Аляксандр Фядута: «Будзем чытаць Караткевіча. Сёння гэта наша нацыянальная ідэя»

Ці з’явілася ўжо генерацыя, якая сфармулюе нацыянальную ідэю? У чым яе сутнасць? Якая галоўная кніга беларусаў? Як актуалізаваць гісторыю у нашай свядомасці і ў свядомасці нашых дзяцей? Ці трэба беларуская мова ў эміграцыі? На гэтыя пытанні ў эфіры «Еўрарадыё» адказаў літаратуразнаўца, філолаг, кандыдат філалагічных навук, доктар гуманітарных навук Аляксандр Фядута.

Fiaduta-A.pngАляксандр Фядута. Скрыншот відэа "Еўрарадыё"

У 2019 годзе Аляксандр Фядута сказаў: «Толькі цяпер З’яўляецца генерацыя, якая некалі сфармулюе нацыянальную ідэю». Сёння, у 2026 годзе, на яго думку, можна сказаць, што гэтая генерацыя з’явілася:

«З’явілася ў 2020 годзе, мы можам казаць пра генерацыю дваццаць дваццаць. Гэта людзі, якія ніколі не былі ў палітыцы. Гэта людзі, для якіх галоўнае былі не грошы, бо яны нядрэнна зараблялі большай часткай. Я маю на ўвазе не толькі так званых айцішнікаў. Я маю на ўвазе тых людзей, якія галасавалі і пратэставалі ў гарадах так званай другой лініі. Такіх як Пінск, як Салігорск, як Маладзечна, як Ліда. І ў малых гарадках.

Гэта тыя людзі, хто ездзіў да кавіду ў Расею, зарабляў там, пасля прывозіў грошы, каб утрымліваць сваю сям’ю.

Вось тое, што адбылося ў 2020 годзе, з майго пункту гледжання, сведчыла, што з’явіліся людзі, якія могуць пратэставаць супраць несправядлівасці і супраць ілжы.

Хлусня, якая была, яна прымусіла гэтых людзей выйсці на вуліцу. І Святлана Ціханоўская была толькі лозунгам. Толькі знаменем. Палітыкам яна стала ўжо пасля.

Потым я чуў розныя азначэнні тых працэсаў, якія адбываліся ў 2020 годзе, у тым ліку і нацыянальны ўздым, і нацыянальна-вызвольная рэвалюцыя і гэтак далей, і гэтак далей.

— Але як вы лічыце, ці было ўвогуле хоць нешта нацыянальнае, прынамсі на пачатковым этапе ў гэтым руху?

— Тады давайце размаўляць аб тым, які сэнс вы ўкладаеце ў слова нацыянальны.

Безумоўна, як вы правільна адзначылі, і я заўсёды гэта таксама казаў, людзі выходзілі супраць гвалту за празрыстыя сумленныя выбары, за праўду супраць ілжы.

Карацей кажучы, за тыя звыклыя, здавалася б, дэмакратычныя каштоўнасці, якія сапраўды ўсім хочацца, каб яны былі. Але пра нацыянальны складнік, размовы не ішло.

І калі людзі ўзялі ў рукі бел-чырвона-белы сцяг, то яны ўзялі яго выключна як знак пратэсту, а не як нейкую нацыянальную ці гістарычную каштоўнасць.

Ёсць беларусы як нацыя этнічная. Гэта тыя, хто па крыві, як кажуць, беларусы. У каго шэраг продкаў, 20 ці 30 генерацый за плячыма. Яны жылі тут. І вось яны, гэтыя людзі, ад тутэйшасці перайшлі да беларускасці, асэнсоўваючы, што яны не рускія, не палякі, не ўкраінцы, не летувісы. Хто мы такія? Мы беларусы.

Пасля мы можам казаць аб тым, што беларусы ёсць як культурная нацыя.

Этнічны рускі Лявон Пятровіч Баршчэўскі з’яўляецца тыповым прадстаўніком беларусаў як культурнай нацыі.

Гэта тыя, хто ўсведамляюць сябе як беларуса, хто спрабуе размаўляць па беларуску. Чытаць беларускія кнігі, слухаць беларускую музыку, вывучаць беларускую гісторыю і ствараць нейкі культурны прадукт. Тыя, хто выхоўвае сваіх дзяцей як малых беларусаў, каму важна, каб Гары Потэр быў на беларускай мове, не на англійскай, а на беларускай.

Вось гэта беларусы як культурная нацыя. І ёсць трэці ўзровень.

Беларусы як палітычная нацыя. Гэта тыя, хто разумее, што быць беларусам як прадстаўніком этнасу і як прадстаўніком культурнай нацыі мажліва, толькі калі ты бароніш сваю тэрыторыю сваю зямлю. Менавіта тут мы ўсе будзем адзіныя.

