Класік сямейнага тэатра

13.02.2020 Тэатр Асоба

Сёння спаўняецца 315 гадоў з дня нараджэння Францішкі Урсулы Радзівіл. Пра неверагодную гісторыю яе жыцця піша для budzma.org Андрэй Мельнікаў.


Імя пісьменніцы, мастачкі, драматурга і рэжысёра, супермагнаткі ХVІІІ стагоддзя Францішкі Урсулы Радзівіл магло б надзейна кануць у лету, як і безліч іншых творчых імёнаў, калі б не любоў і памяць пра яе яе сямейнікаў.

Мажорныя дзяцінства ды юнацтва

Вялізныя багацці ад нараджэння не даюцца без ускладненняў. У выпадку з Францішкай Урсулай ускладненнем была цяжкая карма роду Вішнявецкіх, да якога яна належала і апошняй па нараджэнні прадстаўніцай якога была.

Наша гераіня нарадзілася 13 лютага 1705 года ў маёнтку Чартарыйск на Валыні. Нашчадкі вялікага князя Карыбута Альгердавіча (Дзімітрыя Аляксандравіча ў праваслаўным хросце) напрыканцы ХVІ стагоддзя суладна абралі законы Кароны Польскай замест вольніцы Літоўскага Статута (і тым далучыліся да стварэння будучай асобнай ад Беларусі Украіны), перайшлі ў каталіцызм і адважна змагаліся ў далейшым са «схізматыкамі» — былымі братамі па веры. Багацці іх раслі і мацаваліся (гісторык Міхаіл Грушэўскі пісаў, што латыфундыя Вішнявецкіх была, магчыма, найвялікшай у Еўропе), а вось род паступова звёўся. Францішцы Урсуле пашчасціла завяршыць радавую эпапею супердынастыі прыгожым культурніцкім акордам.

Не ведаем чаму, але Францішка Урсула была адзіным дзіцем у сям’і ваяводы віленскага і кракаўскага, старасты пінскага, князя Януша-Антона Вішнявецкага і Тэафілы з Ляшчынскіх, дачкі Вацлава — падчашыя крулеўскага, краўчага кароннага, ваяводы падляскага, старасты ковельскага і каменецкага. Бацька трымаў пры ўласным двары капэлу, быў здольным аратарам і літаратарам, пісаў духоўныя трактаты, панегірыкі і рэлігійныя песні. Яго брат, гетман літоўскі Міхал Сервацій, меў прыдворны тэатр, але не меў дзяцей. Звышбагатая спадчынніца славутага роду атрымала цудоўную адукацыю і авалодала некалькімі еўрапейскімі мовамі без Гарвардаў і Кембрыджаў — праз хатніх настаўнікаў і магнацкую бібліятэку. Ад бацькоў пераняла набожнасць — яе першыя вершы маюць яскрава рэлігійны характар.

Franciszka_Urszula_Wiśniowiecka.jpg

Францішка Урсула Радзівіл. Гравюра Гірша Ляйбовіча

Драма шлюбу

Замуж Францішка Урсула выйшла 23 красавіка 1725-га. Натуральна, яе жаніх (старэйшы на два з паловай гады) быў таксама вельмі крутым мажорам свайго часу — сынам вялікага канцлера, магнатам, кавалерам баварскага ордэна Святога Губерта, належаў да некаранаваных каралёў тагачаснай Беларусі Радзівілаў.

Дзяцінства Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» таксама прайшло на Валыні. Ды па вянчанні маладая сям’я перабралася ў Нясвіж — аднаўляць радавое валоданне маладзёна (ён быў ІХ ардынатам нясвіжскім) — замкавую «жамчужыну Беларусі», разбураную ў 1706 годзе шведамі.

Чытайце таксама: Нясвіжскі замак у войнах XVII–XVIII стагоддзя

Арганізаваўшы нясвіжскую рэстаўрацыю-адбудову, Міхал Казімір часцяком адлучаўся ў бліжнія і дальнія вандраванні — на сеймы, трыбуналы, на маніторынг іншых сваіх валоданняў. А маладая жонка разумна не паленавалася пастаянна нагадваць пра сваё існаванне лістамі, ствараючы якія, дасканаліла свой літаратурны стыль і навык.

Муж захаваў гэтыя лісты. Што дазволіла ў будучыні выдаць іх асобнай кніжкай пад назовам «Лісты да мужа».

Першым дзіцем Міхала і Урсулы стаў Мікалай Крыштаф. Праз два гады па нараджэнні ён захварэў і памёр. Бяда адгукнулася ў маладой маці шчымлівымі вершамі.

Па смерці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ у 1733 годзе распачалася «вайна за польскую спадчыну», у якой Міхал Казімір ачоліў корпус з Нарвскага драгунскага палка і трох тысяч данскіх казакоў.

scaled_58d1385e410060013.TIF.jpg

Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька»

У наступным годзе Урсула нарадзіла сыноў-блізнятаў Караля Станіслава і Януша Тадэвуша. З іх дарослага ўзросту дасягнуў толькі Караль Станіслаў. У 1735-м Міхал становіцца польным гетманам літоўскім.

Крыху пазней у Міхала і Урсулы нарадзіліся дочкі Тэафіла Канстанцыя і Катажына Караліна.

У 1741-м памірае бацька Урсулы Януш Антон, у 1744-м — яе дзядзька, апошні з Вішнявецкіх, Міхаіл Сервацій, вялікі гетман літоўскі.

З 1744-га і да смерці ў 1762-м вялікім гетманам літоўскім — галоўнакамандуючым войскам Вялікага Княства становіцца Міхал Казімір. Гэта верх яго кар’еры — найбольшая загружанасць, найбольшая адсутнасць у сям’і і Нясвіжы.


