Выходзіць кніга «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы», у якой вясковыя інтэр’еры паказаны праз фотаздымкі саміх інтэр’ераў, партрэты герояў, а таксама фота посцілак і ручнікоў, покуці і вышывак; і расповяды пра сваё жыццё 9-ці жыхароў розных пакаленняў з усёй Беларусі.

«Гэта гісторыя 80-гадовага Дзеда Касмача з-пад Валожына, які вылечыўся свянцонай вадой і малітвамі, у часы СССР, калі вера была пад забаронай; і знакамітай на ўвесь свет Бабы Каці (Кацярыны Аляксееўны Панчэні) з вёскі Пагост пра яе лёс і хату-музей, якая зрабіла для традыцыйнай культуры так шмат, і зведала столькі гора праз смерць сыноў; гэта і расповяды сясцёр Веры (якая не ходзіць) і глуханямой Мані Нікановіч, якія ўсё жыццё пражылі разамі і не зведалі кахання; і гісторыя 90-гадовай Нелі Міхнавец, закаханай у галубоў настолькі, што вышыла іх, напэўна, з 50 розных варыянтаў; і замовы шаптухі Веры Якаўлеўны Царыкевіч, якая лячыла шэптам нават дактароў і ад рожы, і ад укусу змяі; і маладая сям’я Шацёр, якая ў вясковай хаце пад Маладзечна сабрала адну з самых вялікіх калекцый посцілак і вышавання; і ўжо памерлая Алена Мікітаўна Музычэнка, якая жыла без святла і камунікацый у Чарнобыльскай вёсцы Барталамееўцы, куды вярнулася пасля адсялення ў гарадскую кватэру.
Таксама ёсць у кнізе два тэксты ад куратаркі Ганны Карпенкі пра фатаграфічны праект і архіў «Традыцыйны інтэр’ер» і ад фалькларысткі Таццяны Валодзінай пра адметнасць беларускага інтэр’ера», — напісалі стваральнікі праекта «Беларускі традыцыйны інтэр’ер» у сваіх сацсетках.




Кніга мае 272 старонкі на ангельскай і беларускай мовах. З яскравым каляровым дызайнам і шчырымі гісторыямі беларусаў.
Кошт кнігі складзе каля 60 еўра ці 200 беларускіх рублёў.
Спасылка на форму папярэдняй замовы кнігі тут.