Слуцкае паўстанне, або, як яго яшчэ завуць, Слуцкі збройны чын — яскравая старонка ў гісторыі Беларусі. Тады, у канцы 1920 года, падобна героям Антычнасці, беларусы паспрабавалі выступіць супраць у разы мацнейшага ворага. Але далёка не ўсе ведаюць акалічнасці, у якіх тая драма адбывалася. Таму, каб лепш іх разумець, давайце звернем увагу на некаторыя нетрывіяльныя дэталі.
Чаму менавіта Случчына?
Далёкі ад гісторыі чалавек можа задацца пытаннем — а чаму менавіта Случчына стала арэнай няроўнага і зацятага змагання мясцовых сялянаў з прыхаднямі-бальшавікамі, а не нейкі іншы беларускі рэгіён? Адказ даволі просты: колішні Слуцкі павет — гэта ў той час адна з найбольш заможных частак беларускай этнічнай прасторы. Людзі там мелі даволі высокі дабрабыт, адпаведна і ўзровень свядомасці ў іх быў на парадак вышэйшы за жыхароў іншых частак нашай краіны.
Адхіляючыся ад тэмы і звяртаючыся да азоў сацыялогіі: паводле навукоўцаў, нацыянальнае адраджэнне ніколі не распачынаецца там, дзе ёсць прыгон і галеча. Мусіць існаваць хаця б нейкая частка насельніцтва, якая добра жыве. З гэтага потым уласна і вырастае жаданне адасобіцца ў нешта «сваё» — плаціць падаткі не ў нейкі там «цэнтр», які незразумела як іх размяркоўвае, а свайму ўраду. Гадаваць дзяцей у сваёй культуры, а не ў культуры, навязанай прыхаднямі, і гэтак далей. Такім шляхам паўставалі ці не ўсе мадэрныя нацыі, якія знаходзіліся да гэтага ў складзе імперый. У тым ліку і тыя, што іх утваралі. Толькі там механізм быў адваротны — «сарцавіна» імкнулася адкінуць ускраіны, што яе нібыта «аб’ядалі».
Нашая Случчына тут абсалютна не ўнікальная — рэгіён, дзе людзі добра жылі з зямлі і маглі дазволіць даць сваім дзецям добрую адукацыю, «абудзіўся» яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Можна не верыць, але ў Слуцку адна за адной з’яўляліся самыя розныя грамадскія і культурніцкія суполкі з выразна беларускім характарам. Самая вядомая з іх — «Папараць-кветка».
Дала Случчына і многа беларускіх дзеячаў — акрамя тых, якіх абмяркуем ніжэй, можна яшчэ прыгадаць Фабіяна Шантыра і Язэпа Дылу. Першы быў камісарам па справах нацыянальных меншасцяў у першым урадзе БССР, але ўжо ў 1920 годзе быў расстраляны бальшавікамі. Другі быў у тым самым урадзе наркамам працы — у часы «беларусізацыі» зрабіў сабе вельмі неблагую кар’еру, але ў выніку зазнаў рэпрэсіі і быў высланы ў Саратаў, дзе і памёр у 1973 годзе.
Як пачыналася?
Слуцкае паўстанне было б немагчымым без вайны паміж Саветамі і палякамі 1920 года. Калі па першым часе бальшавікі вялі рэй і спадзяваліся ўзяць Варшаву, то пасля «цуду на Вісле» ў жніўні-месяцы стала зразумела — так проста польскае войска ім не адолець. Разбітая ўшчэнт Чырвоная армія кацілася тады назад на ўсход, а следам наступала войска Пілсудскага.
У кастрычніку 1920 года ў Рызе была падпісана часовая мірная дамова, якая ў перспектыве азначала падзел беларускіх земляў на савецкую і польскую зоны ўплываў. У выніку гэтай дамовы сам Слуцк павінен быў адысці да Саветаў, а заходняя частка павета з Нясвіжам і Клецкам уключна — да палякаў. Але калізія была ў тым, што палякі не надта спяшаліся сыходзіць з горада, як тое прадугледжвала дамоўленасць.
Гэтая нявызначанасць і дазволіла стварыць спачатку Беларускую Раду Случчыны, якая абвяшчала сябе ўладай на гэтай зямлі, а потым пачаць фармаванне Слуцкай брыгады стральцоў войска БНР. Дарэчы, а чаму БНР? Таму што случчакі лічылі менавіта Беларускую Народную Рэспубліку законнай уладай на Беларусі, а фактычна падтрымлівалі Найвышэйшую Раду БНР на чале з Антонам Луцкевічам.
У адрозненне ад Народнай Рады БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім, якая з пачатку лістапада 1920 года знаходзілася ў Коўне і была «пралітоўскай», урад Луцкевіча быў выразна «прапольскім». Пэўна, менавіта з гэтай прычыны польская цывільная і вайсковая адміністрацыя моўчкі назірала за ўсімі тымі працэсамі ў Слуцку і ніяк ім не замінала. Да ўсяго палякі былі не супраць «гібрыдных», як цяпер сказалі б, аперацый — ваяваць з бальшавікамі можна ж было і не сваімі рукамі.
На мабілізацыйны заклік адгукнулася каля 10 тысяч чалавек, але ўзброіць і экіпіраваць здолелі добра калі траціну. Па розных падліках Слуцкая брыгада, якая складалася з 2 палкоў, налічвала ад 2 да 4 тысяч чалавек. Першыя баі з бальшавікамі распачаліся 27 лістапада, а скончыліся ў канцы снежня 1920 года.
