Пісьменніца Ганна Златкоўская рапавядае пра свой досвед эміграцыі. Як праз боль, клопаты, складанасці, вечнае адчуванне, што ты чужы, знайсці шлях да сябе і стаць шчаслівым. Бо «дзе б ты ні быў, твае мары заўсёды застаюцца з табою — іх ніхто ніколі не зможа забраць».
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Эміграцыя — гэта такі досвед, калі кожную хвіліну адчуваеш сябе чужым. Быццам табе дазволілі нейкі час пажыць у гасцях: вось пакой, вось ложак, на кухні бяры неабходныя рэчы для ежы, там ванная, карацей, самі разбірайцеся.
А каб разабрацца, трэба бясконца задаваць пытанні і пытаць дазволу. А дзе рондаль? А куды кладуць папяровае смецце? Ці можна скарыстацца вашай патэльняй? Наша засталася дома, а новую яшчэ не паспелі набыць. І так кожны раз зноў і зноў — гэта вельмі стамляе. Нават калі трохі разбярэшся, дзе што, усё роўна будзеш ведаць, што гэта не твой дом і правы твае ў ім абмежаваныя, хаця гаспадары будуць запэўніваць, што ты такі ж, як яны. Але не.
Асабліва гэта адчуваецца, калі апынаешся ў кампаніі мясцовых. Яны гавораць на сваёй мове, абмяркоўваюць нейкія навіны, якія тычацца іх краіны, жартуюць паміж сабой, а код іх жарту ты не разумееш. Прыемныя людзі, якія нават намагаюцца пагутарыць з табой, але што ты ім можаш сказаць? Выдаеш захапленне краінай, трошкі гаворыш пра праблемы, а далей — у цябе там свая радзіма. Усё добрае і благое засталося там, але яшчэ ляжыць, нібыта заплечнік, на тваёй спіне.
Эмігрант — гэта чалавек, які доўгі час цягне чамадан без ручкі з сабой. Выкінуць яго азначае назаўсёды прызнаць, што ты развітаўся са сваім домам, і мары аб вяртанні канулі ў мінулае. Ці не здраднік?
Але не гэта галоўнае выпрабаванне.
Твой асабісты галоўны іспыт — быць насуперак усяму шчаслівым. Вось такі шчаслівы госць, які задаўбаўся пытаць дазволу і не ведаць усіх бюракратычных падрабязнасцей, але адчувае, што кожны дзень — гэта цуд.
Цікавае падарожжа, нават кінастужка, у якой ты — галоўны герой, якому трэба годна перажыць кожны сюжэтны паварот. Было жыццё нармальнае, стала захапляльнае.
Бо насамрэч так, нягледзячы на ўсе складанасці. Таму што, калі мы жадалі перамен у сваёй краіне, трэба было адразу зразумець, што кожная змена цягне за сабой іншы досвед, іншыя шляхі. Яны не будуць адразу роўныя, без выбоін, без сюрпрызаў і нечаканасцяў. Але гэта нешта новае — вось у чым сэнс.
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Ёсць карыснае практыкаванне: кожны дзень запісваць свае дасягненні, нават калі ты прыгатаваў вячэру, прайшоў 10 000 крокаў, пачытаў кнігу, пералічыў 5 еўра ў фонд дапамогі палітвязням. Тое, што на першы погляд здаецца зусім маленькім, але твае асабістыя дзеянні сённяшняга дня. Мяркую, у кожнага эмігранта такіх дзеянняў будзе зашмат — запаўненне дакумента ў міграцыйную службу ўжо вялікі чэлендж. Фішка ў тым, што, запісваючы гэтыя дасягненні, разумееш, як шмат ты робіш, нягледзячы на тое, што на душы кошкі драпаюць кіпцюрамі.
Калі б нехта ў мінулым сказаў, колькі ўсяго ты зможаш рабіць у новай краіне, не паверыў бы, праўда?
А новыя знаёмствы? Падарожжа на мора ці да краін-суседак? Вывучэнне іншай мовы і першая пахвала ў краме ад прадаўшчыцы: «От малайчына, сказаў!».
Маленькія дробязі, фіксуючы якія, адчуваеш, што ўвогуле ты шчаслівы чалавек. Хай сабе і чужы, хай і сумуеш па нармальным жыцці, у якім не было амерыканскіх горак, а толькі карусель «Ракавінкі». Зараз ты даследчык, дапытлівы жыхар, які адчувае сваю супермоц — не кожнаму чалавеку ў жыцці выпадае перажыць такое.
Тым больш, што побач такія ж трошкі разгубленыя сябры і родныя. Вы разумееце адно аднаго, і жарт мігрантаў мае асаблівы шыфр — зразумеюць толькі свае.
Быць чужым, але быць шчаслівым? Можна. Калі дазваляеш сабе радавацца поспехам маленькіх падзей, калі дзякуеш кожнаму адкрыццю (а іх да халеры ў эміграцыі).
А дзе б ты ні быў, твае мары заўсёды застаюцца з табою — іх ніхто ніколі не зможа забраць.
На Эверэст узбіраюцца толькі самыя зацятыя, у эміграцыі выжываюць самыя ўпартыя... да радасці людзі. І толькі так.
Ганна Златкоўская, Budzma.org