Нам няма дзе больш з’явіцца. Хто павінен бараніць беларускую культуру, беларускую мову, беларускую гісторыю? Мы. Мы, у тым ліку як дзяржава, як дзяржаўны інстытут.

Бо можна сказаць, англійскай ці кітайскай, ці рускай, ці польскай мове на тэрыторыі Беларусі нічога не пагражае.

А што можа пагражаць? Прабачце, колькі расейцаў жыве ў Расеі? Усе яны на якой мове гавораць? На расейскай.

Колькі кітайцаў жыве ў свеце, і ўсе яны ведаюць кітайскую мову. Што паляк, калі ён з’язджае са сваёй краіны, ён забывае пальшчызну? Ды ніколі. Дзвесце гадоў палякі не мелі сваёй дзяржаўнасці фактычна і захаваліся як нацыя, таму што захоўвалі сваю мову, сваю культуру.

Зараз у нас ёсць тэрыторыя. Хто яе кантралюе, мы з вамі не гаворым, бо гэта не справа ідэалагічная, гэта справа палітычная. Гэтая тэрыторыя, наколькі яна належыць беларусам і якім беларусам? Беларусам як культурнай нацыі ці беларусам як нацыі, пра якую спяваў Уладзімір Мулявін у сваёй «Пагоні» на вершы Максіма Багдановіча? Адракліся. Ад чаго? Ад культурніцкай складкі. Аб тым, што ёсць у іх, што больш ніхто, апроч нас і іх, бараніць не можа. Без асэнсавання гэтых дзвюх апошніх складак беларус беларусам не будзе.

Мы павінны перайсці ад стану культурніцкай нацыі, якая існуе большай часткай, на жаль, зараз у эміграцыі, да таго, што мы станем палітычнай нацыяй. А каб мы сталі палітычнай нацыяй, мы павінны перш за ўсё скончыць тое, што я назваў халоднай вялацякучай грамадзянскай вайной. Ад халоднай грамадзянскай вайны мы павінны перайсці да грамадзянскага міру.

Мы павінны зразумець, што таго, што мы адзін супраць другога, таго, што нехта кагосьці хоча выкінуць з краіны (мы будзем казаць, што нас з вамі выкінулі, бо тыя, хто застаўся, чакаюць, што, калі мы вернемся, мы іх пачнем выкідваць), вось гэтага быць не можа. Не павінны мы так рабіць. Не можа быць, каб пераможца атрымаў усё. Бо ўсё чалавек усё роўна не атрымае. І з сабой у іншы свет не аднясе.

—Што рабіць, каб беларусы пачалі цікавіцца беларускім і ўсведамляць сябе беларусамі?

— Трэба асэнсаваць сябе ў якасці беларуса. І трэба для самога сябе сказаць: „А што такое быць беларусам, што гэта?“

Стаяць навыцяжку і спяваць: „Мы, беларусы, мірныя людзі“? Ну, праспявалі раз, праспявалі два, а ў хату прыйшлі, і што з той песні захавалася? Нічога. Мы ўключылі НТВ і пачалі глядзець чарговы мянтоўскі серыял. І ўсё, і нічога не засталося.»

«Алесь Загорскі У. Караткевіча — мой калега. Ён філолаг. Караткевіч робіць галоўнай постаццю будучага нацыянальна вызвольнага паўстання філолага і паэта. Ён і філолаг, і адначасова паэт. І вось гэта вельмі важна.

Калісьці я прапанаваў сваім больш маладым сябрам, маладым амбіцыйным гісторыкам і літаратуразнаўцам зрабіць энцыклапедыю «Каласоў пад сярпом тваім». Як палякі зрабілі энцыклапедыю «Лялькі» Пруса.

Вось так нам трэба зрабіць энцыклапедыю «Каласоў». Нам трэба раскласці яе па персаналіях, па праблемах. Па словах паглядзець, як яна ўся складаецца ў адну карціну, бо гэта галоўная кніга, напісаная беларусам у дваццатым стагоддзі для беларусаў, і яе галоўная мэта — зрабіць так, каб беларусы адчулі сябе беларусамі.

Гэта не найлепшая кніга, напісаная Караткевічам. Найлепшая — «Ладдзя Роспачы». Але гэта ўсё роўна галоўная кніга. Вось ёсць чалавек, які кажа: «Дзе наша „Вайна і мір“? Гэта наша „Вайна і мір“.

Ніводнага лішняга слова няма ў „Ладдзі Роспачы“. У „Каласах“ ёсць. Там шмат саветызму. Там шмат міфаў, якія былі ў савецкай свядомасці, але там значна больш праўды.»

Калі Аляксандр Фядута сядзеў у Амерыканцы, ён перачытаў «Каласы пад сярпом тваім» і склаў невялічкі лексікон. Следчы прапанаваў перадаць сшытак з запісамі жонцы, але падмануў, не перадаў.

