Ганна Златкоўская: «Знайсці свайго псіхатэрапеўта і супакоіцца»

12.05.2025
«Неверагоднае падарожжа, якое не хочацца спыняць» — так Ганна Златкоўская піша пра псіхатэрапію. Але гэта сёння, а калісьці яна, як і многія, лічыла, што да псіхолагаў звяртаюцца людзі, якім няма чым заняцца. Пра свой няпросты, але вельмі важны шлях да псіхатэрапіі Ганна распавядае ў тэксце.

Hanna Zlatkoŭskaja
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Чаму душы патрэбны лекар

Калісьці я лічыла, што да псіхолагаў звяртаюцца людзі, якім няма чым заняцца і ў якіх шмат грошай. Бо не сакрэт, што кожная сесія праходзіць не бясплатна, розніца толькі ў тым, што ў кожнага псіхатэрапеўта свой кошт. Навошта плаціць за размову, калі ў цябе ёсць сяброўкі? З імі ты знаёмы даўно, яны ўсё пра цябе ведаюць, заўсёды падтрымаюць неабходным словам. Часцей за ўсё гэта: «Усё будзе добра», ну а што яшчэ трэба?

Але я памылялася. Справа ў тым, што як у нашага цела ёсць лекары, так і душы неабходны доктар. Таму што «каб усё было добра», мы павінны разумець нашы пачуцці, нашы жахі і комплексы, каб упэўнена рухацца далей. 

Як ні дзіўна гэта прызнаваць, але мы сябе не так добра ведаем насамрэч. Часцей мы абапіраемся на тое, што адчуваем, пры тым не заўсёды разумеем прычыну той альбо іншай эмоцыі. Бывае, і хаваем іх ад людзей навокал, так і ад саміх сябе — такі вось парадокс. І ў нейкі момант апынаемся ў сітуацыі, калі мы буксуем, нібыта машына ў брудзе на дарозе без магчымасці рухацца далей.

Адна мая сяброўка, нягледзячы на тое, што ў яе былі ўсе прыкметы дэпрэсіі, лічыць жахлівым камусьці раскрываць сваю душу, расказваць пра дзяцінства і іншыя асабістыя рэчы. І хоць я гаварыла ёй, што вопытных псіхолагаў вельмі цяжка здзівіць, яна аднеквалася, маўляў, уся гэта тэрапія для слабых.

Але ўсё роўна наадварот: 

менавіта паход да душэўнага спецыяліста — вельмі моцны крок. Так, трэба быць мужным чалавекам, каб сесці перад незнаёмым, хай сабе і дыпламаваным спецыялістам, ды пачаць вытрасаць свае перажыванні.

Акей з сябрамі, а вось з псіхолагам — не, так лічаць многія, не разумеючы, што падтрымка блізкіх — гэта адно, а вось прафесійная дапамога — зусім іншае.

Шлях да псіхатэрапіі

Hanna ZlatkoŭskajaГанна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Мой шлях да псіхатэрапіі таксама быў нялёгкім. Аднойчы я зразумела, што не магу спраўляцца з сабою і сваімі думкамі, якія не давалі спакою. Было шмат трывогі і няўпэўненасці. Трэба было з кімсьці пагаварыць аб гэтым, але дакладна не з сяброўкамі, бо мне важна было пабачыць нешта большае, чым «усе будзе добра, менш разважай».

Я звярталася да некалькіх асоб, але праз нейкі час разумела, што мне няёмка з гэтым чалавекам, няма даверу — і я пакідала тэрапію. Нават трохі таксама расчаравалася: грошы плаці, а вынікаў няма. Але думка, што проста патрэбна знайсці свайго спецыяліста, заставалася, але я больш сама не шукала — стамілася. Пакуль аднойчы мне не даслалі вельмі добры водгук на маю першую кнігу ад адной псіхалагіні. Ён быў такі глыбокі і шчыры, вельмі мяне ўразіў. Мы пасябраваліся ў фэйсбуку, і я пачала чытаць пасты гэтай жанчыны. І з кожным адчувала, што мне вельмі блізкія яе рэфлексіі. Як ёй стала вельмі блізкай тая мая кніга. І аднойчы я напісала, запытаўшы, ці не хацела б яна паспрабаваць папрацаваць са мной.

