Больш за сто гадоў таму беларускі тэатральны дзеяч і пісьменнік пачаў выдаваць уласную газету «Беларускае жыццё». У газеце было шмат надзей і веры ў тое, што ў беларусаў будзе незалежнасць і ўласная дзяржава. На старонках выдання пісалі пра падзеі 1919 года: вайна палякаў супраць бальшавікоў, апошнія зубры ў Белавежскай пушчы, смерць Івана Луцкевіча, гадавіна беларускага тэатра і расследаванне бальшавіцкіх злачынстваў. PALATNO расказвае пра газету Францішка Аляхновіча.
Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў Вільні ў 1883 годзе. Бацька Аляхновіча быў нашчадкам шляхецкага роду з-пад Радашкавічаў. З малога ўзросту Францішак цікавіцца тэатрам, збліжаецца з беларускім нацыянальным рухам. Да і пасля Першай сусветнай вайны працуе над стварэннем і развіццём беларускага тэатра. У 1919 годзе пачынае выдаваць часопіс «Беларускае жыццё». У 1923 годзе адсядзеў некалькі дзён у турме ў Лукішках, бо крытыкаваў польскую ўладу за ціск на нацыянальныя меншасці. У 1926 годзе выехаў у БССР і атрымаў савецкае грамадзянства, а праз год яго затрымалі за шпіянаж на карысць Польшчы. У 1933 годзе Аляхновіча абмянялі на арыштаванага ў Польшчы Браніслава Тарашкевіча. Пасля вяртання ў Польшчу выдаў кнігу «У кіпцюрах ГПУ» — пра досвед жыцця ў сталінскім канцлагеры. Падчас Другой сусветнай вайны, 3 сакавіка 1944 года, Аляхновіча застрэлілі ва ўласнай кватэры. Пазней стала вядома, што яго застрэлілі савецкія дыверсанты.
Першы нумар «Беларускага жыцця» выйшаў з вокладкай з выявай Юзэфа Пілсудскага і часткай яго адозвы. Дарэчы, у другім нумары газета выбачалася, што не пазначыла аўтара партрэта Пілсудскага.
У мэтах газеты прапісана, што з Пілсудскім беларусам можна і трэба працаваць, але сапраўдная мэта беларускага народа павінна быць адна — пабудаваць уласную дзяржаву.
«Толькі маючы ўласную дзяржаўнасць народ можа жыць нармальным жыццём, можа развівацца культурна і эканамічна».
У газеце Аляхновіча расказвалася пра грамадская-палітычныя справы, культурнае жыццё, размяшчаліся жарты, аб’явы і навіны. У нумарах друкавалі літаратурныя творы і біяграфіі пісьменнікаў, што для таго часу было звычайнай справай. «Беларускае жыццё» выходзіла два разы на месяц у Вільні, а першыя адзінаццаць нумароў выйшлі на беларускай лацінцы. Пераход на кірыліцу быў абумоўлены тым, што ва ўсходнай частцы Беларусі нібыта больш людзей ведалі кірылічныя літары, чым лацінку. У 1920 годзе рэдакцыя пераехала ў Мінск, і газета выдавалася адтуль.
Газета пачала выдавацца ўлетку 1919 года, калі Польшча ваявала з бальшавікамі, а Еўропа перажывала канец сусветнай вайны.
Беларускае грамадства ўсё яшчэ мела маленькую надзею і аптымізм, што польская ўлада дапаможа беларусам з уласнай дзяржавай. У нумарах «Беларускага жыцця» расказвалася пра поспехі польскай арміі ў Беларусі: як палякі змагаюцца з бальшавікамі ў Мінску, што польскія войскі захапілі Вілейку і Маладзечна. З поспехамі Польшчы на полі бою звязваліся вялікія надзеі:
«Польскія штыкі, якія прасоўваюцца на ўсход, адпіхаюць ад нас найстрашнейшага нашага ворага — Маскоўшчыну, сягоння гэта бальшавіцкая Маскоўшчына, заўтра яна можа будзе калчакаўскай — усё ж гэта наш спрадвечны вораг».