«Не таму, што хацеў мяне падмануць, а таму, што ён адчуў, што нешта там не так. Нешта варожае, нешта супраць яго, бо Караткевіч супраць яго. Караткевіч супраць таго, каб адны беларусы судзілі за праўду другіх беларусаў,» — кажа Аляксандр Фядута.

— Дарэчы, тыя беларусы, якія супраць беларускасці і праўды, ёсць у рамане Караткевіча. Гэта вельмі жорсткі ў гэтым сэнсе раман. Там шмат таго, праз прызму чаго можна паглядзець на сучасную Беларусь і сучасных беларусаў.

І я бараніў свае гэтыя сшыткі, так што ледзь не памёр. Не рукамі бараніў. Адзінае, што ў мяне было, я мог адмовіцца ад лекаў, я ад іх адмовіўся. І тое, што зараз я сябе адчуваю менавіта так, — гэта вынік гэтага, але Караткевіч перамог. Караткевіч заўжды пераможа. Я ў гэтым упэўнены.

Гэтыя сшыткі мне вярнулі. У мяне скралі іншыя сшыткі, якія я пісаў у калоніі. Дык тут нічога не зробіш».

Аляксандр Фядута звяртае ўвагу на тое, што ўлады выкідаюць за мяжу ў першую чаргу моладзь, «тых, хто сапраўды быў душой і тварам пратэстаў 2020». Надзвычай востра паўстае праблема пераемнасці пакаленняў. Ці застаюцца беларусамі тыя, хто вымушаны быў з’ехаць, а галоўнае — ці застануцца беларусамі іх дзеці? Таксама ёсць праблема недахопу ведаў пра сваю гісторыю сярод моладзі. На думку Аляксандра Фядуты, неабходна ствараць папулярную гістарычную літаратуру. Літаратуразнаўца прапануе заснаваць прэмію імя Генадзя Кісялёва і ўручаць штогод пісьменніку, які напісаў у мінулым годзе лепшы гістарычны твор пра Беларусь.

«Нам патрэбен свой Дзюма. Нам патрэбен свой Сянкевіч. Нам патрэбен новы сучасны малады Караткевіч. А калі няма сфармуляванага заказу, хто ж пісаць будзе?» — кажа Аляксандр Фядута. — Нам трэба, каб дзеці чыталі новага Караткевіча, каб у нас з’явілася гістарычная прыгодніцкая літаратура. Як Дзюма, нешта паспрабавала зрабіць Людміла Рублеўская. А хто небудзь вывучыў, як дзеці, як падлеткі яе Пранціша Вырвіча успрымаюць? Гэта вельмі важна. Што яны робяць пасля. Вось яны прачыталі пра Францішка Вырвіча, і куды яны пасля ідуць?

У дзяцінстве была ў мяне кніжка, напісаная беларусам для беларусаў Эрнестам Ялугіным, называлася яна «Мсціслаўцаў посах». Я даведаўся адтуль, хто такі Пётр Мсціславец. І не толькі. Я ўпершыню з гэтай дзіцячай кніжкі даведаўся, хто такі Францішак Скарына. І ў мяне была цікавасць. Што гэта? Пра якую гэта гісторыю? Пра гісторыю, пра якую мне ў школе не распавядалі, таму што ў нас не было асобнай гісторыі Беларусі. У нас была гісторыя СССР. Вось яе ў нас выкладалі вельмі добра. Гісторыі Беларусі няма.

Таму гэтыя пытанні, як актуалізаваць гісторыю у нашай свядомасці і ў свядомасці нашых дзяцей, гэта вельмі і вельмі важна.

Калі будзе існаваць гісторыя, у дзяцей не ўзнікне пытанне — а мы хто?

Чаму актуалізаваны подзвіг савецкага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны? Подзвіг быў? Быў. Народ быў савецкі? Савецкі. Пытанняў няма.

Але калі толькі гэта застанецца ў гістарычнай памяці, далей спяваць можна не "Мы, беларусы — дзеці Радзімы", а "Мы, беларусы — мірныя людзі" заўжды. Бо ваяўнічы народ — савецкі народ. А мы хто?»

На пытанне, ці трэба нам беларуская мова ў эміграцыі, Аляксандр Фядута адказвае:

— А навошта мне патрэбен быў Караткевіч, Калі я сядзеў на Валадарцы? Каб застацца самім сабой. Паспрабуй застацца самім сабой, не пераўтварыцца ў іншага. Я не кажу у нейкую пачвару — у іншага добрага чалавека, але зусім іншага. Цяжка.

Таму будзем чытаць Караткевіча. Сёння гэта наша нацыянальная ідэя. Усе чытаем Караткевіча.