Не вытрымаўшы напору чырвоных, паўстанцы або разышліся па дамах, або перайшлі на польскі бок новапаўсталай мяжы. Там яны былі раззброеныя і змешчаныя ў адмысловыя лагеры, адзін з якіх быў у Беластоку. Менавіта з яго інсургенты дасылалі розныя карэспандэнцыі ў беларускія выданні з просьбамі паклапаціцца аб іхным далейшым лёсе.
Чаму не атрымалася?
Нягледзячы на высокую матываванасць случчакоў, сілы яўна былі не роўнымі. Да ўсяго ў паўстанцаў адсутнічала сталае забеспячэнне — вайна, як мы ведаем, справа дарагая. Не было ў іх і цяжкога ўзбраення, якое добра прыдалося б на лініі фронту.
Да ўсяго не было ўнутранага адзінства — ад першых дзён паўстання ў кіраўніцтве былі спрэчкі паміж беларускімі эсэрамі і прыхільнікамі генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Калі вельмі коратка, то гэта быў пяроспар паміж «ідэйнымі» і «авантурыстамі». Першыя лічылі, што ў змаганні трэба трымацца нейкіх прынцыпаў, другія меркавалі, што мэта мусіць дасягацца любымі сродкамі.
Не было і падтрымкі звонку, а калі яна і была, то насіла хутчэй сімвалічны характар. Таму ўнутры паўстання была атмасфера паняверкі, самоты і апрычонасці. Каб яе адчуць, дастаткова прачытаць аповесць Андрэя Федарэнкі «Нічые», дзе ўжо з самой назвы вынікае, аб кім пойдзе гаворка — героях, якія насамрэч нікому не патрэбныя. Або фільм «На чорных лядах», які быў зняты на пачатку 1990-х гадоў паводле двух апавяданняў Васіля Быкава — «На чорных лядах» і «Перад канцом».
Што было пасля?
Случчына так і заставалася рэгіёнам з выразным беларускім духам. Нягледзячы на рэпрэсіі бальшавікоў, якія адбыліся адразу пасля паўстання, беларушчына тут нікуды не падзелася. І праз некалькі гадоў прабілася зноў на паверхню.
Калі ў БССР абвесцілі палітыку «беларусізацыі», то па ўсёй рэспубліцы распачаліся адмысловыя курсы — краіне папросту не хапала кадраў для яе ўвасаблення. Найперш настаўнікаў, якія б маглі эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс. На курсы звычайна запрашаліся вядомыя асобы, якія ўжо зрабілі сабе імя ў беларускай справе.
У 1923 годзе такія курсы беларусазнаўства абываліся ў Слуцку. Сярод іншых на іх выступалі згаданы вышэй Язэп Дыла, а таксама Якуб Колас. Акурат там адбылося ягонае знаёмства з Юркам Лістападам — сціплым настаўнікам, які да гэтага паспеў не проста ўзяць удзел у паўстанні, але і быць сябрам Рады Случчыны.
Праз 3 гады, у 1926 годзе, яго і яшчэ некалькі чалавек будуць публічна судзіць. Разам з паплечнікамі ён створыць гурток, дзе будуць абмяркоўваць літаратуру, пісаць вершы і прозу і нават выдаваць саматугам часопіс. Нагодай для арышту стануць улёткі, якія маладыя людзі распаўсюджвалі ў родных мясцінах — яны заклікалі да ўзброенага паўстання супраць бальшавікоў і стварэння сваёй Беларускай Рэспублікі.
З улікам узросту маладзёнаў, суворае пакаранне ім замянілі, але ў выніку рэпрэсіі яны ўсё адно зазналі. Лістападу ўжо ў 1930-я гады прыгадалі ягонае мінулае і расстралялі. Забілі, але не скарылі...
Як склаліся лёсы паўстанцаў?
Лёсы ўдзельнікаў склаліся абсалютна па-рознаму. Нехта сцішыўся і затаіўся, робячы выгляд, што нічога такога і не было. Камусьці гэта дапамагло, а камусьці — не. Некаторыя з лідараў паўстання з часам вернуцца ў БССР.
Напрыклад, паверыўшы ў тое, што ў Савецкай Беларусі і праўда пануе беларускі лад, туды прыехалі Павел Жаўрыд і Уладзімер Пракулевіч. Па першым часе ўсё складвалася нібыта і добра — яны займелі неблагія пасады ў дзяржаўных установах. Але ў пачатку 1930-х усё перайгралася — ім прыгадалі ранейшыя правіны і арыштавалі па справе няіснага Саюза Вызвалення Беларусі, потым іх чакалі турма, высылка і расстрэл.
Былі і такія са случчакоў, хто далучыўся да падпольнага змагання з польскімі ўладамі ў шэрагах КПЗБ. Сустрэць такіх персанажаў можна ў «Кароткім нарысе беларускага пытання», які быў адмыслова складзены польскай дыфензівай, каб разумець, who is who у беларускім руху.
У любым разе маем файны прыклад з уласнай гісторыі, калі нягледзячы ні на што варта захоўваць вернасць ідэалам і дамагацца свайго.
Глядзіце яшчэ:
@_vytoki а вы ведалі пра Слуцкі збройны чын? #будзьмабеларусамі #беларускіцікток #слуцкізбройнычын #балаховіч #супраціў ♬ Epic Legend - Auracle