку беларускай літаратуры 1991-2020

Беларуская проза першых 30 гадоў незалежнасці — ужо перагорнутая старонка. А што там было? Колькі ўсяго прайшло незаўважным для чытача? Што варта перавыдаць і — перачытаць? Вялікая гутарка з шэф-рэдактаркай выдавецтва Gutenberg.

Valiancina Andrejeva
 Валянціна Андрэева

У кракаўская выдавецтва Gutenberg звярнуўся малады хлопец са... скаргай. Столькі ўсяго было напісана і выйшла пасля 1991 года, але гэтыя кнігі ўжо нідзе не купіш. Несправядліва! А некаторыя кнігі нельга было купіць нават «па свежых слядах» у дзевяностыя і нулявыя — тыражы былі мізэрныя. Чаму б гэта ўсё не перавыдаць?

У выдавецтве пайшлі на рызыкоўны крок: даверыць хлопцу... каардынацыю серыі беларускай прозы, напісанай з 1991 па 2020! Не ўсё, але — найлепшае. Залаты фонд. І панеслася...

Пра тое, як будзе выглядаць серыя і — якія сюрпрызы рыхтуе выдавецтва — у гутарцы з шэф-рэдактаркай Gutenberg Валянцінай Андрэевай.

«Эфект Караткевіча», залаты фонд і залаты пыл

  

Valiancina Andrejeva
Валянціна Андрэева

— А што, так можна?.. Напісаць у Ваша выдавецтва з ідэяй і адразу стаць рэдактарам серыі?

— Нам спадабаліся ідэя і падыход. Гэта тое, што бачыць маладое пакаленне, а мы ўжо можам не заўважаць. Для нас, хто чытаў гэтыя кнігі ў 1990-я — 2010-я, магчыма, няма гэтага «залатога пылу», магіі. Для маладых — ёсць. Той хлопец, які да нас звярнуўся, меў комплекснае бачанне серыі. Таму запрасілі да супрацы. Яго ідэя — нашы магчымасці. 

Глядзіце, тое ж «Libido» Іллі Сіна атрымала ў свой час Прэмію Гедройца. Але — тыраж быў мізэрны. Хто яе чытаў? Хто ацаніў?.. 

І тут важна, што гэта праект маладых — для маладых, а не толькі наша настальгія. Акурат маладыя бачаць ва ўсім гэтым «новую класіку». Дык — калі ласка! —

Кажуць, тыя хто жыў з Караткевічам у ягоным часе, ведалі «дзядзьку Валодзю», не ўспрымалі яго як класіка. А вось ўжо наступнае пакаленне — ацаніла. Час усё расставіў на свае месцы. Так і тут. Была нават думка назваць серыю «Пасля Караткевіча». То-бок, усё тое лепшае, што было пасля Уладзіміра Сямёнавіча. Але — адмовіліся. Кожны аўтар каштоўны і не патрабуе параўнання.

«Іншай літаратуры таго перыяду ў нас ужо не будзе»

Akno u Prozu

— Што будзе ў серыі? Якія аўтары, кнігі? 

— Для першай пяцёркі маем наступны спіс: 

Югася Каляда «Памылка Афанасія»

Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай» 

Макс Шчур «Завяршыць гештальт»

Ілля Сін «Libido» 

Павел Касцюкевіч «Блог Усяслава Чарадзея» 

«Акно ў прозу»
 

...Вось нядаўна выйшаў свежы раман Югасі Каляды. Але важна, што ён не першы. Да яго ўжо быў пэўны пласт творчасці. Цікава ўбачыць, з чаго аўтар пачынаў, праўда? Зараз пісьменнік ужо спелы, з новым бачаннем, а тады, магчыма — зусім іншы чалавек. Таму гэтыя кнігі маюць ужо бібліяграфічную вартасць. 

— Чаму менавіта такая выбарка аўтараў? 

— Спіс насамрэч куды большы, зараз мы гаворым толькі пра першую пяцёрку. Некаторыя кнігі пакуль не ўвайшлі з тэхнічных прычын. Ёсць «Шлях дробнай сволачы» Святланы Курс — але мы не маем электроннай версіі ды нават самога выдання на паперы, каб расчытаць, канвертаваць... Гэта ўжо на наступную пяцёрку. 

— Гаворка толькі пра жывых пісьменнікаў ці таксама пра тых, каго ўжо няма?

— На гэтым не завастралі ўвагу. Гаворка пра тых, каго мы маглі чытаць студэнтамі, але не адчулі значнасць гэтых твораў. А вырасла пакаленне, якое гэтых прозвішчаў наогул не чула. Можа, дарма?.. У кожным разе, іншай літаратуры таго перыяду ў нас ужо не будзе. Той перыяд скончыўся. 

Памежным стаў 2020 год. Так, раней таксама пісалі пра пратэсты, тыранію, але гэта было па-іншаму. Усё, што чытаем пасля 20-га, моцна афарбаванае тымі падзеямі. Нават калі твор зусім пра іншае — след чытаецца... Думаю, літаратуразнаўцы пасля прыдумаюць для гэтага нейкі тэрмін. Мы ж пакуль перавыдаем тое што было «да таго, як...». Магчыма, наш спіс стане канонам папярэдняга 30-годдзя і некалі ўвойдзе ў хрэстаматыі.

«Добрыя рэчы выходзілі накладамі і менш за 300 асобнікаў...»

Valiancina Andrejeva
Валянціна Андрэева

— Гэтыя кнігі важныя для неафітаў ці — для тых, хто ўжо чытаў, а зараз адчувае настальгію?