У пачатку жніўня Пілсудскі прыняў беларускую дэлегацыю, якая прасіла польскага лідара ў дапамозе ва ўтварэнні беларускага войска. Газета рапартавала, што Пілсудскі і палякі настроеныя пазітыўна і могуць дапамагчы з войскам беларускам. Восенню 1919 года Пілсудскі падпісаў загад аб стварэнні нацыянальнага беларускага войска.
Паводле загада Пілсудскага, беларускае войска павінна фарміравацца з ахвотнікаў: будуць створаныя вярбовачныя пункты на беларускіх землях, у якія ўвойдуць афіцэр ці камісар і пісар. Камандзірам беларускага войска прызначылі ўраджэнца Мінска Гасана Канапацкага, а месцам фарміравання войска стаў Слонім. Беларускую вайсковую камісію ўзначаліў гродзенец Павел Аляксюк. Для беларускай арміі распрацавалі нават вайсковы мундзір (мы папрасілі ChatGPT зрабіць яго паводле апісання):
Так ChatGPT бачыць форму афіцэра-пехацінца ў беларускім нацыянальным войску
З часам аптымізм са старонак выдання знікае.
«Шмат польскіх газет паведамляе, што беларускае сялянства выносіць пастановы, што яны — палякі і хочуць, каб іх далучылі да Польшчы. Допісы аб такіх пастановах зычаць вясёлым тонам, а гэта ўжо сведчыць пра тое, што і тыя газеты думаюць, што гэта добра і хораша. Але мы мусім сказаць, што гэта зусім нядобра і няхораша».
Наконт Першай сусветнай вайны газета паведамляла ў большасці пра сітуацыю са звычайнымі беларусамі, якім прыйшлося з’ехаць з родных мясцін з-за вайны. Да таго ж у навіновым фармаце асвятляўся працэс над кайзерам Вільгельмам: «Трыбунал, які будзе судзіць яго, мае права пакараць нават смерцю. Галандыя пакуль што пратэстуе проціў выдачы былога кайзера, але яна заслабая, каб гэтаму супрацівіцца».
«Беларускае жыццё» ў пачатку жніўня 1919 года выйшла з артыкулам пра нямецкі вандалізм. Абвінавачванні тычыліся зуброў і іх адстрэлу немцамі падчас Першай сусветнай вайны. Аўтары газеты сцвярджалі, што немцы вінаватыя ў знішчэнні і Белавежскай пушчы, бо яе суцэльна секлі, і ў адстрэле зуброў.
Фотаздымак белавежскіх зуброў перад Першай сусветнай вайной. Фота размешчанае ў газеце «Беларускае жыццё»
«Аднак нямецкая акупацыйная гаспадарка, якая зусім не рознілася ад расійскага вандалізма, не пашкадавала і гэтага куска зямлі беларускай. Шмат дрэў ссяклі і павезлі ў Нямеччыну, а зуброў перарастралялі. Кажуць, што цяпер ужо ў Белавежскай пушчы быццам зусім зуброў няма».
Насамрэч апошняга зубра маглі забіць ці ў 1919, ці ў 1921 годзе. Забойцам апошняга зубра называюць не немцаў, а тутэйшага лесніка Варфаламея Шпаковіча. Шпаковіч застрэліў зубра з-за мяса. Пасля Першай сусветнай вайны ў Белавежскай пушчы было менш за 100 зуброў.
30 жніўня 1919 года памёр беларускі палітык, публіцыст, гісторык Іван Луцкевіч. «Беларускае жыццё» выйшла з першай паласой з выявай Луцкевіча. У нумары быў апублікаваны шэраг артыкулаў з біяграфіяй і ўспамінамі пра яго. Артыкул пра Луцкевіча напісаў сам Францішак Аляхновіч.
«Спі спакойна ў чужой зямлі, і няхай сарваўшыся ад заломаў Гівонта віхор навівае табе салодкія сны, што праца жыцця Твайго дала багатае жніво, што Бацькаўшчына Твая паўстае да вольнага жыцця!»
Вокладка нумара «Беларускага жыцця», прысвечаная Івану Луцкевічу
Здымак магілы Івана Луцкевіча ў адным з нумароў «Беларускага жыцця»
У адным з нумароў газет тлумачылася, як правільна казаць і пісаць — Менск ці Мінск. Газетчыкі сцвярджаюць, што беларусы гавораць Менск, а моладзь называе горад Мінскам, «чуючы ад паноў і чыноўнікаў». Аўтары раяць праверыць старажытныя дакументы, дзе заўсёды пісалася Менск ці Менеск. Гэтаксама сцвярджаецца, што правільна пісаць Вільня, а не Вільно.
