Вядомая настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку кранальны пост пра значэнне нематэрыяльных каштоўнасцяў такіх, як надзея, вера, любоў, мова і салідарнасць.
Фота са старонкі Ганны Севярынец у ФБ
Паслухайце. Людзям уласціва недаацэньваць нематэрыяльныя рэчы. Надзею, веру, любоў, мову, салідарнасць. Між тым толькі на гэтым трымаўся і трымаецца свет.
Жудаснае глупства і нават злачынства — думаць, што перамога здабываецца палкамі, дубінкамі, камянямі і кулямі. Перамога здабываецца верай, надзеяй, упэўненасцю і ўнутранай непахіснасцю.
Пачытайце, як падтрымліваюць нас палітвязні ў лістах. Не таму, што ў саміх унутраных рэзерваў цыстэрнамі. А таму, што гэта насамрэч важна — каб мы тут звонку былі ў маральным парадку.
Нічога не скончылася, усё ідзе. Але можа скончыцца, так.
Капітуляцыя будзе не тады, калі нехта некаму патэлефануе. Капітуляцыя здарыцца тады, калі апошні чалавек перастане верыць.
Пішыце лісты, падтрымлівайце тых, хто ў бядзе, пашырайце беларушчыну, у гэта цяжка паверыць, але яна нашае ўратаванне, не мы першыя ідзем гэтым шляхам, чалавецтва даўно праверыла вартыя і нявартыя шляхі да лепшага. Рабіце што можаце. Але не капітулюйце.
Якая розніца, хто і з якіх прычын каму тэлефанаваў. У іх там свае рамсы. Рэжымы трымаюцца ў тым ліку і на міжнароднай непераборлівасці, а падаюць — з-за невідавочных рэчаў.
Для мяне даўно барацьба перайшла ўнутр. Я перамагаю, пакуль я веру і раблю тое, што хачу і магу.