137 гадоў быў апублікаваны першы падручнік па эсперанта — мове, якая павінна была дапамагчы пабудаваць больш мірны свет, дзе людзі розных культур і нацыянальнасцяў маглі разумець адзін аднаго на роўных. Эсперанта стварыў доктар па прафесіі і гуманіст па перакананнях Людвік Заменгоф.
PALATNO расказвае пра эсперанта, важныя фразы ў паўсядзённым жыцці і асобу Людвіка Заменгофа, які прыдумаў гэту мову.
Доктар Эсперанта: кім быў Людвік Заменгоф
Людвік Заменгоф нарадзіўся 15 снежня 1859 года ў Беластоку. Заменгоф вывучаў медыцыну ў Маскве і Варшаве, атрымаў дыплом доктара ў 1885 годзе. Пасля вучобы працаваў афтальмолагам у розных гарадах, у тым ліку і Гродне.
У тыя часы Беласток быў часткай шматнацыянальнай Расійскай імперыі. У горадзе пражывалі палякі, яўрэі, рускія, немцы, беларусы — гэта часта прыводзіла да непаразуменняў і нават канфліктаў на глебе моўных і культурных адрозненняў.
Людвік Заменгоф
У такім асяроддзі ў Заменгофа з’явілася ідэя стварэння нейтральнай мовы, якая магла б дапамагчы людзям лепш разумець адзін аднаго.
Медыцынская кар’ера забяспечвала яму даход, але ідэя стварэння міжнароднай мовы была сапраўднай страсцю доктара. У 1878 годзе Заменгоф, яшчэ падчас вучобы, прадставіў сваім сябрам першы праект мовы. Ён назваў яе Lingwe Uniwersala. Пазней, пасля дапрацоўкі, у 1887 годзе выйшла яго кніга «Першая кніга» пад псеўданімам Д-ръ Эсперанто. Назва «эсперанта» азначала «той, хто спадзяецца»: гэта назва адлюстроўвала ідэю надзеі на мір і паразуменне.
Заменгоф верыў, што многія канфлікты ўзнікаюць менавіта з-за непаразуменняў, моўных бар’ераў. Ён лічыў, што нейтральная міжнародная мова можа дапамагчы стварыць лепшы свет, дзе людзі маглі б размаўляць на роўных, незалежна ад сваёй этнічнай прыналежнасці.
Стварэнне эсперанта было спробай прапанаваць простую ў вывучэнні мову, якая б спалучала ў сабе элементы з розных еўрапейскіх моў, але мела лёгкую граматыку і лёгкую ў засваенні лексіку. Гэта павінна было зрабіць эсперанта даступнай для шырокага кола людзей.
Спачатку мова не выклікала вялікага інтарэсу, але паступова стала папулярнай у розных краінах. Ужо ў канцы XIX стагоддзя з’явіліся першыя клубы эсперантыстаў, пачалі праводзіцца сустрэчы і кангрэсы, на якіх размаўлялі на эсперанта.
Першая кніга, падручнік па эсперанта, які апублікаваў Людвік Заменгоф
У пачатку XX стагоддзя эсперанта актыўна распаўсюджвалася па ўсім свеце. У савецкія часы мова мела пэўную падтрымку, але пасля рэпрэсій супраць эсперантыстаў яе распаўсюджванне запаволілася. Сёння эсперанта мае стабільную супольнасць з сотнямі тысяч носьбітаў па ўсім свеце. Праводзяцца штогадовыя Сусветныя кангрэсы эсперантыстаў, на якіх збіраюцца тысячы ўдзельнікаў з розных краін.
Людвік Заменгоф памёр 14 красавіка 1917 года ў Варшаве. Яго праца і ідэі жывуць дагэтуль праз міжнародную супольнасць эсперантыстаў. Шматлікія арганізацыі працягваюць працаваць над развіццём і прасоўваннем мовы, праводзячы адукацыйныя праграмы і культурныя мерапрыемствы.
Хоць эсперанта не стала другой мовай для ўсяго свету, як марыў Заменгоф, яна працягвае быць важным інструментам для міжкультурных зносін. Эсперанта дапамагае людзям з розных краін і культур знаходзіць агульную мову і ствараць сяброўскія сувязі.
Помнік Людвіку Заменгофу ў Беластоку
Фразы на эсперанта
Saluton! — Прывітанне!
Kiel vi fartas? — Як вы сябе адчуваеце?
Dankon — Дзякуй.
Bonvolu — Калі ласка.
Jes — Так.
Ne — Не.
Mi ne komprenas — Я не разумею.
Kiom ĝi kostas? — Колькі гэта каштуе?
Bonan tagon! — Добры дзень!
Mi nomiĝas... — Мяне завуць...
Ĉu vi parolas Esperanton? — Вы размаўляеце на эсперанта?
Mi estas el... — Я з...
Kiu estas via nomo? — Як вас завуць?
Pardonu min — Прабачце.
Ĉu vi povas helpi min? — Вы можаце мне дапамагчы?
Mi serĉas... — Я шукаю...
Kioma horo estas? — Які цяпер час?
Bonan nokton! — Дабранач!