Так, было страшна, хлусіць не стану. Але ў той момант я была быццам шафа са мноствам рэчаў, якія, калі дзверцы адчыніць, тут жа выпадуць на падлогу. Душа прасіла зрабіць парадак, але як гэта зрабіць — я не ведала.

Наша першая сустрэча мне спадабалася, я адчула зацікаўленасць і эмпатыю. 

Насамрэч з вашым псіхатэрапеўтам павінен здарыцца мэтч, такое нават фізічнае супадзенне, калі ваша цела станоўча рэагуе.

Я тады не планавала сустракацца, як гэта звычайна бывае, кожную нядзелю: так, вырашыла пытанне і пабегла далей.

Першы інсайт

Потым здарылася вымушаная эміграцыя, і мяне моцна накрыла. Але памятаю, што мне падавалася — гэта нармальна адчуваць сябе дрэнна, толькі прызнавацца ў гэтым не суперкрута, бо там, на радзіме, людзі з Акрэсціна выходзяць, а я тут соплі размазваю, седзячы ў нумары гатэля ў цэнтры Вільні. Паплачу — і пройдзе.

Добра, што Вольга сама неяк спытала, як мае справы. Я нешта адказала, а яе чуйка адразу адрэагавала, і яна прапанавала пагаварыць бясплатна, бо плаціць мне тады не было чым.

Высветлілася, што ў мяне дэпрэсія, але яшчэ не клінічная — добры знак. Толькі трэба ўсё роўна праходзіць тэрапію, можа, нават піць лекі. І мы пачалі працаваць з маёй параненай душой. 

Першы інсайт той размовы — што нельга параўноўваць сябе і іншых, каму горш: кожны чалавек заслугоўвае дапамогі.

Самае горшае ў дэпрэсіі або іншых душэўных перажываннях — гэта тое, што ты не паказваеш людзям, як табе дрэнна. У грамадстве ты — сабака-улыбака, у цябе, быццам бы, усё файна. А насамрэч — не. Там людзей забіваюць у кратах, таму гэтыя чорныя дзіркі ўнутры — такая дробязь. Табе нават самой бывае сорамна за іх. Гэта пастка, у якую трапляеш, бо звонку, нібыта граеш ролю «нармальнага чалавека», а ўнутры застаецца зусім мала святла для сябе.

У такой сітуацыі і блізкім цяжка, бо яны могуць нават не заўважаць, наколькі ўсё дрэнна, або не разумець, як правільна дапамагчы. А адзінае правільнае, на мой погляд, — бегчы да псіхолага.

Самае цікавае толькі наперадзе

Тут, мяркую, трэба растлумачыць, у чым жа розніца паміж псіхолагам і сяброўкай?

Ведаеце, праз некалькі сесій, памятаю, я загадзя ў думках планавала нашу размову з Вольгай. Была ўпэўнена, што ўжо сама ўсё ведаю і каму трэба, змагу правесці псіхалагічную сесію. Наіўная. Рэакцыя псіхатэрапеўткі была заўсёды непрадказальная. Яе пытанні і разважанні адкрывалі мне такія патаемныя кішэні, што я кожны раз толькі здзіўлялася. Але ўсё больш улюблялася ў тэрапію, адчуваючы, як мяняюся, хай сабе і маленькімі крокамі. 

Hanna ZlatkoŭskajaГанна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Зазіраючы ўнутр сябе, я нарэшце змагла навучыцца не гнабіць сябе за зробленыя памылкі. Любіць усе бакі сваёй асобы, беражліва ставячыся нават да цёмнай маёй часткі. Таксама стала больш чуллівай да іншых людзей, бо ў кожнага з нас столькі ўнутраных жахаў і бар’ераў.

Цікава, што псіхатэрапія — гэта на ўсё жыццё, няма кропкі — «бывай, здаровы чалавек». Бо размовы з душэўным спецыялістам — гэта магчымасць развівацца, вырашаць складаныя пытанні, спазнаваць жыццё і нашы пачуцці — заўсёды неверагоднае падарожжа, якое не хочацца спыняць.

Трэба толькі знайсці свайго псіхатэрапеўта і супакоіцца. Самае цікавае цяпер толькі наперадзе. Нават калі будзе трошкі балюча. Але побач будзе чалавек, які беражліва пройдзе з табою шэрыя зоны, каб аднойчы выйсці на святло. Паверце мне, я ведаю, аб чым гавару.

Ганна Златкоўская, Budzma.org