— Найперш для новага пакалення. Але і папярэдняе пакаленне, мяркую, зможа нешта перачытаць, зірнуць, у тым ліку на сябе, новымі вачыма. Дараваць сабе нешта, завершыць гештальт. Пашпарты ў чытачоў правяраць мы дакладна не будзем. 

Мяркую, што будзе новая крытыка, новыя рэцэнзіі. Бо кнігі выходзілі, але не былі прачытаныя ў дастатковай меры. Нават не людзьмі, а самой культурай, то-бок — крытыкамі. Наша літаратура тых 30 гадоў мела цікавыя творы — вось яны! Такі мэсыдж. А чым скончыцца гэты эсперымент, паглядзім. 

— Ці не думеце, што ў той час, калі не было кніжнага рынку, калі добрае і дрэннае выходзіла накладамі па 300 асобнікаў, напісана зашмат графаманскіх твораў... Ці будзе нейкі фільтр?

— У гэтым і сэнс. Але зірнем з іншага боку: часам добрыя рэчы выходзілі накладамі і менш за 300 асобнікаў... Тое вартае падкажуць самі чытачы. Нешта адфільтруем мы самі. Урэшце, мы дапаможам аўдыторыі гэта перачытаць. А вартае ці не вартае — пакажуць продажы і водгукі. 

— Ці можа ўсё гэта падштурхнуць сучасных аўтараў, каб пісаць рэтраспектыўныя творы, пра тыя ж 90-я?

— Калі аўтару ёсць што сказаць, то ён і без нас напіша, праўда? Але кніга, напісаная зараз і напісаная тады — будуць розніцца. Так, настальгія сапраўды ёсць. Гэта магія — элемент цуду. Само разуменне немагчымасці вярнуцца назад, нешта выправіць. А тут — акно ў іншы перыяд. Акно ў мінулае — праз прозу. 


Урэшце, слова «проза» мае два значэнні. Гэта не толькі пра фармат напісанага тэксту, але і пра будзённасць, звычайнае жыццё. Вось туды і можна будзе трапіць — праз кнігі. Зазірнуць, ведаючы, што змяніць там ужо нічога нельга.

«Чытаць з тэлефона зручна, але «немагчыма»...»

— Не баіцеся канкурэнцыі з лічбавым светам? Сёння шмат тых тэкстаў можна знайсці ў сеціве...

— Большасць тых кніг ёсць у сеціве. Калі вы студэнт і вам трэба тэрмінова нешта прачытаць — знойдзеце і прачытаеце. Але мы жывем у час лічбавай перагружанасці. Чытаць з тэлефона зручна, але «немагчыма». Паведамленні, абнаўленні... Нерэальна застацца сам-насам з тэкстам. Такую раскошу дае толькі кніга на паперы. 

Кніга — гэта не толькі артэфакт і каштоўнасць. Гэта матэрыяльнае сведчанне, што і ты існуеш у гэтым свеце. Тут і зараз. Мы стараемся, каб кнігі не каштавалі мегадорага, а яшчэ ёсць опцыя аформіць падпіску на сайце — там будзе яшчэ танней. Кніга на паперы — гэта рэспект аўтару ды — рытуал. Прыходзіш у краму, на кірмаш, бярэш аўтограф, дорыш некаму...

Урэшцэ, глядзіце як цікава. У сеціве вісіць безліч кніг у лічбавым фармаце, пра якія мы... нікоі не чулі. Яны так могуць вісець 1000 гадоў. Забытыя. А кніга, якая выходзіць на паперы, ажыўляе інтарэс да аўтара. І той, хто не купіць на паперы, убачыць — зацікавіцца — і знойдзе ў сеціве.

«...Як зазірнуць у тэлефон аўтара?»

Paštoŭki

— Ці будзе ў старых выданняў нейкая дадатковая вартасць? Новы дызайн, вокладка, ілюстрацыі, прадмовы?..

— Элементы старых вокладак мы выкарыстоўваем у новых — гэта такі ланцужок да першага выдання, нітачка. Наноў мы робім карэктуру, але захоўваем аўтарскую стылістыку. Аўтар нічога не перапісвае, бо інакш — губляецца сэнс. А яшчэ мы прыдумалі цікавыя хады. Напрыклад, зрабіць у форме паштовак фота з... аўтарскіх тэлефонаў. 

— Фота з галерэяў тэлефона?..

— Так! Ну, а як па-іншаму зазірнуць у тэлефон аўтара? Ніяк. А тое, што мы захоўваем у тэлефоне зараз — гэта элемент нашай душы. Нешта інтымнае. І вось яно выйдзе на паштоўках, якія можна будзе атрымаць разам з кнігай (калі афармляеш падпіску на сайце). Такая опцыя — паглядзець на свет вачыма пісьменніка. 

— Ці чакаць на серыю «Акно ў паэзію»? Ці — не актуальна?

— Варта і актуальна. Але з паэзіяй усё складаней, чым з прозай, свае правілы... Калі наш эксперымент з прозай атрымаецца, калі будзе добры эканамічны фідбэк — варта будзе і гэтым заняца. 

Думаю, гэта важна, каб мы маглі зірнуць на сябе з усіх бакоў ды, магчыма, зразумець: хто ж мы такія, беларусы?

Першыя кнігі серыі выйдуць ужо ў канцы чэрвеня. Аформіць перадзамову і падпісацца на рассылку можна ўжо ЦЯПЕР. 

Алесь Кіркевіч, Budzma.org