Тэатр як сублімацыя і тэрапія

Яшчэ ў бытнасць мужа Урсулы гетманам польным яму ў валынскім Дубне сустракаецца дзіўная пара авантурыстаў — прапаршчык Фартунат Піхльштэйн (Пільштыноў) і яго жонка-лекарка Саламея. Адчуўшы да іх сімпатыю, Міхал Казімір надае былому турэцкаму палоннаму «патэнт на харунжаства», а Саламею вязе ў Нясвіж да Урсулы і хваравітых дзетак.

Саламея Пільштынова аказалася надзвычай цікавай суразмоўцай для гаспадыні Нясвіжа. Але падлячыўшы Радзівілаў-малодшых, прасякнуўшыся даверам да іх горада, паспавядаўшыся прыдворнаму капелану «яе мосці княгіні-дабрадзейкі», ксяндзу-бенедыктыну Празору і пакінуўшы ў бенедыктынскім кляштары сваю дачку Канстанцыю, лекарка працягнула «авантуры свайго жыцця». Міхал Казімір выдаў ёй «вельмі хвалебны і карысны пашпарт», і яна праз Вільню рушыла ў Пецярбург.

1_2-4.jpg

Саламея Пільштынова

Урсула разумела, што яна, з чатырма малымі дзецьмі, нягледзячы на ўсе свае багацці, не пойдзе шляхам прыгодаў Саламеі. Але прыгоды можна паказваць на сцэне. Умоўны свет тэатра ажывіць і фантазію, і пачуцці. Як праз сто гадоў Вінцэнт Марцінкевіч знайшоў сваю Люцынку з тэатрам пра чароўны свет ВКЛ, так нясвіжская валадарка стварыла тэатр для свайго чароўнага свету.

У 1740 годзе іншаземная трупа паставіла ў Нясвіжскім замку п’есу «Прыклад справядлівасці». Затым пастаноўкі ладзілі ўжо самі гаспадары: камедыі Мальера, «Заіра» Вальтэра...

Прыдворны аматарскі тэатр вылучаўся стракатасцю трупы (і тое ў далейшым успадкуе люцынская трупа Марцінкевіча): прыгонныя, шляхта (у тым ліку сваякі гаспадароў замка), выхаванцы кадэцкай школы... П’есы ставіліся або ў замку, або ў прыгарадзе Нясвіжа Альбе, або ў «зялёным» тэатры — «Кансаляцыі» — за замкавым ровам. Тэатр «Кансаляцыя» адным бокам выходзіў на гарадскі рынак, другім — на пагорак, на схіле якога былі абсталяваныя месцы для прыкладна тысячы гледачоў. Яго можна лічыць першым у Беларусі стацыянарным тэатрам.

Пасля 1746 года, калі дзеткі падраслі настолькі, што дазвалялі сур’ёзна займацца не толькі імі, Урсула пачала апроч лістоў мужу і вершаў пісаць камедыі ды трагедыі. У прыдворным тэатры ўзяла на сябе галоўныя арганізацыйныя клопаты, стала ў ім і адзіным драматургам, і адзіным рэжысёрам. За магістральную мэту прыняла выхаваўчую — і для сваіх дзетак і для мужа. Для іх яна пісала п’есы, для іх перарабляла творы французскія, антычныя, выкарыстоўвала сюжэты з «Тысячы і адной ночы», са славянскіх паданняў...

Дзяцей пасля смерці Януша Тадэвуша засталося трое. Адзіны цяпер сын Караль Станіслаў (будучы «пане Каханку») паводзіў сябе разбэшчана і наравіста, але тэатр любіў, і праз мову сцэны ў сям’ю нясвіжскіх уладароў прыходзіла паразуменне.

На фоне ўнутрысямейных драмаў сучаснасці стасункі Пане Каханку з бацькамі выглядаюць блізкімі да нармальных. Хіба што вучыцца Караль Станіслаў не хацеў і не любіў. І з той нагоды атрымаў ад маці ў выпраўленне як мінімум адну камедыю: «Каханне — ідэальная майстрыха».

У кастрычніку 1752 года Урсула цяжка захварэла і напісала мужу развітальны ліст. Затым хвароба крыху адышла, і 27 снежня адбылася апошняя пастаноўка апошняй народжанай Вішнявецкай — опера «Шчаслівае няшчасце».

18 мая наступнага года княгіня па дарозе ў Гродна вымушана спынілася ў вёсцы Пуцевічы ля Наваградка. 19 мая яе перавезлі ў Наваградак, дзе яна памерла 23 мая ў доме бабруйскага старасты Лопата.

kom-1754.JPG

Тытульная старонка выдання «Камедыі і трагедыі...» Францішкi Урсулы Радзівіл, 1754 год

***

Спіс напісанага і пастаўленага на сцэне Францішкай Урсулай Радзівіл нескладана знайсці ў інтэрнэце. Галоўная каштоўнасць тых твораў, мяркую, не літаратурна-тэатральная. Яна — у мудрасці жанчыны, якая замест вынасу мозгу і істэрык перад сямейнікамі скіравала свае пачуцці ў творчую сублімацыю. І нашчадкі адказалі ёй удзячнай памяццю ды захаваннем створанага ёю.

Калі яе прыклад дапаможа і нам жыць мудра — тое ўжо шмат.

Андрэй Мельнікаў, budzma.org


Пры рабоце над тэкстам апроч інтэрнэт-крыніцаў я карыстаўся кнігай Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа «Слава і няслаўе» і мемуарамі Саламеі Пільштыновай.

Артыкул апублікаваны ў аўтарскім правапісе


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!