«Гэта чужакі перакручваюць нашыя беларускія назовы, як расійцы, напрыклад, перакруцілі старое славянскае слова далонь і кажуць ладонь, або тарэлка, заміж —
«Беларускае жыццё» святкавала нараджэнне беларускага тэатра. Газета адлічвала гэту дату ад 12 лютага 1910 года, калі ў клубе чыгуначнікаў у Вільні адбыўся паказ першага беларускага спектакля. Францішак Аляхновіч, які, хутчэй за ўсё, захаваў нататкі з розных газет пра той вечар, прыводзіў захопленыя водгукі палякаў, літоўцаў і беларусаў. Цікава, што рускае выданне пакрыўдзілася на спектакль, бо беларускія артысты выступалі ў нацыянальным строі, а не ў маскоўскім. Аднак з таго вечара і пачалася бурная тэатральная дзейнасць беларусаў.
Першая сусветная вайна крыху запаволіла гэты працэс. Падчас нямецкай акупацыі беларускі тэатр зноў ажыў. У 1916 годзе беларускі тэатр у Вільні здабыў уласнае памяшканне. З другога боку фронту, у Мінску, таксама нараджаецца тэатральная дзейнасць, там працуе рэжысёр Фларыян Ждановіч. У 1918 годзе ў Мінску пачынаюць працу два тэатры: адзін пад кіраўніцтвам Ждановіча, а другі — пад кіраўніцтвам Аляхновіча. Калі бальшавікі прыйшлі да ўлады ў Мінску, то абодва тэатры зліваюцца ў адзін.
Камісія ля магілы забітых чэкістамі людзей
Эксгумацыя цел людзей, забітых чэкістамі ля Мінска
Улетку 1919 года ў Мінску стварылі камісію, якая займалася дакументаваннем бальшавіцкага тэрору. Яе члены займалася таксама і эксгумацыяй ахвяр бальшавіцкіх «чрезвычаек». Ідэя стварэння камісіі нарадзілася ў амерыканскай дыпламатычнай місіі ў Варшаве, адтуль нават даслалі свайго члена — жанчыну з Чырвонага Крыжа ў званні палкоўніка, яе прозвішча газеты не ўказалі. У складзе таксама былі доктар Рагоўскі, доктар Абезерскі і польскі суддзя Мурзіч.
З падачы камісіі былі знойдзеныя больш за 60 магіл, у кожнай знаходзілася ў сярэднім па шэсць цел. У некаторых магілах знаходзілі дзясяткі трупаў. У мноства ахвяр былі звязаныя рукі дротам. Сем чалавек былі закапаныя жывымі, астатнія расстрэляныя. У адной магіле знайшлі трох польскіх вайскоўцаў, якіх бальшавікі ўзялі на фронце ў палон: іх закавалі ў кайданкі і застрэлілі. У адной з магіл знайшлі цела мінскага адваката Елеца, сваяка Луцкевічаў, якога закапалі жывым: мужчыну апазналі толькі па шлюбным пярсцёнку, на якім быў надпіс, а твар ужо было немагчыма пазнаць.
Усе целы былі закапаныя неглыбока, менавіта таму членам камісіі было нескладана іх знайсці. Некаторыя целы абгрызлі жывёлы. Да таго ж, у гэтай справе дапамагалі шматлікія сведкі. Адзін сведка расказаў, што чэкісты прыехалі расстрэльваць у суседнім лесе чатырох людзей, але перад расстрэлам чэкісты размаўлялі і смяяліся, каб пакатаваць людзей чаканнем. Калі адна з ахвяраў сказаў, каб іх хутчэй забілі, то чэкіст адказаў: «Пачакаеце!»
Самую вялікую магілу знайшлі на Койданаўскім тракце, у ёй было 26 цел. Амаль ва ўсіх паламаныя рукі і ногі, перад расстрэлам усіх катавалі. Падобныя магілы знайшлі на Камароўцы, Лошыцы.